Ідэі заззяюць новымі гранямі

- 11:23Адукацыйная прастора

У мінулыя выхадныя ля кіназалы velcom cinema аднаго з гандлёвых цэнтраў сталіцы было весела і ажыўлена: тут сабраліся старшакласнікі школ, ліцэяў і гімназій, якія завіталі на другі вялікі інтэрактыўны майстар-клас “Мастацтва выступлення” праекта velcom YOUTH. Гэтак жа горача было і на адукацыйным канале праекта — за трансляцыяй лекцыі гэты раз сачыла больш за тысячу школьнікаў.

— За хвіліну ў свеце нараджаецца некалькі тысяч ідэй, але многія застаюцца “ў зямлі”, паколькі аўтары не могуць данесці іх галоўны пасыл тым, хто можа дапамагчы ажыццявіць задуманае, — паведаміла ўнутраны трэнер па публічных выступленнях кампаніі EPAM Systems Алена Глекава. — Уявіце, што ідэя — гэта алмаз. Зразумела, першапачаткова ён дарагі. Але, калі яго адшліфаваць, уставіць у аправу, пакласці на падушачку і накіраваць на яго добрае святло, ён стане дыяментам і будзе каштаваць у разы болей. Тое ж і з ідэяй. Вы, працуючы з ёй, — ювелір.

Ад сябе спецыяліст вылучыла тры асноўныя пункты, на якія трэба звярнуць увагу: прадстаўленне ідэі (якая яе адметнасць, у чым цікавасць для грамадства, пры дапамозе якіх сродкаў акрэсленае пытанне можна вырашыць), канкурэнтныя перавагі (у чым яе перавага перад падобнымі праектамі) і памяць пра тое, што прэзентацыя робіцца для людзей (прыкласці намаганні, каб на прамоўцу і яго ідэю было прыемна глядзець і каб гэта лёгка ўспрымалася).

— Калі ёсць выбар, людзі аддаюць перавагу не алмазу, а брыльянту. Пакажыце людзям ідэю, якая заззяе ўсімі гранямі, — заклікала Алена Глекава.

Адным з напрамкаў праектнай дзейнасці з’яўляецца інклюзія. Сённяшнія пытанні ў гэтай сферы акрэсліла кіраўнік сямейнага інклюзіў-тэатра “І” Ірына Кісялёва. Па словах спецыяліста, у краіне жывуць больш за дзве тысячы дзяцей, якія не могуць хадзіць у школу з-за асаблівасцей у развіцці. Гэта таленавітыя дзеці, якіх аб’ядноўвае аўтызм.

— Дэвід Барт, Шон Беландж, Максім Лагун — мастакі з такім дыягназам. І калі першыя два — сусветна вядомыя людзі, то поспех Максіма — 10-гадовага хлапчука, мастака-пачаткоўца — будзе ў нейкай ступені залежаць ад нас з вамі. Асаблівыя дзеці раскрываюцца ў тым выпадку, калі ў іх бачаць звычайных падлеткаў, а не дыягназы, — падзялілася прамоўца, запрашаючы маладых людзей да супрацоўніцтва. — Пераканана, што кожная хвіліна з намі, у нашым тэатры, не пройдзе для вас дарма.

На сустрэчу са школьнікамі прыйшлі Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка (гурт Naviband) — прадстаўнікі Беларусі на “Еўрабачанні-2017”. Артысты адзначылі, што зусім не важна, на якой пляцоўцы выступаць: у школе з рэфератам ці вершам або на сцэне з песняй. Важны змест.

— Вы павінны верыць у тое, што хочаце даць свайму гледачу ці суразмоўцу. Толькі тады зможаце патрымаць у руках сінюю птушку, — адзначылі госці.

Арцём сказаў, што на цяперашнім этапе хваляванне для яго — гэта задавальненне, але так, па яго словах, было не заўсёды. Для Ксеніі ўсё наадварот. Конкурсы для яе — вялікае выпрабаванне. І “Еўрабачанне”, на яе думку, той крок, пры дапамозе якога трэба было выйсці з уласнай зоны камфорту.

— Збірайце вакол сябе моцных людзей. Тых, хто падтрымае і будзе перакананы ў поспеху больш, чым вы самі. Неаднойчы у вас спытаюць, ці патрэбна вам тое, што вы робіце. І з адказам на гэтае пытанне вы павінны вызначыцца ў самым пачатку. Нават калі вам гавораць, што ваш занятак увогуле не падыходзіць вам, але вы жывяце гэтым — усё наперадзе. Кожны этап жыцця мяняе яго сэнс: трэба толькі заўсёды нечага хацець, — параілі артысты.

Напярэдадні свят кампанія velcom прапанавала наведвальнікам майстар-класа паўдзельнічаць у “Калядным спрынце” — запісаць яскравае і насычанае эмоцыямі навагодняе відэавіншаванне на беларускай мове і апублікаваць на сваіх старонках у сацыяльных сетках з хэштэгамі #velcomYOUTH і #віншаванка да 8 студзеня 2019 года. Для распаўсюджвання ідэі маладым людзям прапанавалі адзначаць у запісе аднакласнікаў, настаўнікаў, сяброў і проста знаёмых, якім хацелася б перадаць віншавальную эстафету. Галоўнымі ўмовамі сюжэту арганізатары“спрынту” назвалі яго беларускамоўнасць і працягласць, якая не перавышае хвіліну. Яны абяцаюць, што аўтары самага яскравага і запамінальнага роліка атрымаюць падарункі ад кампаніі, а таксама персанальнае запрашэнне на TEDxYouth@Minsk. Самы папулярны запіс будзе абраны па колькасці “падабаек”, самы арыгінальны вызначаць Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка, а адно з віншаванняў вылучыць вядучы майстар-класаў радыёвядучы Дзмітрый Смірноў.

Ірына ІВАШКА.