Ідзе каляда, калядуючы…

- 10:29Нам пішуць

Педагагічны калектыў ясляў-сада № 4 Астраўца прытрымліваецца думкі, што дзетак з самага маленькага ўзросту трэба знаёміць з народнымі звычаямі і традыцыямі, з беларускім фальклорам. Найбольш паспяхова гэта можна рэалізаваць праз знаёмства і непасрэдны ўдзел у святах, якія здаўна шанаваліся нашымі продкамі.

Каляды… Радаснае і доўгачаканае свята, якое прыносіць радасную вестку. Здаўна лічылася: як правядзеш Каляды, такiм увесь год будзе. Значыць, год у нашым садку будзе шчодры, вясёлы, багаты на падарункі і новыя сустрэчы. Бо сустрэлі яго нашы дзеці з добрым настроем і незабыўнымі ўражаннямі. У госці ў дзіцячы садок прыйшлі калядоўшчыкі: Музыка, Механоша, Павадыр з Мядзведзем, Песеннік, Цыганка, Каза, Зорканоша. А сустрэлі іх Гаспадар і Гаспадыня разам з дзецьмі сярэдніх і старшых груп. Як жа было весела і цікава! Гульні, песні і танцы! Усё на роднай мілагучнай беларускай мове. Зачараваныя святам былі дарослыя і дзеці. Тут і танец “Крыжачок”, і гульні з Казой і Мядзведзем, і загадкі, і вершы!..

І, канечне, народныя песні. А стол такі багаты на ласункі! Не проста пачастункі, а менавіта тыя стравы, якія нашы прабабулі рыхтавалі на Каляды: каўбасы, яйкі, кумпякі і абавязковая салодкая каша-куцця!

І самае галоўнае — дзеці далучыліся да даўняй традыцыі — сустрэчы Каляд. Вялікі дзякуй музычным кіраўнікам В.Ю.Кіпцік і Я.Э.Рынкевіч за святочны настрой, за стварэнне добразычлівых, сяброўскіх адносін паміж дзецьмі і дарослымі.

Алена РУБІН,
выхавальніца дашкольнай адукацыі.