Хто вырашыў, што ў вучобе і на рабоце заўсёды цяжка?

- 7:33Сацыяльны ракурс

Набліжаецца верасень, а гэта значыць, што ў дзверы жыцця настаўніка стукае новы навучальны год. Надыходзіць час змены настрою з адпускнога на працоўны. Для таго каб гэты працэс прайшоў плаўна і натуральна, будзем разважаць сёння аб некаторых нюансах, тонкасцях, паўтонах нашай педагагічнай работы, якія напаўняюць яе сэнсам і чалавечнасцю. Іншымі словамі, будзем рыхтаваць сваю душу да зносін з дзецьмі, бацькамі, калегамі…

Перш за ўсё ўспомнім аб тым добрым, радасным, што выклікала станоўчыя эмоцыі, здарылася ў мінулым годзе. Можа, вашы вучні здзяйс­нялі добрыя ўчынкі, падтрымліваючы вас і аднакласнікаў; вынаходзілі важныя чалавечыя ісціны. А можа, вам пашчасціла пераканацца ва ўласнай педагагічнай мудрасці? Напэўна, вы ўдала выступалі на педагагічным савеце, метадычным аб’яднанні ці бацькоўскім схо­дзе! Магчыма, вы ўдзельнічалі ў рабоце навукова-практычнай канферэнцыі ці прафесійным конкурсе і знайшлі сяброў ці аднадумцаў. Можа, менавіта вам удалося падарыць свой бясцэнны педагагічны вопыт іншым ці нават стварыць уласны педагагічны праект і абараніць яго. Дастаткова ўспомніць, што да вас з сімпатыяй ставяцца дзеці, бацькі і калегі, як вашы думкі радасна настрояцца на будучую важную і цікавую педагагічную работу.

На фоне станоўчых эмоцый задумаемся над наступным: якое месца ў сучаснай культуры займаюць эмоцыі? Беларускі вучоны-псіхолаг І.М.Андрэева адказвае на гэтае пытанне так: “Эмоцыі ў нашым грамадстве апускаюцца ў іерархіі каштоўнасцей усё ніжэй. Яны не патрэбны, таму што перашкаджаюць поспеху. У сучаснай культуры галоўная роля адводзіцца ведам, а праяўленне ўласных пачуццяў разглядаецца як недастатковая выхаванасць, сведчанне нізкага ўзроўню інтэлектуальнага развіцця. У грамадстве штучна ўкараняецца культ рацыянальных адносін да жыцця… У школе навучанне дзяцей зводзіцца да элементарнай пісьменнасці. Эмацыянальнае жыццё дзіцяці вынесена за рамкі педагагічнага працэсу. І настаўнікаў, і баць­коў у першую чаргу цікавіць не тое, што перажыло і адчула дзіця на працягу дня, а атрыманыя ім адзнакі”. Ці пагодзіцеся вы з такімі высновамі? Ці адпавядаюць яны вашым жыццёвым назіранням? Калі справы ў вашай адукацыйнай установе знаходзяцца менавіта ў такім стане, то неабходна зразумець, што ў гэтым выпадку прапускаюцца магчымасці для сапраўды трывалага засваення ведаў.

Адным з першых у заходняй псіхалогіі на матывацыйную ролю эмоцый указаў Р.У.Ліпер. Ён выказаў меркаванне, што эмоцыі — гэта першапачатковыя матывуючыя фактары, паколькі дазваляюць стымуляваць актыўнасць (у тым ліку і разумовую), падтрымлі­ваць яе і кіраваць ёю. Прамое ўказанне на матывацыйнае значэнне эмоцый зрабіў сусветна прызнаны даследчык эмоцый К.Ізард: “Эмоцыя — гэта нешта, што перажываецца як пачуццё, якое матывуе, арганізоўвае і накіроўвае”. Вучонымі даказана, што ўласныя эмоцыі і эмоцыі навакольных дазваляюць дзіцяці арыентавацца на іншага, усведамляць суб’ектыўнае значэнне падзей, якія адбываюцца. У працэсе выхавання трэба  ўлічваць  неабход­­насць развіцця эмацыянальных здоль­насцей дзіцяці для станаўлення яго ўяўленняў аб маралі. Менавіта інтэлектуальная ацэнка эмацыя­нальнай інфармацыі дазваляе знайсці залатую сярэдзіну паміж “добра” і “дрэнна”. Старажытнагрэчаская мудрасць гаворыць, і мы цалкам згодны з ёй: “Калі чалавек не засвоіў навуку дабра, для яго дарэмная любая іншая навука”.

Наш дыялог, дарагія чытачы, падвёў нас да тэмы, якую вучоныя-псіхолагі ўсяго свету лічаць найбольш актуальнай для ўдасканалення адукацыйнага працэсу. І не толькі яго, але і якасці чалавечага жыцця ў цэлым у любой краіне. Змест праблемы такі: як заха­ваць гармонію паміж эмацыя­нальным і інтэлектуальным светам чалавека. У навуцы з’явіўся нават новы тэрмін — эмацыянальны інтэлект, які абазначае неад’емную сувязь паміж адзначанымі сферамі чалавечай псіхікі. Абагульняючы многія вядомыя вызначэнні, можна сказаць, што людзі з высокім узроўнем развіцця ЭІ валодаюць выяўленымі здольнасцямі да разумення эмоцый (уласных і іншых людзей), выяў­лення эмоцый і да кіравання эмацыянальнай сферай, што садзейнічае добрай прыстасаванасці і эфектыўнасці ў зносінах і дзейнасці. Каб чытачы яшчэ лепш прынялі ЭІ, які даўно існуе ў жыцці, але нядаўна стаў прадметам уважлівага вывучэння вучоных, спашлёмся на самае чалавечнае і яркае тлумачэнне сутнасці ЭІ вучоным Н.Е.Насенка. ЭІ — гэта форма выяўлення пазітыўных адносін чалавека да свету (свет, у якім чалавек можа ажыццяўляць паспяховую жыццядзейнасць); да іншых лю­дзей (як да тых, хто заслугоўвае добрых адносін); да сябе (як да здольнага самастойна вызначаць мэты ўласнай жыццядзейнасці, актыўна іх ажыццяўляць і які дастойны самапавагі).

Педагог з высокаразвітым эмацыянальным інтэлектам разумее: чым больш добрых эмоцый атрымае вучань ад урока, тым больш добрага настрою, ініцыятывы і энтузіязму прынясе на іншы. У дзіцяці ці падлетка будзе больш стымулаў вучыцца далей і выкарыстоўваць у жыцці тое, чаму навучыўся. Эмоцыі — гэта важны фактар матывацыі. Нездарма ў праваслаўнай традыцыі лічыцца важным, каб кантакты з дзецьмі ў працэсе навучання і выхавання былі напоўнены любоўю і цярпеннем. З пункта гледжання псіхалагічнай навукі, здаецца слушным дзяленне адукацыі ў рамках праваслаўнай традыцыі на адукацыю розуму, адукацыю волі, адукацыю сэрца. Адукаванаму педагогу і мудрым бацькам не можа не спадабацца парада з гэтай педагогікі: “Вучыць трэба без раздражнення. Раздражнёны настаўнік не ву­чыць, а разд­ражняе”. Важна, калі дзеці на ўроках жывуць не толькі інтэлектуальным жыццём, але і эмацыянальным. Забарона асобных эмоцый, эмацыянальнага жыцця ў цэлым прыводзіць да фізіялагічных і эмацыянальных парушэнняў. Назапашаныя эмоцыі праяўляюць сябе як боль, непрыемныя адчуванні і нават псіхасаматычныя захворванні.

Той, хто не ўмее разумець, што адчувае, да месца выказваць свае эмоцыі, часцей звяртаецца да насілля як да сродку вырашэння канфліктаў.

Мы ўжо дастаткова матывавалі нашых чытачоў да ўдасканалення свайго эмацыянальнага інтэлекту. Цяпер дарэчы бу­дзе прапанаваць некалькі парад і практыкаванняў, якія дазваляюць удасканаліцца.

1. Дадайце пахвалы і яркіх фарбаў у навучанне. “Патрэбнасць у прызнанні — адна з тых умоў, на якіх грунтуюцца самыя незвычайныя таленты”, — сказаў Ота фон Бісмарк. Калі мы ад душы хвалім, мы выклікаем у сэрцы дзіцяці і настроі класа радасць, дорым дзецям дадатковую энергію, ствараем свята. А хто вырашыў, што ў вучобе і на працы заўсёды цяжка?

Працэс можна фармаліза­ваць.  Напрыклад,  самаму  ярка­му  ўдзельніку   ўрока прысвой­­ваць  званне “Сонейка” і выда­ваць медаль ці пасведчанне. Напрыканцы ўрока дзяка­ваць дзецям за нешта асаблівае,  што яны ўнеслі ў работу групы: пытанне, рэпліку, дадатковую інфармацыю, адпаведны прыклад са свайго вопыту, памылку, якая дапамагла ўсяму класу лепш зразумець матэ­рыял. Гэтае асаблівае заўсёды можна і трэба знайсці. Напрыканцы дня ці ўрока давайце магчы­масць вучням зрабіць адно аднаму кампліменты, якія тычацца асобасных праяўленняў, важных для навучання. Папярэдне варта навучыць дзяцей правільна іх фармуляваць, каб не атрымалася антыкамплімента. Аднак самая галоўная ўзнагарода школьніку — гэта пахвала ці камплімент педагога, які шчыра радуецца поспехам сваіх падапечных. Таму прааналізуйце, як часта вы хваліце навакольных. Наколькі вам уласціва праяўляць радасць за поспехі іншых? Як вы гэта робіце? Што вас абмяжоўвае? Што можа вам дапамагчы ў праяўленні радасных эмоцый для падтрымкі сябе і іншых? Успомніце, якія “хвалебныя” словы, практыкаванні ведаеце і можаце выкарыстоўваць для сябе і вучняў у адукацыйным працэсе. Падумайце, як дапоўніць вашу калекцыю новымі знаходкамі.

2. Педагогі-пачаткоўцы і педагогі з любым іншым стажам работы, не бойцеся памыляцца ці сказаць, што гэтага вы не ведаеце! Ад ТАКОЙ смеласці і шчырасці вы набу­дзеце больш павагі калег і вучняў, чым нават можаце сабе ўявіць. Дарэчы, і псіхалагічнае, і фізічнае здароўе захаваеце. ­Вільям Сомерсет Моэм не адразу зразумеў гэтую простую ісціну. Вось што ён напісаў з гэтай нагоды: “Мінула вельмі шмат часу, перш чым я зразумеў, як гэта проста — шчыра прызнацца: “Гэтага я не разумею”.

3. Не будзьце занадта сур’ёзнымі, хаця педагог і займаецца сур’ёзнымі справамі. Каб быць узброеным, чытайце шмат кніг, збірайце цытаты, выпадкі, гісторыі з сучаснага жыцця і мінулага. Падумайце, якія жарты, байкі, прытчы, афарызмы, цытаты могуць упрыгожыць ваш урок. Якія паняцці можна патлумачыць пры дапамозе гумарыстычных выказванняў? Дзе звычайна ўзнікаюць складаныя моманты і як можна разрадзіць атмасферу? Таму што ўрок — гэта зносіны. Лепш калі яны будуць натуральнымі і выклікаюць станоўчыя эмоцыі. Калі збіраецеся на ўроку выкарыстоўваць што-небудзь вясёлае, майце на ўвазе, што патрабаванні да вясёлага не менш строгія, чым да сур’ёзнага:

— тлумачыць тое, што мы маем на ўвазе;
— узмацняць думку;
— падкрэсліваць галоўнае;
— падсумоўваць нашы словы;
— быць зразумелым усім.

4. Не выкарыстоўвайце натацыі ў сваёй практыцы. Мудрацы кажуць: “Той, хто жадае заслужыць давер, павінен пастаянна імкнуцца да ­дыя­лога”. Давер дзяцей і падлеткаў — паветра нашай прафесіі. Таму, настройваючыся на новы навучальны год, адкажам сабе і на пытанні, каб паспяхова замяніць натацыі дыялогам:

1. Як растлумачыць матэ­рыял, каб вучні зразумелі і не сумавалі?
2. Як дабіцца таго, каб падвядзенне вынікаў не стала натацыяй?
3. Як выказаць сваю думку не пагардліва, а на роўных?
4. Як падвесці вынік урока, калі вучні ўжо стаміліся?
5. Як дабіцца свайго, каб вучні не адчулі ціску?
6. Як паставіць яркую і запамінальную кропку ўрока ва ўмовах цэйтноту?

Развіваць эмацыянальны інтэлект дапамогуць практыкаванні, якія дазваляюць канст­руяваць эмацыянальныя перажыванні.

Упэўненасць. Прыміце позу ўпэўненага чалавека. Успомніце выпадкі, калі вы адчувалі сябе ўпэўнена і адпаведна сябе паводзілі. Пагаварыце з сабой, нагадайце, што вы ў сабе цэніце. Уявіце, што вы займаецеся нечым незвычайным: узыходзіце на высокую гару, кіруеце самалётам. Вы­дзеліце ў сітуацыі нешта, у адносінах да чаго вы адчуваеце ўпэўненасць. Адчуйце свой пазваночнік і ўявіце, што ён ператварыўся ў стальны прут. Вызначце для сябе дакладны зыход сітуацыі, якая падразумяваецца. Успомніце любімую мелодыю з тых, якія напаў­няюць вас упэўненасцю. Падумайце аб людзях, якія выклікаюць у вас упэўненасць, і ўявіце, што яны паменшыліся, расселіся ў вас на плячах і гавораць вам на вуха.

Спакойнасць. Уявіце сабе спакойную, ціхую ваду. Уявіце, што вы знаходзіцеся ў японскім садзе. Глыбока ўдыхніце, заплюшчыце вочы і ўладкуйцеся зручней. Прыслухайцеся да павольнай, гарманічнай музыкі, якая гучыць у вас у галаве і заспакойвае. Злучыце кісці рук і падумайце аб гарманічным адзінстве. Павольна палічыце да 10. Спытайце сябе, на якія пытанні вам па-сапраўднаму хочацца атрымаць адказ, асабліва на тыя, якія маюць адносіны да таго, што адбываецца вакол вас цяпер. Задайце пытанні тыпу: “Як вы гэта робіце?” і “Як гэта працуе?”. Змяніце становішча цела так, каб яно больш падавалася наперад, больш настройвалася на тую ці іншую дзейнасць. Падумайце аб атрыманні адказаў на пытанні без таго, каб задаваць апошнія ўслых. Шукайце адказы ў падзеях, якія адбываюцца навокал.

Весялосць. Уявіце, што вы валодаеце звышнатуральнымі здольнасцямі, але не накіроўваеце іх на простых смяротных. Уявіце сабе якую-небудзь абуральную грубасць, але не агучвайце яе. Прыдумвайце каламбуры, трымайце іх пры сабе ці вымаўляйце ўслых. Шукайце двухсэнсоўнасць у словах навакольных. Уявіце сабе тую ж сітуацыю ў іншых часавых рамках — дзесяццю гадамі раней ці пазней. Уявіце сабе, што зрабіў бы ў гэтай сітуацыі ваш любімы камічны акцёр.

Спакойная ­прысутнасць. Паспрабуйце паглядзець на падзею ці сітуацыю збоку, як глядач, які глядзіць фільм. Проста прысутнічайце. Не ацэньвайце, не перажывайце, а назірайце. Няхай пры гэтым цела будзе расслаблена. Звярніце ўвагу на мышцы твару — яны павінны быць расслабленыя. Дыханне захоўвайце роўнае, павольнае. Спакойная прысут­насць — стан, пры якім спалучаецца фізічная расслабленасць і пазіцыя абстрагаванага назіральніка. У такім стане лёгка ўтрымліваць эмацыянальную ціхамірнасць. Карысна штодзённа хаця б пяць хвілін трэніраваць спакойную прысутнасць. Пачніце з лёгкага практыкавання: проста глядзіце на дрэва, ваду, агонь. Няхай цела запамінае гэты спакойны стан. Потым можна паспрабаваць спакойную прысутнасць, калі на вас крычаць. Шум лістоты ці гукавыя хвалі ад чалавека: якая розніца, калі вы вырашылі быць спакойным? Аднак памятайце аб тым, што некаторых людзей ваша эмацыянальная няўразлівасць можа раздражняць.

Як супакоіцца ў сітуацыях, якія вы не здольны змяніць? Прадбачыць форс-мажорныя абставіны; прыняць, што азначае — успрыняць без абмеркавання і абурэння; разважаць і дзейнічаць; ставіцца да цяжкасці, якая ўзнікла, як да задачы; планаваць заўсёды два варыянты: план А (усё ідзе добра) і план Б (што можа пайсці не так і што я зраблю ў кожным з гэтых выпадкаў?).

Завяршаючы наш дыялог, дарагія чытачы, жадаю вам у новым навучальным годзе прыемнай эмоцыі — перажывання дасягнутага выніку. ­Італьянскі псіхолаг І.Паджы назваў гэтую эмоцыю fiero. Яна патрабуе наяўнасці цяжкай праблемы і вельмі пазітыўнага ўспрымання сябе ў момант дасягнення мэты. Жаданне адчуць fiero матывуе вялікія намаганні і вялікія здзяйсненні. Жадаю вам fiero ў новым навучальным годзе!

Псіхалагічнаелюстэрка

Педагогі — людзі, якія думаюць, эмацыянальныя. Гэтае гарманічнае спалучэнне проста неабходна ў прафесіі. Калі ў высокім узроўні развіцця сваіх інтэлектуальных здольнасцей звычайна настаўнік  ўпэўнены, і, магчыма, нават вымяраў яго пры дапамозе тэстаў, то аб узроўні свайго эмацыянальнага інтэлекту яму, напэўна,  даводзіцца толькі здагадвацца. Каб яго ацаніць, прапаноўваем методыку, распрацаваную Н.Холам для выяўлення здольнасці разумець адносіны асобы, прадстаўленыя ў эмоцыях, і кіраваць эмацыянальнай сферай на падставе прыняцця рашэнняў. Яна складаецца з 30 сцвярджэнняў і змяшчае 5 шкал.

Методыка ацэнкі эмацыянальнага інтэлекту (апытальнік EQ)

1. Эмацыянальная дасведчанасць.
2. Кіраванне сваімі эмоцыямі (эмацыянальная адыходлівасць; эмацыянальная гнут­касць).
3. Самаматывацыя (адвольнае кіраванне сваімі эмоцыямі; выключаючы пункт 14).
4. Эмпатыя.
5. Распазнаванне эмоцый іншых людзей (хутчэй гэта ўменне ўздзейнічаць на эмацыянальны стан іншых людзей).
(У дужках — удакладненне беларускага вучонага І.М.Андрэевай.)

Інструкцыя. Ніжэй будуць прапанаваны выказванні, якія так ці інакш адлюстроўваюць розныя бакі вашага жыцця. Напішыце лічбу справа ад кожнага сцвярджэння, зыходзячы з ацэнкі вашых адказаў:

Цалкам не згодзен — (–3 балы).
У асноўным не згодзен — (–2 балы).
Часткова не згодзен — (–1 бал).
Часткова згодзен —  (+1 бал).
У асноўным згодзен — (+2 балы).
Цалкам згодзен — (+3 балы).

Тэкст апытальніка
1. Для мяне як адмоўныя, так і станоўчыя эмоцыі слу­жаць крыніцай ведаў, як дзейнічаць у жыцці.
2. Адмоўныя эмоцыі дапамагаюць мне зразумець, што я павінен змяніць у маім жыцці.
3. Я спакойны, калі адчуваю ціск збоку.
4. Я здольны назіраць змену сваіх пачуццяў.
5. Калі неабходна, я магу быць спакойным і засяроджаным, каб дзейнічаць у адпаведнасці з запытамі жыцця.
6. Калі неабходна, я магу выклікаць у сябе шырокі спектр станоўчых эмоцый, такіх як весялосць, радасць, унутраны пад’ём і гумар.
7. Я сачу за тым, як я сябе адчуваю.
8. Пасля таго як нешта засмуціла мяне, я магу лёгка саўладаць са сваімі пачуццямі.
9. Я здольны выслухоўваць праблемы іншых людзей.
10. Я не зацыкліваюся на адмоўных эмоцыях.
11. Я адчувальны да эмацыянальных патрэб іншых.
12. Я магу дзейнічаць заспакаяльна на іншых людзей.
13. Я магу прымусіць сябе зноў і зноў устаць перад тварам перашкод.
14. Я стараюся падыходзіць творча да жыццёвых праблем.
15. Я адэкватна рэагую на настрой, імкненні і жаданні іншых людзей.
16. Я магу лёгка ўваходзіць у стан спакою, гатоўнасці і засяроджанасці.
17. Калі дазваляе час, я звяртаюся да сваіх негатыўных пачуццяў і разбіраюся, у чым праблема.
18. Я здольны хутка супакоіцца пасля нечаканага засмучэння.
19. Веданне маіх сапраўдных пачуццяў важна для падтрымання “добрай формы”.
20. Я добра разумею эмоцыі іншых людзей, нават калі яны не выяўлены адкрыта.
21. Я добра магу распазнаваць эмоцыі па выразе твару.
22. Я магу лёгка адкінуць негатыўныя пачуцці, калі неабходна дзейнічаць.
23. Я добра ўлоўліваю знакі ў зносінах, якія ўказваюць на тое, у чым іншыя маюць патрэбу.
24. Людзі лічаць мяне добрым знаўцам перажыванняў іншых.
25. Людзі, якія ўсведамляюць свае сапраўдныя пачуцці, лепш кіруюць сваім жыццём.
26. Я здольны палепшыць настрой іншых людзей.
27. Са мной можна параіцца па пытаннях адносін паміж людзьмі.
28. Я добра настройваюся на эмоцыі іншых людзей.
29. Я дапамагаю іншым выкарыстоўваць іх жаданні для дасягнення асабістых мэт.
30. Я магу лёгка адключыцца ад перажыванняў непрыемнасцей.

Ключ для дыягностыкі

Шкала “Эмацыянальная дасведчанасць” — пункты 1, 2, 4, 17, 19, 25.
Шкала “Кіраванне сваімі эмоцыямі” — пункты 3, 7, 8, 10, 18, 30.
Шкала “Самаматывацыя” —  пункты 5, 6, 13, 14, 16, 22.
Шкала “Эмпатыя” — пункты 9, 11, 20, 21, 23, 28.
Шкала “Распазнаванне эмоцый іншых людзей” — пункты 12, 15, 24, 26, 27, 29.

Падлік вынікаў. Па кожнай шкале вылічваецца сума балаў з улікам знака адказу (“+” ці “–”). Чым большая плюсавая сума балаў, тым больш адлюстравана гэтае эмацыянальнае праяўленне.

Узровень эмацыянальнага інтэлекту ў адпаведнасці са знакам вынікаў па кожнай шкале асобна (парцыяльны):

> 14 і больш — высокі;
> 8—13 — сярэдні;
> 7 і менш — нізкі.

Інтэгратыўны ўзровень (агульны) эмацыянальнага інтэлекту з улікам дамінуючага знака вызначаецца па наступных колькасных паказчыках:

> 70 і больш — высокі;
> 40—69 — сярэдні;
> 39 і менш — нізкі.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі МГІРА.