І досціп, і мудрасць

- 11:56Навіны рэгіёнаў

Надзвычай багатым на знакавыя даты выдаўся адыходзячы год. Многа юбілейных дат звязана з імёнамі беларускіх літаратараў. І ўстановы адукацыі жылі гэтымі падзеямі, па-асабліваму адзначыўшы кожную з іх. У Нясвіжскім раёне таксама не пакінулі гэтыя падзеі без увагі. Івану Шамякіну прысвяцілі літаратурна-музычную кампазіцыю “Пісьменніцкае сэрца на далоні”, Максіму Багдановічу — свята песні і паэзіі “Жыве Максімава імя”. З нагоды юбілею Кандрата Крапівы прайшоў конкурс інсцэніраванай байкі “І досціп, і мудрасць”.

Сёлета адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы — пісьменніка, драматурга, сатырыка, публіцыста, вучонага-мовазнаўцы і, зразумела, байкапісца. Нават той, хто вучыўся ў школе даўно і не надта добра, напэўна, можа згадаць некалькі радкоў з той ці іншай байкі Кандрата Крапівы. Яго творы, поўныя сатыры і гумару, сталі непаўторнай з’явай у беларускай літаратуры. Навучэнцы ўстаноў адукацыі Нясвіжскага раёна, увасобіўшы творы на сцэне, паказалі, што і сёння іх тэмы такія ж злабадзённыя, актуальныя і вострыя.

Раённы конкурс інсцэніраванай байкі “І досціп, і мудрасць” прайшоў у Нясвіжскай гімназіі. Удзел у ім бралі каманды 16 устаноў адукацыі Нясвіжскага раёна, якія падрыхтавалі каля 30 творчых нумароў. Конкурс праходзіў на працягу двух дзён у двух узроставых катэгорыях. У першы дзень на сцэну выйшлі вучні 5—7 класаў з інсцэніроўкамі баек “Мурашка і жук”, “Дзіця, вожык і змяя”, “Ганарысты парсюк”, “Кукарэку”, “Шляхі да ісціны”. Пераможцамі сталі навучэнцы Сноўскай сярэдняй школы, якія прадставілі байку “Еш, дурань, бо то з макам”.

Другі дзень быў прысвечаны выступленням навучэнцаў 8—11 класаў. Яны для інсцэніроўкі выбралі творы “Памагаты”, “Мода”, “Мядзведзь”, “Стары і малады”, “Дзед і баба” і інш. Перамогу ў гэтай узроставай катэгорыі падзялілі паміж сабой творчыя каманды сярэдняй школы № 2 Гарадзеі з байкай “Старшыня” і сярэдняй школы № 4 Нясвіжа, што прадставіла на суд журы байку “Махальнік Іваноў”.

— Вывучэнне ў рамках школьнай праграмы байкі ўвогуле і баек Кандрата Крапівы ў прыватнасці заўсёды выклікае ў вучняў асаблівую цікавасць. Аднак, як вядома, прагляд пастаноўкі байкі на сцэне — гэта нешта іншае, чым проста яе чытанне. Па смеху, які панаваў у зале падчас выступленняў, было яскрава відаць, наколькі актуальнымі, зразумелымі для сучаснага вучня з’яўляюцца тыя праблемы, заганы, якія Кандрат Крапіва выкрывае ў сваіх творах, — дзеліцца ўражаннямі Настасся Сяргееўна Гурко, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама. — Спадзяёмся, што ўдзел у конкурсе — гэта своеасаблівы штуршок для далейшага знаёмства з байкамі Кандрата Крапівы, развіцця тэатральных здольнасцей вучняў.

Усе ўдзельнікі вельмі стараліся — падрыхтавалі цудоўныя касцюмы, прывезлі з сабой дэкарацыі і мноства рэквізіту (кошыкі, збанкі, воз, плот). Выступленні атрымаліся артыстычныя, яркія і вельмі смешныя.

Даръя РЭВА.
Фота прадастаўлена ВМК аддзела адукацыі,
спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама.