І пух, і пер’е

- 15:38Прафесіяналы

Каб пазнаёміцца з фаўнай Беларусі, можна адправіцца ў лес, каб убачыць больш — у музей прыроды, а каб дасканала вывучыць яе разнастайнасць — у Жодзіна. Тут жыве таксідэрміст Генадзь Пузанкевіч. За апошнія 40 гадоў ён даў другое жыццё больш як 9 тысячам птушак і жывёл. Яны “працуюць” чучаламі ў прыватных калекцыях і калекцыях навучальных устаноў рэспублікі, у найбуйнейшых музеях нашай краіны, у тым ліку ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім біясферным запаведніку. Ёсць яго экспанаты і ў Жодзінскім краязнаўчым музеі, дзе Генадзь Канстанцінавіч працуе. Але працягваецца гэтая экспазіцыя дома ў майстра, дзе заўсёды мнагалюдна. Завіталі да яго і мы.

Лес у горадзе

Сядзіба майго героя хоць і знаходзіцца на ўскрайку Жодзіна, але разбівае ўсе стэрэатыпы пра гарадское жытло. “Я з дзяцінства марыў жыць у лесе, — тлумачыць, чаму з-за дрэў-веліканаў, хмязнякоў і зелені і сам дом не відаць, Генадзь Канстанцінавіч. — На гэтым месцы была сядзіба майго прапрапрадзеда, якая пераходзіла ад пакалення да пакалення, на гэтай вуліцы жывуць мае сваякі, суседні дом — майго сына Віктара”.

Лес рос тут разам з Генадзем. Ён яшчэ дашкольнікам садзіў тут маладзенькія дрэўцы. А калі прыйшоў з арміі, пабудаваў тут свой дом, і ў ім пасялілася шмат насельнікаў. Тут, на двары, жылі сотні свойскіх птушак. Гэта дзясяткі парод кур, фазанаў, перапёлак, паўлінаў і індыкоў, крумкачы, падорлікі, арлан-белахвост. Цяпер птушак на падворку менш, але па-ранейшаму ёсць чаму парадавацца гарадскому воку: замест вартаўнічых сабак тут — пара чорных аўстралійскіх лебедзяў, якія ніколі не ўпусцяць у двор чужых без дазволу гаспадара. У глыбіні двара — цэлы птушыны кірмаш: экзатычныя пароды кур, фазаны, паўліны, галубы.

У глыбіні ўчастка на месцы былога балота гаспадар зрабіў дэндрарый — для школьнікаў, якія прыязджаюць на экскурсіі. Па чарзе сюды наведваюцца ўсе школы горада і раёна. Планаваў, што вакол дэндрарыя будуць вальеры, ужо закупіў матэрыялы для іх. Але цяпер гэты ўчастак, які шмат гадоў арандуе Генадзь, прыглянуўся ўладам, і яны хочуць аддаць яго іншым пад прыватную забудову.
Пакуль няма бульдозераў, тут, у гушчары ўчастка, як дома сябе адчуваюць і лясныя птушкі — каралькі, пішчухі, зімародкі. Тут гняздзяцца і жуланы саракапуты, і слаўкі завірушкі, зелянушкі, салаўі, голуб вясір, балотныя чарацянкі, дубаносы, івалга, ужо некалькі гадоў у крапіве, на беразе сажалкі, гняздуецца салавей — гаспадары спецыяльна не выполваюць гэты кавалачак. Упадабаў гэты куток і беркут Борка. 11 гадоў назад ён прыляцеў на Віцебшчыну з Фінляндыі (пра гэта сведчыла кольца на лапе). Яго, ледзь жывога, аслабленага, прывезлі да Генадзя Канстанцінавіча зрабіць чучала. Той вымяняў беркута на гатовае чучала, а чырванакніжніка вылечыў і выпусціў на волю, толькі вось нікуды адсюль беркут ляцець не захацеў — так і застаўся. Сёлета птушыную кампанію папоўніла сініца даўгахвостая. Звычайна яна селіцца ў зацішных месцах, на дрэвах часам да 15 метраў ад зямлі, маскіруе сваё гняздо лішайнікамі, кавалачкамі кары, а сёлета яны пабудавалі свае гнёзды прама ў агародзе, у елачках.

І калі сініцам асаблівая ўвага не патрэбна, то папугаю ары Арчыку яна залішняй ніколі не будзе. “Гена!”— кліча Арчык гаспадара, толькі пачуўшы здалёк галасы. “Чуе, што ў нас госці, — прадчувае ўвагу і ласункі, — гаворыць гаспадар, набліжаючыся да прасторнай клеткі і працягвае любімцу пару маньчжурскіх арэхаў. “Ну бывай”, — гучна згаджаецца птушка развітацца з гаспадаром, калі той накіроўваецца ў дом, ведаючы, што там таксама ёсць чым здзівіць гасцей.

Ад шпіталя да музея

— Заходзьце! — гаспадар расчыняе дзверы. Некалькі крокаў да гасцінай нас праводзіць казуля, збоку касавурыцца лось, а ззаду хітра ікламі ўсміхаецца дзікі кабан. — Майстэрня — на другім паверсе, а гасцей сустракаю тут.

Пра незвычайнае хобі гаспадара гавораць чучалы птушак: фазаны, цецерукі. Пад столлю, раскінуўшы крылы, застыў у палёце арлан. Але галоўны ў гасцінай — двухметровы мядзведзь. Сваёй постаццю, магутнай пашчай, кіпцюрамі Таптыгін наводзіць страх, стоячы ў куце. Праўда, да прыезду сюды мядзведзь гэтым пахваліцца не мог.

— Мядзведзь — з Архангельскай вобласці, — расказвае Генадзь Канстанцінавіч. — Ён быў стары, усе зубы з’еў — толькі абколатыя клыкі засталіся. Харчавацца ў лесе не мог, таму панадзіўся сваволіць у вёсцы: дзе сабаку задзярэ, дзе — карову, людзей пужаў. Прамысловікі яго злавілі, ён важыў 250 кілаграмаў, думалі мясам усю вёску накарміць, але касалапы аказаўся хворым. Тушу спалілі, а мне аддалі шкуру.

Падымаемся на другі паверх. Злева — майстэрня, а справа — цэлая экспазіцыя. Такой пазайздросціў бы любы музей. Паўсцяны займаюць найбагацейшыя калекцыі трапічных жукоў і матылькоў — іх сотні экспанатаў. Але галоўныя тут, канечне, чучалы. З усіх кутоў, сцен і столі на цябе глядзяць уважлівыя вочы. Па дакументах гэтая экспазіцыя лічыцца “асабліва каштоўнай прыватнай заалагічнай калекцыяй”. Яна, бадай, адзіная такая ў Беларусі. У ёй больш за 250 асобін. Найбольш, вядома, птушак. Але звяроў таксама шмат: ласка, янотападобны сабака, ваўкі, бабры, лісы, вавёркі… Усе яны выглядаюць, як жывыя, нават іх вочы. Ад погляду драпежнікаў аж пот прабівае! Для гэтага, гаворыць аўтар, трэба быць мастаком і ў дапаўненне ведаць заалогію, біялогію, абавязкова назіраць за жывой прыродай.

Чаму чучалы? Адкуль такі паварот у аматара прыроды? Тлумачыць усё тое, што экспанатамі ніколі не становяцца жывыя птушкі і жывёлы.

— Колькі сябе памятаю, я быў сярод прыроды, — успамінае Генадзь Канстанцінавіч. — З вуліцы дадому цягнуў розную жыўнасць: поўныя кішэні дажджавых чарвякоў, майскіх жукоў, розных кузурак. Вясной збіраў пчол, якія рана выляталі, замярзалі і падалі на снег, дома адаграваў, рабіў цукровы сіроп, паіў. Дагэтуль памятаю чорныя ад пчол вокны. І вельмі шкадаваў, калі іх не ўдавалася выратаваць, стаў захоўваць у сябе. Першае чучала зрабіў гадоў у адзінаццаць, калі на страсе ў дзядулі зімой знайшоў замерзлую саву і шкада было закопваць. Потым быў замерзлы снягір. Але гэта мае няўдалыя спробы, бо навучыцца не было ў каго. Хоць рабіла чучалы вавёрак мая бабуля, але я не застаў таго часу, не захаваліся і яе работы. Навучыўся метадам спроб і памылак — па музеях тады не хадзілі, літаратуры не было, але ўвекавечваць жывёл хацелася. Першае чучала, якое атрымалася, — гэта чырваназобая гагара. Яна і дагэтуль захоўваецца ў маёй калекцыі. Так справа і пайшла.

Усе школьныя гады Генадзь шмат чытаў пра прыроду, вывучаў яе ў лесе, праседжваючы ў засідках каля гнёздаў з фотаапаратам. Пасля скончыў лясное вучылішча па спецыяльнасці “Лесавод”. 9 гадоў працаваў лесніком, потым — майстрам лесу, як бацька і дзед — пчалаводам. І якраз у тыя гады было больш за ўсё работы.

— Добра, што цяпер хоць узяліся больш за ахову прыроды. Тады законы былі менш суровыя, і паляўнічыя проста стралялі ўсё падрад, а потым ужо выбіралі сабе патрэбных птушак і жывёл. Астатніх — рабчыкаў, кулікоў, качак, дробных жывёл — каб не выкідваць, аддавалі мне. Я не паспяваў рабіць чучалы, мне стала дапамагаць жонка. Атрымалася з першага разу, потым я крыху яе кансультаваў і так працавалі разам. Пазней далучыўся і мой сябар, і мы арганізавалі адзіны ў Беларусі кааператыў па вырабе чучал. Свае работы здавалі ў магазін “Прырода” ў Мінску. А там іх куплялі і школы, і навуковыя ўстановы ў якасці наглядных дапаможнікаў. Папаўнялі і калекцыі музеяў.

Генадзя Канстанцінавіча ведаюць і прафесійныя арнітолагі, і супрацоўнікі заапаркаў, і паляўнічыя, і школьнікі, і звычайныя жыхары: калі раптам хто сустракае знямоглую, параненую птушку, вязуць да яго. Усіх жывых птушак ён спачатку лечыць: калі зламана крыло — сам накладвае гіпс, калі не абысціся без дапамогі ветэрынара, калі трэба аперацыю рабіць, дроб даставаць — вязе ў лячэбніцу. Сокалы часта трапляюць з перабітымі крыламі — у правады трапляюць. Пузанкевічы іх выходжваюць, кальцуюць, аддаюць у заапаркі. Напрыклад, у гродзенскім ужо гадоў 15 жыве арлан-белахвост. Дарэчы, Акадэмія навук планавалала арганізаваць тут рэабілітацыйны птушыны цэнтр.

Але ўсё роўна птушак гіне шмат. Яны замярзаюць у лютыя зімы, разбіваюцца аб люстраныя шклопакеты, на трасах — аб машыны. Асабліва шмат гіне вераб’іных. Часам птушкі паміраюць у заапарках (толькі што з Мінскага заапарка перадалі фламінга). Некаторых Генадзь Канстанцінавіч прывозіць з замежных падарожжаў. Напрыклад, нядаўна на дарозе ў Малайзіі знайшоў шпорцавую індыйскую зязюлю, збітую машынай.

— Я вяду журнал ад першага чучала, куды ўношу ўсе свае работы. Іх ужо больш за 9 тысяч. Я памятаю ўсе іх сумныя гісторыі і пра гэта расказваю дзецям падчас экскурсій. Я хачу паказаць людзям не толькі тое, наколькі багатая наша прырода, але і тое, што яна вельмі ўразлівая. Расказваю, што можна зрабіць для захавання птушак, як ім дапамагчы перазімаваць, што нельга падбіраць злёткаў, якія выпадаюць з гнёздаў, калі вучацца лятаць. Толькі калі відавочная рана — паламана крыло, лапка ці відаць, што птушка гіне, прашу аднесці ў ветлячэбніцу ці на станцыю юннатаў, у жывы куток.
Але так склалася, што найчасцей тэлефануюць Пузанкевічам. Тым больш што да ветатрада падключылася і жонка Таццяна Іванаўна, і сын Віктар. Яны таксама выходжваюць птушак, а калі гэта не атрымліваецца, робяць з іх чучалы. Дарэчы, сын Віктар, як і бацька, скончыў лясное вучылішча, дачка Алена стала ландшафтным дызайнерам у Батанічным садзе ў Мінску, а сын Аляксандр заканчвае БДУ, дзе вучыцца на экогага-біёлага.

Будучыя эколагі і біёлагі, студэнты з БДАТУ, прыязджаюць да Генадзя Канстанцінавіча на кансультацыі, на экскурсіях бываюць школьнікі і выхаванцы летнікаў з экалагічным ухілам з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, бываюць і далёкія госці — з Індыі, Японіі. З Г.К.Пузанкевічам супрацоўнічае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і навукова-даследчыя інстытуты: яго як знаўцу птушак запрашаюць у навуковыя экспедыцыі. Працаваць таксідэрмістам яго запрашае адзін з універсітэтаў Малайзіі — у малазійскіх запаведніках, вывучаючы прыроду, Генадзь Канстанцінавіч быў ужо тры разы па месяцы.

На Кіліманджара — басанож

Падарожнічаць, каб вывучаць навакольны свет, мой суразмоўца пачаў, калі яшчэ ў школу не хадзіў. Гадоў у 5—6 уцякаў у лес, які быў за 4 кіламетры. Вяртаўся заўсёды зацемна, за што часта перападала ад бацькоў. Падрос — стаў жыць у лясах па некалькі тыдняў, а ў сорак гадоў, калі абышоў усе беларускія лясы і пушчы, стаў даследаваць замежныя. Каб было весялей і не трэба было надоўга развітвацца, амаль заўсёды браў з сабой жонку. У падарожжах ніколі не шукалі еўрапейскага камфорту, гарадскіх славутасцей, дарагіх атэляў. Старажытная архітэктура, адметная культура, багаты прыродны і раслінны свет — тое, што іх падкупляе. Вось чаму за іх плячыма — Індыя, Малайзія, Новая Гвінея, экватарыяльная Афрыка, Кенія, Танзанія, астравы Цэйлон, Шры-Ланка, Калімантан, Барнэа, Папуа — Новая Гвінея, Інданезія, Сінгапур і іншыя.

Мяне асабіста здзівіла не столькі геаграфія, не сумняваюся, эказатычных падарожжаў, колькі тое, што мой суразмоўца не ведае ніводнага слова ні на адной замежнай мове, і тое, што не ўмее нават уключаць камп’ютар і тым больш адшукаць там інфармацыю! Ён падарожнічае сам па сабе: з-за дарагавізны адмаўляецца ад паслуг турагенцтваў. Генадзь Канстанцінавіч запэўнівае, што, калі ты рухаешся за марай, “перакладчыкам” лёгка выступіць аловак і некалькі лісточкаў з надрукаванымі фразамі.

Напрыклад, Генадзь Канстанцінавіч марыў падняцца на гару: першай пад яго нагамі была Кота-Кінабалу ў Малайзіі вышынёй 4200 метраў, а нядаўна — Кіліманджара, вышыня якой — 5895 метраў. Падняцца на Кіліманджара Генадзь марыў яшчэ са школы, каб упэўніцца, што там, на экватары, дзе круглы год стаіць спякота, ёсць вяршыня, на якой пастаянна ляжыць снег. Упартасць праявілася не толькі ў тым, што ён падняўся, але і ў тым, як ён гэта зрабіў: узышоў на гару басанож, толькі на апошніх сотнях метраў — у шлёпанцах. “Я па жыцці хаджу босы: мне так камфортна. Толькі калі выпадае зіма з 30-градуснымі марозамі, магу абуць летнія туфлі”, — кажа Генадзь.

Тое, што Генадзь не гаворыць па-англійску, не перашкодзіла застацца ў жывых, калі ён тры гады назад гасцяваў некалькі тыдняў у папуасаў-людаедаў у Новай Гвінеі. Незадоўна да гэтага сусветныя СМІ білі трывогу, што там канібалы напалі на трох турыстаў.

— Трэба ж ведаць іх правілы, табу, пачытаць пра традыцыі. Напрыклад, у Гвінеі нельга жэстыкуляваць, рабіць рэзкія рухі, крычаць. Нельга глядзець у вочы — такі погляд яны ўспрымаюць як выклік на паядынак, як для любога драпежніка, — дзеліцца вопытам зносін з небяспечнымі туземцамі Генадзь. — Але быў момант, калі я краем вока ўбачыў птушку, схапіўся за фотаапарат — адразу затрымцелі ў іх руках коп’і.

Куды будзе яго наступнае падарожжа, Генадзь не ведае. Але ведае напэўна, што яно будзе. Выбірае тое, што найбольш цікава і што зможа сабе дазволіць па грошах. Генадзь сцвярджае: чым больш сваіх мар выконваеш, тым цікавей марыць далей і пазнаваць новае.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара.