І аграрны клас, і STEM-кабінет… Багатая адукацыйная палітра найстарэйшай школы Крупскага раёна

- 16:22Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Як захоўваюць традыцыі ў сярэдняй школе № 1 Крупак, якая носіць імя свайго выпускніка генерал­-маёра Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Марцінкевіча, даведваўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ад гісторыі да сучаснасці

Афіцыйны адлік гісторыя сярэдняй школы № 1 Крупак вядзе з 1906 года. Тады царкоўнапрыходская школа, утвораная яшчэ ў канцы XIX стагоддзя, здабыла ўласны будынак. У 1924 годзе ўстанова адукацыі была 7-гадовай (няпоўнай сярэдняй), а праз дзесяцігоддзе стала першай і адзінай у раёне, дзе навучанне вялося 10 гадоў. У 30-х гадах Крупскую сярэднюю школу называлі ўзорнай. Першым дырэктарам стаў Сяргей Паўлавіч Лаўрыновіч. У 1941 годзе 33-гадовы дырэктар пайшоў на фронт, а ў снежні 1942 года прапаў без вестак. З 28 выпускнікоў 1941 года на вайне загінулі 16. У 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, з 35 настаўнікаў, якія працавалі ў школе ў перадваенныя гады, вярнуліся толькі 7 чалавек.

Восенню 1951 года школа справіла наваселле і размясцілася ў першым у горадзе двухпавярховым будынку, які 587 навучэнцам здаваўся сапраўдным цудам свету. Урокі прыродазнаўчых навук часта праходзілі ў выгля­дзе практычных заняткаў на вытворчасці. На ўроках хіміі дзеці разам з настаўнікам ішлі ў аптэку або на харчовы камбінат, а тэму “Электрычнасць” настаўніца фізікі тлумачыла вучням падчас наведвання электрастанцыі. Гэта было актуальна, асабліва для дзяцей з вёскі, якія дома рабілі ўрокі пры святле газавых лямп, а электрыч­насць бачылі толькі на занятках.

У чэрвені 1966 года школе было прысвоена імя Уладзіміра Мікалаевіча Марцінкевіча, а праз год тут быў усталяваны бюст Героя Савецкага Саю­за і выпускнікі 1967 года заклалі самаробную капсулу з пасланнем нашчадкам. Вучням 70—80-х запомніўся яблыневы сад, які быў пасаджаны ў пачатку 50-х (цяпер тут размяшчаецца дзіцячы сад № 1. — Заўвага аўтара.) і радаваў сваімі пладамі школьнікаў і педагогаў на працягу чатырох дзясяткаў гадоў. А яшчэ ў ім размяшчаўся “зялёны клас” — вялікая альтанка ў школьным садзе з партамі і класнай дошкай. Тут, калі дазваляла надвор’е, праходзілі ўрокі.

У 1984 годзе рыхтаваўся праект па рэканструкцыі школы з прыбудовай новай спартзалы і сталовай. Толькі летам мінулага года ў школе пачалася доўгачаканая рэканструкцыя.

— Пасля рэнавацыі школа змянілася кардынальна: абноўлена ўсё ад сцен і перакрыццяў да мэблі і абсталявання, а таксама плошча будынка значна павялічылася дзякуючы новай двухпавярховай прыбудове, дзе на першым паверсе з’явіліся новенькія клас і спальня для першакласнікаў з асобным уваходам. Кухня стала ў два разы большай і цяпер ўкамплектавана па-новаму, — расказвае дырэктар Ірына Ярышкіна. — Не пазнаць і сталовую, якая больш нагадвае кафэ або рэстаран. Ёсць цяпер у нас і асобны кабінет педагога-псіхолага. Таксама з’явіліся швейная, кулінарная, сталярная майстэрні, абсталяваныя па апошнім слове тэхнікі. У камбінаванай майстэрні юнакі на новенькіх станках займаюцца апрацоўкай металу і драўніны. А ў дзяўчынак з’явілася магчымасць адточваць кулінарныя таленты на прасторнай кухні і ўдасканальваць швейнае майстэрства за новымі машынкамі на ўроках працы і ў аб’яднаннях па інта­рэсах “Юная швачка” і “Цуды сваімі рукамі”.

Ноу-хау школы — адзі­ны ў раёне STEM-кабінет з 12 новымі камп’ютарамі і 3D-прынтарам. Акрамя таго, ва ўстанове адукацыі, дзе вучацца 11 дзяцей-інвалідаў і 25 дзяцей з АПФР, створана безбар’ернае асяроддзе з ліфтам, пандусам і тактыльнай папераджальнай пліткай, а таксама паркоўкай для інвалідаў на падыходзе да будынка.

Новыя ідэі, планы, мэты

З абнаўленнем будынка, аснашчэннем вучэбных кабінетаў у школе з новай сілай закіпела і адукацыйная дзейнасць: рэалізуюцца новыя праекты, адкрываюцца новыя гурткі.

— Гэтым летам у рамках другаснай занятасці навучэнцы 9—10 класаў змаглі крыху зарабіць, заняўшыся пашывам пасцельнай бялізны на новых швейных машынках для групы прадоўжанага дня, — гаворыць Ірына Пятроўна. — На восеньскіх канікулах, думаю, мы працягнем займацца гэтым відам дзейнасці. Таксама летам, падчас работы школьнага лагера, мы сталі рэалізоўваць выхаваўчы праект “Роўны старт”, з якім перамаглі вясной у конкурсе “Рух у радасць” і атрымалі каля 10 тысяч рублёў на закупку спартыўнага інвентару, турыстычнага рыштунку. Наш праект накіраваны на стварэнне роўных умоў для развіцця рухальнай актыўнасці ў звычайных і асаблівых дзяцей. Мы прадумалі серыю сумесных актыўнас­цей: спартыўныя гульні, спаборніцтвы, святы, заняткі па паркавым арыентаванні, экскурсіі, міні-турпаходы, дзённы сон у палатках на свежым паветры. Прычым удзельнікамі праекта стануць не толькі навучэнцы школы, але і дзеці з асаблівасцямі з іншых устаноў адукацыі. Усё гэта паспрыяе сацыялізацыі дзетак з АПФР. Пэўны вопыт у нас ёсць. На тэрыторыі школы створана інклюзіўная шматфункцыянальная пляцоўка з вулічнымі трэнажорамі, сцежкай здароўя.

Яшчэ адно новаўвя­дзенне будучага навучальнага года — адкрыццё ваенна-патрыятычнага класа. Такім вырашана зрабіць 5 клас. Пяцікласнікі бу­дуць наведваць факультатыў “Мая Айчына”. Запланавана супрацоўніцтва школы з вайсковай часцю ў гарадскім пасёлку Бобр. Акрамя гэтага, ваенна-патрыятычным выхаваннем хлопчыкаў і дзяўчынак 6—8 класаў у аб’яднанні па інтарэсах “Юны пагранічнік” займаецца Аляксандр Кляшчонак, па сумяшчальніцтве настаўнік працы.

Профільнае навучанне ва ўстанове адукацыі старшакласнікі атрымліваюць у аграрным класе. Тут яны на павышаным узроўні вывучаюць рускую мову і біялогію, а таксама знаёмяцца са спецыфікай сельскагаспадарчай працы на факультатыве “Уводзіны ў аграрную прафесію”, наведваючы раённыя аграпрадпрыемствы, профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі ў Мінску, Мар’інай Горцы і Віцебску.

Дзякуючы падораным на наваселле ўстановы наборам па LEGO-канструя­ванні, у крупскіх школьнікаў зараз з’явілася маг­чымасць асвоіць праграмаванне і робататэхніку.

— З цікавасцю пачалі асвойваць робататэхніку на занятках аб’яднання па інтарэсах “Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі” вучні 8—10 класаў, — не хаваючы радасці і захаплення дзеліцца І. Ярышкіна. — Дарэчы, гурток па робататэхніцы, які пакуль адзіны ў раёне, мо­гуць наведваць і навучэнцы з іншых школ. А ў новым навучальным го­дзе нам яшчэ трэба будзе асвоіць 3D-прынтар.

Як адзначаюць педагогі, з абнаўленнем школы ў 27 настаўнікаў-прадметнікаў і ў 220 дзяцей нібы выраслі крылы — усім хочацца пашыраць гарызонты сваіх ведаў і ствараць нешта цікавае, новае, карыснае.

Даведка

Уладзімір Марцінкевіч нарадзіўся ў Крупках у сям’і рабочага чыгункі. Пасля 7 класаў працаваў на лесазаво­дзе, а ў 23 гады ўжо камандаваў палком Чырвонай Арміі. У 1923 го­дзе скончыў Вышэйшую школу старшага каманднага складу ў Харкаве, у 1937 годзе — курсы пры Ваеннай акадэміі. Вялікую Айчынную вайну сустрэў у званні палкоўніка і на пасадзе камандзіра 176-й стралковай дывізіі. У канцы 1941 года атрымаў воінскае званне генерал-маёра. Ваяваў на Паўднё­вым, Закаўказскім, Волхаўскім і 1-м Беларускім франтах. У ліпені 1944 года падчас Люблінска-Брэсцкай наступальнай аперацыі 134-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра Марцінкевіча з баямі фарсіравала раку Заходні Буг і ўступіла на тэрыторыю Польшчы. У ноч на 29 ліпеня 1944 года часткі дывізіі фарсіравалі раку Віслу недалёка ад польскага горада Пулавы, генерал-маёр асабіста кіраваў пераправай. Дывізія з боем заняла плацдарм на заходнім беразе ракі і адбі­вала шматлікія атакі праціўніка. 30 ліпеня пры чарговым налёце варожай авіяцыі Уладзімір Марцінкевіч быў смяротна паранены асколкам бомбы. За ўмелае кіраўніцтва баявымі аперацыямі па фарсіраванні рэк Заходні Буг і Вісла, праяўленыя пры гэтым муж­насць і гераізм яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пахаваны ў горадзе Луцку Валынскай вобласці Украіны ў брацкай магіле.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва школы