І творцы застаюцца паміж нас

- 11:44Вышэйшая школа

Убачыць маладога лейтэнанта Васіля Быкава, апынуцца ў працоўным кабінеце Івана Шамякіна, пачуць ажыўленую размову Андрэя Макаёнка і Кандрата Крапівы… Здавалася б, сёння гэта зусім немагчыма. Але аўдыторыя “Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі”, якую днямі адкрылі на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, даказвае адваротнае.

Фота да матэрыялу: І творцы застаюцца паміж нас.Ідэю праекта прапанаваў дэкан факультэта Іван Сямёнавіч Роўда, і праз некаторы час пачалася кіпучая праца па яго ажыццяўленні. У стварэнні аўдыторыі была задзейнічана вялікая колькасць людзей: і дызайнеры, і стваральнікі стэндаў, і выкладчыкі.

— Ідэі можна прапаноўваць розныя, але ніводная адміністрацыя не справіцца з нечым, калі гэта не падтрымае факультэцкая супольнасць, вялікі калектыў, — перакананы Іван Роўда. — Наша аўдыторыя — гэта даніна памяці класікам беларускай літаратуры XX стагоддзя. І мне прыемна, што палова з сямнаццаці прадстаўленых творцаў мае непасрэднае дачыненне да нашага факультэта: нехта вучыўся тут, працаваў, а нехта сумяшчаў і тое, і другое.

Па словах Івана Сямёнавіча, больш за сто гадоў назад склаўся такі напрамак ведаў, як музейная педагогіка, дзе музейныя вобразы і экспанаты разглядаюцца як сродак набыцця інфармацыі пра культуру, побыт народа і яго гісторыю, утвараючы своеасаблівую адукацыйную сістэму. Адкрытая аўдыторыя якраз адпавядае гэтаму кірунку. Яе стваральнікі думалі найперш пра тое, што гэта будзе не проста звычайны музей у традыцыйным яго ўспрыманні, а паўнавартасны вучэбны кабінет новага тыпу.

У аўдыторыі размясціліся 17 імянных стэндаў класікаў беларускай літаратуры. Яны прысвечаны народным пісьменнікам Беларусі Кандрату Крапіве, Міхасю Лынькову, Івану Мележу, Івану Шамякіну, Андрэю Макаёнку, Васілю Быкаву, Янку Брылю, Івану Чыгрынаву, Івану Навуменку і народным паэтам Янку Купалу, Якубу Коласу, Петрусю Броўку, Аркадзю Куляшову, Максіму Танку, Пімену Панчанку, Нілу Гілевічу і Рыгору Барадуліну.

Адметнай рысай кабінета можна назваць яго шматфункцыянальнасць. Разам з азнаямляльным і выхаваўчым складнікам аўдыторыя стане інавацыйнай пляцоўкай педагагічнай дзейнасці. Яе канцэпцыя прадугледжвае пабудову вучэбнага працэсу праз выкарыстанне новых тэхналогій.

Кожны стэнд змяшчае QR-код, пры дапамозе якога студэнт, выкладчык ці любы наведвальнік зможа перайсці на сайт narbel. bsu.by, створаны спецыяльна для праекта супрацоўнікамі факультэта. Рэсурс змяшчае 15 тэматычных раздзелаў, якія раскажуць пра біяграфію і творчасць не толькі народных, але і іншых класікаў беларускай літаратуры. Тут можна будзе азнаёміцца з галерэяй каляровых партрэтаў творцаў у выкананні беларускіх мастакоў, прасачыць радавод знакамітых аўтараў, зазірнуць у відэатэку літаратурных сустрэч паэтаў і пісьменнікаў з чытачамі, праслухаць інтэрв’ю і прагледзець некаторыя фрагменты экранізацый іх твораў.

Таксама на сайце даступны спецыяльныя раздзелы “Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі на старонках часопісаў “Роднае слова” і “Беларуская мова і літаратура”, раздзелы, прысвечаныя літаратуразнаўцам і лінгвістам БДУ — даследчыкам творчасці беларускіх творцаў, а таксама два банкі вучэбна-метадычнай інфармацыі для выкладчыкаў і студэнтаў. Акрамя таго, асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца творчасці моладзі філалагічнага факультэта, якая будзе акумулявацца на рэсурсе пад рубрыкай “Маладая плынь”.

Цікавыя звесткі, метадычныя рэкамендацыі, тэставыя заданні і новыя метады работы з дзецьмі змогуць знайсці тут настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, што дапаможа факультэту ўзаемадзейнічаць з установамі сярэдняй адукацыі. Акрамя таго, сайт стане годнай пляцоўкай для навуковай дзейнасці, прысвечанай прадстаўнікам беларускай літаратуры. Над напаўненнем сайта працуюць вучоныя і выкладчыкі факультэта.

— Хацелася б, каб моладзь успрымала беларускіх творцаў не як нешта недасягальнае, а знаёмілася з пісьменнікамі і паэтамі як з простымі людзьмі, з іх пачуццямі, перажываннямі, адметнымі характарамі, — адзначыў загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта прафесар Алесь Бельскі.

Па словах стваральнікаў праекта, самае галоўнае, што гэты сайт стане крыніцай пошуку ведаў для студэнтаў, развіцця іх творчых здольнасцей, бо надоўга застаецца толькі тая інфармацыя, якую моладзь шукае сама. Але і без выхаду на сайт наведвальніку ёсць дзе спыніцца: на стэндах аўдыторыі змяшчаецца шмат інфармацыі біяграфічнага кшталту, фотаздымкаў пісьменнікаў у акружэнні блізкіх і калег, а таксама кніг. Дзякуючы гэтаму, студэнты змогуць знайсці неабходныя звесткі, не пакідаючы заняткаў.

— Дзесяцігоддзямі студэнты ўдасканальвалі сваё майстэрства ў стварэнні шпаргалак. Але якімі б дасканалымі яны ні былі, іх трэба было схаваць, а пасля ціхенька дастаць. І вось упершыню ў гісторыі факультэта шпаргалкі пры падрыхтоўцы да экзамену па беларускай літаратуры ствараць не трэба. Студэнту дастаткова павярнуць галаву ўправа ці азірнуцца, — жартуе Іван Роўда.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.