І хай памятаюць пакаленні…

- 14:11Нам пішуць

Пад такой назвай на базе Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі (дырэктар А.В.Пунтус) з 1 па 16 лютага працавала экспазіцыя, прысвечаная ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане.
На ёй былі прадстаўлены ўзоры формы савецкіх вайскоўцаў, салдацкі посуд, макет назіральнага пункта, зроблены па расказах воінаў-афганцаў, публікацыі, фотаматэрыял, які прадаставілі ветэраны баявых дзеянняў у Афганістане, баявыя ўзнагароды, ордэны і пасведчанні да іх Васіля Міхайлавіча Тураўца, педагога дадатковай адукацыі нашага цэнтра, і Пятра Васільевіча Баранчука. Больш за 230 навучэнцаў устаноў адукацыі Мазырскага раёна наведалі экспазіцыю, якая выклікала вялікую цікавасць і стала адкрытым урокам гісторыі.
На сустрэчу з вучнямі 2 і 5 лютага былі запрошаны ветэраны баявых дзеянняў у Афганістане. Госці расказалі школьнікам аб ваенных буднях і аперацыях, у якіх ім давялося ўдзельнічаць, аб атрыманых узнагародах, аб салдацкай дружбе і ўзаемадапамозе, аб пачуцці абавязку перад загінуўшымі баявымі таварышамі. Прагляд фільмаў «Афганская хроніка», «Вывад савецкіх войскаў з Афганістана», мультымедыйная прэзентацыя-аповяд пра памятны знак, усталяваным на Кургане Славы ў памяць аб 12 загінуўшых сынах Мазыршчыны, выклікалі ў навучэнцаў пачуццё суперажывання, разважанні аб мінулым і сучаснасці.
Сустрэчы з удзельнікамі баявых дзеянняў у Афганістане сталі добрай традыцыяй Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Сваю работу «І хай памятаюць пакаленні…» аб земляках воінах-інтэрнацыяналістах прадстаўляла навучэнка Цэнтра турызму Вольга Галоўкіна, якая стала фіналісткай на V абласным аглядзе-конкурсе экспазіцый, прысвечаных ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане, які праходзіў у Гомельскім музеі ваеннай славы.

Святлана ГАЛОЎКІНА,
метадыст Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.