Імені героя

- 11:05Навіны рэгіёнаў, Рознае

Сярэдняй школе № 35 Гродна па рашэнні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта прысвоена імя падпольшчыка Мікалая Аляксеевіча Волкава, кіраўніка першай падпольнай групы, якая дзейнічала ў Гродне ў перыяд фашысцкай акупацыі са жніўня 1941 па студзень 1942 года.

Мікалай Волкаў нарадзіўся ў сяле Елкіна Ядрынскага раёна Чувашскай АССР. Ваенны інжынер, ён у 1940 годзе працаваў па ўмацаванні абароны ў раёне Беластока. Вайна застала яго з сям’ёй у Гродне. Ён верыў у непазбежнасць разгрому фашызму і гатовы быў дзейнічаць і змагацца.

І людзі пацягнуліся да М.Волкава. Ужо ў ліпені 1941 года вакол яго сталі аб’ядноўвацца аднадумцы. А ў жніўні ў групу ўваходзілі 12 чалавек. Самым надзейным памочнікам Мікалая Волкава стала яго жонка Варвара Шапашнікава.


Сваю дзейнасць члены падпольнай групы накіравалі на дапамогу байцам і камандзірам Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў палоне. Члены групы перадавалі палонным медыкаменты і дакументы, неабходныя для легалізацыі. З кастрычніка 1941 года распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Савінфармбюро, вялі работу па стварэнні партызанскага атрада. Аднак знайшоўся здраднік, які выдаў М.Волкава, яго жонку і чатырох членаў групы. Усе яны былі арыштаваны і пасля жорсткіх катаванняў расстраляны. Такая трагічная гісторыя подзвігу, які завяршыўся на гродзенскай зямлі. І наш абавязак — зрабіць усё неабходнае, каб памяць пра гэты подзвіг заўсёды была жывой.

На працягу некалькіх гадоў навучэнцы школы разам з кіраўніком школьнага музея “Памяць захоўвае” Р.Д.Прохаравай збіралі матэрыялы аб дзейнасці падпольнай групы. У верасні 2008 года ў школьным музеі была адкрыта экспазіцыя “Гродзенскае антыфашысцкае подполле: 1941—1944 гады”, дзе адзін з раздзелаў прысвечаны дзейнасці групы Мікалая Волкава.

Сёння музей стаў цэнтрам патрыятычнага выхавання вучняў. Матэрыялы яго былі выкарыстаны пры стварэнні некалькіх дакументальных фільмаў, знятых беларускім тэлебачаннем да 70-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


У Рэспубліканскім конкурсе музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем” у намінацыі “Музейный дэбют” музей школы быў удастоены дыплома III ступені.

Цесна супрацоўнічае калектыў школы з установамі радзімы М.А.Волкава. Плённая праца школьнага музея і яго кіраўніка Р.Д.Прохаравай у 2014 годзе была адзначана Ганаровай граматай Міністэрства культуры, па справах нацыянальнасцей і архіўнай справы Чувашскай Рэспублікі за ўклад у захаванне і развіццё чувашскай нацыянальнай культуры і ўмацаванне міждзяржаўнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Чувашскай Рэспублікай. Таксама была выказана падзяка Чувашскага нацыянальнага музея калектыву школы за ўклад у развіццё музейнай справы.

У 2009 годзе калектыў школы сумесна з абласным грамадскім аб’яднаннем чувашоў “Атал” звярнуўся ў Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт з просьбай прысвоіць імя Мікалая Аляксеевіча Волкава адной з вуліц горада. Такое рашэнне было прынята, і сёння адна з вуліц мікрараёна Фабрычнага носіць яго імя, а ў 2010 годзе тут была ўстаноўлена мемарыяльная дошка Мікалаю Волкаву.

Па хадайніцтве школы і абласнога грамадскага аб’яднання чувашоў “Атал” Гродзенскі гарадскі савет дэпутатаў вырашыў у мінулым годзе ўнесці імя М.А.Волкава ў Кнігу славы Гродна. А праз год было прынята рашэнне аб прысваенні школе імя героя-падпольшчыка. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў школе прайшоў мітынг, прысвечаны гэтай падзеі, на якім прысутнічалі кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Анатоль Бубен, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Ганаровымі гасцямі на мітынгу былі прафесар Чувашскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І.М.Ульянава Уладзімір Аляксандравіч Васільеў і член праўлення саюза журналістаў Чувашыі Зоя Аркадзьеўна Якаўлева.

Анжаліка КАЗЛОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 35 Гродна.