Хто першым прыйдзе да фінішу?

- 13:49Дадатковая адукацыя

Агульны аб’ём гульнявой індустрыі ў свеце расце з кожным годам. У 2019 годзе ў параўнанні з 2018-м — на 7,2%, у 2020-м — ужо на 19,6%. Гульні любяць дзеці, моладзь і дарослыя. На розных носьбітах, рознай тэматыкі і складанасці. На гарадскім фестывалі гульнятэхнікаў “Вясёлка-2021”, які праводзіў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, школьнікі паказалі свае першыя напрацоўкі ў гэтай сферы і, магчыма, натхніліся на наступныя.

Мультымедыя ў дапамогу

Антон Лявонаў.

Фестываль існуе ўжо каля 30 гадоў. Са студзеня па сакавік у кожным раёне Мінска праходзяць адборачныя этапы, пераможцы якіх трапляюць на гарадскі. Сёлета ў рамках фестывалю прайшлі тры конкурсы. Першы — “Мультымедыйная гульня”.

Мікіта Папоў з сярэдняй школы № 202 стварыў гульню “Беражы грошы замалада”. “Ідэя зарадзілася, калі я знаходзіўся ў лагеры “Зубраня” на змене “Бізнес-БУМ”. Яна вельмі простая — зберагчы грошы людзей. У гульні ёсць некалькі станцый, дзе трэба адказаць на пытанні па фінансавай дасведчанасці. Напрыклад, сітуацыі: пры зніманні грошай у банкамаце вы не можаце дастаць картку. Што рабіць? Ці ў холе вучэбнага цэнтра вы знайшлі банкаўскую картку. Вашы дзеянні?”

Яна Андраюк, навучэнка гімназіі № 39, як чалавек, апантаны музыкай, паказала гульню Feel the rhythm. Дзяўчына ўзяла за аснову шоу “Пашазамім”, прыдумала свае катэгорыі (“Топ Tik-Tok”, “Блогеры”, “Хіты-2020”, “Замежныя”) і давала на адгадванне трэка 10 секунд. У кожнай катэгорыі — пяць нот, якія прыносяць ад 10 да 50 балаў. Ёсць дзве бонусныя групы: хіты 2000-х і топ “УКантакце”. “Я адбірала музыку з топа УК, па перавагах маіх аднакласнікаў і вучняў з іншых класаў. Было некалькі пробных мерапрыемстваў, дзякуючы якім склалася канчатковая калекцыя трэкаў. Калі гульня будзе запатрабаванай, думаю, дададуцца не толькі новыя песні, але і новыя катэгорыі”.

Па такой жа сістэме, але пра кіно стварылі гульню навучэнкі сярэдняй школы № 87 Марыя Чарнавушка і Валерыя Кармільчык. Дзяўчаты вылучыліся сярод іншых удзельнікаў падачай: выкарыстоўвалі фразы з фільмаў, вялі дыялог адна з адной і з залай, аднолькава апрануліся. Нават спецыяльна да конкурсу раздрукавалі майкі з назвай гульні — “Пойдзем у кіно, Аксана!”. Гульня складаецца з двух раўндаў і супергульні. У кожным раўндзе трэба адказаць на пытанні па розных катэгорыях: кіно па сцэне, кіно па кадры, фільм па фразе, акцёры савецкага кіно і г.д. У супергульні даюцца пытанні з варыянтамі адказаў. Дзяўчаты рабілі заданні па папулярных фільмах і тых, што глядзелі самі. Дарэчы, і Марыя, і Валерыя лю­бяць баевікі і фантастыку. Абедзве ўключылі ў свой топ тры часткі “Мсціўцаў”.

Яшчэ адну гульню пра кіно прадставіла Настасся Глобаж, выхаванка ЦДАДіМ “Ранак”. “1 этап — кінарэбусы. Ёсць 9 картак, у кожнай — тры карцінкі-асацыяцыі, па якіх трэба адга­даць фільм. 2 этап — праглядзець урывак з фільма і зразумець ці прыгадаць, што будзе далей. 3 этап — толькі па вачах пазнаць акцёра ці актрысу. 4 этап — праслухаць саўндтрэк і адгадаць, з якога ён фільма. У фінале гульцы глядзяць нарэзку сцэн з мультфільмаў, запамінаюць і называюць іх як мага больш”.

Гульня “Знайдзі свой элемент”.

Сваімі рукамі

Другі конкурс — “Мая гульня” на лепшыя настольныя гульні, гульні-галаваломкі, гульні-атракцыёны — парадаваў рознымі тэмамі і падачай.

Фёдар і Захар Лаўрыновічы з гімназіі № 35 стварылі настолку “Пандэмія”, каб незаўважна нагадаць пра правілы гігіены і правілы паводзін ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруса. “Мы зрабілі яе як звычайную “хадзілку”. Поле намалявалі алоўкамі, расфарбавалі і абвялі каляровымі ручкамі. На гульні напісаны правілы, на­прыклад: “захоўвай дыстанцыю”, “стала дрэнна — набяры 103”, “пазбягай натоўпу” і г.д.”, — расказвае Фёдар. У якасці фігурак — вірусы з пап’е-машэ, якіх браты зрабілі самі. Кожны вірус яны апранулі ў намаляваную маску, каб тыя нікога не заразілі. Перад пачаткам гульні ўдзельнікам прапаноўваюць надзець маску і апрацаваць рукі антысептыкам.

Гульня “Лоўкія васьміножкі” — гэта невялікая размінка для пальчыкаў ад Лізаветы Радчанка з сярэдняй школы № 73.

У бляшанку высыпаюць рознакаляровыя жамчужыны, удзельнікі (іх двое) надзяваюць на пальцы папяровыя шчупальцы і збіраюць шарыкі ў накрыўкі. У каго больш, той і перамог.

Гульня “Рака часу”.

Антон Лявонаў і Дзяніс Архіпед, навучэнцы сярэдняй школы № 118, прэзентавалі гульню “118”. “Трэба па чарзе даставаць з калоды карты, на якіх намаляваны монстры, і прыдумляць ім імёны. Ёсць галоўны гулец, яму прысвойваецца жэтон. Усе ўдзельнікі пішуць свае варыянты імёнаў, пасля іх выкладваюць і адгадваюць, як монстра назваў галоўны гулец. Хто адгадаў, атрымлівае пэўную колькасць балаў, астатнія — па адным. Пры паўторным выпадзенні гэтага монстра хто першы назаве загадзя прыдуманае яму імя, атрымлівае яшчэ балы. Гульня вядзецца да пэўнай колькасці ачкоў ці пакуль не скончыцца калода”, — расказвае Антон. Ёсць імянныя карты, якія маюць свае асаблівасці. Напрыклад, калі чалавек выцягвае Басяка, то яго балы анулююцца, калі Буржуя, то атрымлівае 5 ачкоў. Гульня больш падыходзіць для сяброўскага кола, калі ты ўяўляеш, як твой сябар можа назваць монстра, і сам прыдумваеш больш смелыя варыянты.

Гульню, якую можна выкарыстоўваць на ўроках хіміі, распрацавалі Вераніка Пятровіч і Софія Вашкевіч з гімназіі № 174. “Знайдзі свой элемент” — гэта калода карт з рознымі хімічнымі элементамі і дапаможныя табліцы Мендзялеева, рэакцый і пастаяннай валентнасці. У пачатку кожны гулец атрымлівае па 6 карт, з якіх трэба скласці нейкі элемент. “За рэакцыю злучэння і раскладання даецца 1 бал, замяшчэння — 2, абмену — 3. Пасля кожнага круга ­ўдзельнікі дабіраюць карты да шасці і скідваюць адну, каб абмяняцца з іншымі гульцамі. Карта Джокера можа замяніць любы элемент”, — тлумачыць правілы Вераніка.

Працягвае школьную тэматыку Таццяна Гейц, навучэнка сярэдняй школы № 114 імя Сімона Балівара. Тут у нас — англійская мова і гульня Live and Learn. Гэта “хадзілка” з рознакаляровымі палямі. Сінія і чырвоныя — звычайныя заданні, складанасць якіх можна выбраць самастойна. За іх даецца ад 10 да 50 балаў. Поле са сцягам Вялікабрытаніі — прапанова згуляць у “Сваю гульню”. На англійскай, канечне. Калі трапляеш на чорны прамавугольнік, то выбіраеш адну з картак. Яна можа як прывесці да перамогі, так і патапіць. “Калі гулец поўнасцю спраўляецца з заданнем, то атрымлівае колькасць балаў, якую выбраў. Калі выконвае частку, атрымлівае частку. Калі нічога, то ідзе назад. Выбраў заданне на 50 балаў — значыць, на 5 клетак назад”, — дзеліцца Таццяна.

Са сцэны

Апошні конкурс “Гульня-хвілінка” — гэта фрагменты гульнявых праграм ці паўнавартасная гульня з залай. За 7 мінут разварушыць гледачоў — задача нялёгкая, але не для ўдзельнікаў фестывалю.

Выхаванец ЦДАДіМ “Арт” Пётр Лаўрэцкі прапанаваў вызначыць, хто больш круты, дзяўчынкі ці хлопчыкі, у гульні “Вясёлы дзвіж”. Пад музыку ўсе паказвалі, што любяць рабіць, але памяняўшыся ролямі: хлопчыкі фарбавалі вусны, папраўлялі валасы і рабілі сэлфі, а дзяўчынкі гулялі мускуламі. Затым каманды называлі татаў і мам дзіцянят жывёл па карцінках. У канцы залу чакала агульная актыўнасць — невялікі танцавальны флэш-моб.

Фёдар і Захар Лаўрыновічы.

У раённым этапе фестывалю ўдзельнічала 86 каманд, толькі 48 з іх прайшлі ў гарадскі. На конкурсе “Мультымедыйная гульня” выступіла 8 каманд, на “Маёй  гульні” — 31 і на “Гульні-хвілінцы” — 9.

Мар’яна Варанкова з гімназіі № 30 імя Героя Савецкага Саюза Б.С.Акрэсціна звярнула ўвагу на тэму тайм-менеджменту і на развіццё пачуцця часу. Дзяўчына паўстала перад гледачамі ў якасці ці то чараўніцы, ці то захавальніцы ракі часу, якую трэба было прайсці гульцам. Правілы праходу простыя і знаёмыя большасці: паказаць слова на паперцы толькі з дапамогай рухаў і мімікі. Ад звычайнага “Крака­дзіла” гульня адрозніваецца розным часам на дэманстрацыю. Якой гранню самаробны куб упадзе ўверх, столькі секунд і даецца ўдзельнікам. Максімум — 25, мінімум — 5.

Каб перамагчы ў гульні Ганны Назарчук, навучэнкі сярэдняй школы № 51, толькі што створаным калектывам трэба было стаць сапраўднымі камандамі. Вядучая раздала на каманду пэўную колькасць паперак з літарамі, зачытвала пытанні і назірала, хто хутчэй пакажа правільнае слова. Здаецца, усяго чатыры літары (напрыклад, у слове “твар”) і справіцца можна за 2 секунды. Але пакуль кожны знойдзе пэўную літару, пакуль перадасць іншаму, бо інакш будзе не той парадак, — ужо і 10 секунд мінула.

Рознакаляровыя, яркія і гучныя Аліна Шкроб і Таццяна Бурло з ЦДАДіМ “Вікторыя” ўварваліся на сцэну са словамі “Вы гатовы запальваць?!” Твіст, агеньчыкі, крок направа, крок налева, рок-н-ролл — і самы масавы танец свята гатовы. А пад жывую музыку рухацца ўдвая прыемней.

Умацаваць здароўе “Вітамінным ударам” прапанаваў Глеб Вабішчэвіч з гімназіі № 29. Пачалася гульня з размінкі, калі трэба было пэўнай часткай цела падкідваць паветраныя шарыкі. Затым дзеці падзяліліся на дзве каманды і праз канат перакідвалі шарыкі на бок саперніка. Хто больш закіне, той і перамог. Аперацыя “Чыстая падлога”, калі трэба было сабраць як мага больш “вітамінак”, завяршыла гульню.

Імёны пераможцаў усіх трох конкурсаў можна паглядзець на сайце Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.