Імідж сучаснай установы спецыяльнай адукацыі

- 11:00Рознае, Суразмоўца

Установы спецыяльнай адукацыі ў апошнія гады перасталі абмяжоўвацца толькі карэкцыйна-адукацыйнай работай, яны асвойваюць новую для сябе ролю — рэсурсных цэнтраў па падтрымцы і суправаджэнні інклюзіўных працэсаў у сваіх рэгіёнах. Сёння гэтыя ўстановы праводзяць адукацыйна-кансультацыйную работу як з педагогамі, так і з бацькамі. Аб гэтым расказала старшыня Савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі дырэктар Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Алена Сталіеўна ВАРАБ’ЁВА.

13_СПЕЦ Савет кіраўнікоў.jpg(сайт)

— Алена Сталіеўна, калі і з якой мэтай быў створаны Савет кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі? Якія тэмы і праблемы абмяркоўваюць яго ўдзельнікі падчас пасяджэнняў?

— Савет быў створаны ў 2012 годзе з мэтай выпрацоўкі рэкамендацый па пытаннях удасканалення спецыяльнай адукацыі, у прыватнасці, карэкцыйнай работы з дзецьмі, навукова-метадычнага забеспячэння спецыяльных адукацыйных устаноў, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. У склад савета ўваходзяць кіраўнікі такіх устаноў з кожнага рэгіёна краіны. У ім прадстаўлены спецыяльныя дашкольныя ўстановы, ЦКРНіР, спецыяльныя агульнаадукацыйныя школы-інтэрнаты, дапаможныя школы-інтэрнаты. Па ўсіх пытаннях развіцця сістэмы спецыяльнай адукацыі савет цесна супрацоўнічае з Міністэрствам адукацыі. Пасяджэнні Савета кіраўнікоў праходзяць два разы на год, і на іх абмяркоўваюцца самыя актуальныя і праблемныя пытанні.

Адно з першых пасяджэнняў адбылося ў сакавіку 2013 года ў Гродне на базе спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку, якую я ўзначальваю. Размова на ім ішла аб змяненнях і дапаўненнях, якія неабходна ўнесці ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”. Вынікам гэтай сустрэчы сталі выпрацаваныя разам з Міністэрствам адукацыі прапановы па ўдасканаленні заканадаўчай базы нацыянальнай сістэмы адукацыі, якія мне пашчасціла агучыць на парламенцкіх слуханнях у снежні 2013 года. Нашы меркаванні былі пачуты. Яны з’явіліся ў праекце пастановы, падрыхтаваным па выніках слуханняў. У прыватнасці, прапановы аб неабходнасці стварэння ва ўстановах адукацыі адпаведных умоў для атрымання адукацыі асобамі з аўтыстычнымі парушэннямі, аб падаўжэнні тэрміну навучання дзяцей з цяжкай інтэлектуальнай недастатковасцю ў ЦКРНіР і ў дапаможных школах да 10 гадоў, аб развіцці інклюзіўнай адукацыі.

Пасяджэнні Савета кіраўнікоў праходзілі ва ўсіх рэгіёнах краіны, у розных установах спецыяльнай адукацыі. Нядаўна, напрыклад, мы сустракаліся на базе Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. У рабоце пасяджэння прыняла ўдзел намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка. У цэнтры ўвагі на гэты раз была тэма іміджу сучаснай установы спецыяльнай адукацыі, а таксама крытэрыяў яе паспяховасці і якасці навучання. Рудзенская школа на чале з Валянцінам Іосіфавічам Гілеўскім з’яўляецца ў гэтым плане цудоўным прыкладам. Разам з яе дырэктарам мы прыйшлі да высновы, што спецыяльная школа павінна ісці ў нагу з часам, развівацца, але пры гэтым захоўваць і свае ўстойлівыя традыцыі. Установе не варта канцэнтравацца толькі на сваіх задачах і жыць толькі ўнутранымі падзеямі. Трэба быць адкрытай свету і людзям, запрашаць да сябе гасцей з устаноў агульнай адукацыі, самім ісці да іх і заяўляць аб сабе. Выставе творчых работ навучэнцаў дапаможных школ сёння можа пазайздросціць любая агульнаадукацыйная школа.

— Што вы лічыце самым галоўным дасягненнем айчыннай сістэмы адукацыі пры вырашэнні пытанняў навучання дзяцей з АПФР?

— З 1999 па 2007 год я працавала метадыстам абласнога ІРА і ўвесь гэты час курыравала сістэму спецыяльнай адукацыі Гродзенскай вобласці, адсочвала колькасныя і якасныя змяненні ў статыстыцы (банку даных) аб асаблівых дзецях, назірала за станаўленнем інтэграванага навучання, адкрыццём па ўсёй краіне ЦКРНіР. У тыя часы мяне ўражвала, што даволі вялікая колькасць дзяцей з АПФР на працягу доўгіх гадоў не была ахоплена адукацыяй, таму што лічылася, што такіх дзяцей навучыць немагчыма. Самае галоўнае дасягненне айчыннай сістэмы адукацыі, на мой погляд, адмова ад паняцця “ненавучаемыя дзеці”. Мы пазбавіліся і ад тэрміналогіі, якая абражала асаблівых дзяцей, пачалі арыентавацца не толькі на паспяховага вучня, зразумелі, што нікому не варта адмаўляць у праве на адукацыю і ў праве на шчасце. Нельга сцвярджаць адназначна, што дзяўчынка-выдатніца, якая скончыла школу з медалём, будзе больш паспяховай у жыцці, чым выпускніца дапаможнай школы, якая можа стаць і добрай мамай, і гаспадыняй, і знайсці работу па сваіх здольнасцях.

Успамінаю, як у 1983 годзе пасля заканчэння ВНУ я прыйшла на работу ў спецыяльную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Пакуль я не ўпэўніла сябе, што ў маіх навучэнцаў выдатныя здольнасці, што яны таленавітыя, такія ж, як і іншыя дзеці, у мяне нічога не атрымлівалася. Эмацыянальным было маё выступленне тры гады назад у парламенце, напрыканцы якога я сказала: “Калі чалавек ідзе не ў такт з тымі, хто побач, значыць, ён чуе гукі іншай музыкі і падпарадкоўваецца ёй. Не перашкаджайце яму, ні ў якім разе, нават калі мелодыя вельмі адрозніваецца ад вашай”.

Адукацыйны маршрут для кожнага дзіцяці з АПФР фарміруецца ў ЦКРНіР, дзе даюцца рэкамендацыі ў выглядзе пэўнага вучэбнага плана і праграмы навучання. Але ў індывідуальным адукацыйным працэсе яны могуць быць скарэкціраваны ў залежнасці ад поспехаў дзіцяці. Педагог у рабоце з вучнем павінен зыходзіць не з таго, што ён можа чагосьці не ўмець. Неабходна маленькімі крокамі накіроўваць дзіця да наступнай прыступкі ў атрыманні ведаў, асваенні навыкаў, ствараць “зону бліжэйшага развіцця”. Нельга прымушаць навучэнца засвойваць той вучэбны матэрыял, які ён не можа засвоіць. І ў той жа час заданні для яго не павінны быць занадта простымі, планку магчымых дасягненняў трэба заўсёды трымаць вышэй.

Станоўчым момантам у рабоце сістэмы адукацыі з’яўляецца тое, што бацькі дзяцей з асаблівасцямі маюць сёння ўнікальную магчымасць выбару формы навучання для сваіх дзяцей — ва ўмовах спецыяльных або агульнаадукацыйных устаноў адукацыі. Сістэма спецыяльнай адукацыі ў нашай краіне існуе і развіваецца паралельна з інтэграваным і інклюзіўным навучаннем. У нашай школе, напрыклад, ёсць навучэнцы, якія спачатку вучыліся дома, затым, атрымаўшы дазвол спецыялістаў, прыйшлі вучыцца да нас. Некаторыя затым пераходзяць з нашай установы ў масавую школу. І гэта іх права. Галоўнае, што яны заўсёды могуць вярнуцца да нас, такая магчымасць застаецца ў іх, што надае бацькам і дзецям упэўненасці.

— Праблемныя пытанні, звязаныя з навучаннем дзяцей з АПФР, іх сацыялізацыяй, часта знаходзяцца пад увагай некалькіх ведамстваў. Ці запрашаеце вы на пасяджэнні Савета прадстаўнікоў сістэм аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, каб агульнымі намаганнямі знаходзіць патрэбнае рашэнне?

— Аб сур’ёзнай міжведамаснай раз’яднанасці мы маглі гаварыць гадоў 20 назад. Сёння праблемы вырашаюцца прасцей. На нашых пасяджэннях прысутнічаюць і ўдзельнічаюць у абмеркаванні складаных пытанняў работнікі сістэмы аховы здароўя, сацыяльнай абароны, прадстаўнікі органаў выканаўчай улады. Вострай тэмай для дыскусіі з’явілася пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства аховы здароўя ад 10 студзеня 2013 года аб устанаўленні пераліку медыцынскіх паказанняў і медыцынскіх супрацьпаказанняў для аказання сацыяльных паслуг ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання. Гэты дакумент фактычна забараніў выпускнікам ЦКРНіР наведваць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сумеснымі намаганнямі спецыялістаў розных ведамстваў праблема была вырашана на карысць выпускнікоў ЦКРНіР.

Мы хадайнічаем і аб дзецях-інвалідах з цяжкай інтэлектуальнай недастатковасцю і цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі. Для іх павінен быць павялічаны тэрмін навучання ў ЦКРНіР і другім аддзяленні дапаможнай школы з дзевяці да дзесяці гадоў, каб навучэнцы дасягалі 18 гадоў і маглі адразу пераходзіць у ТЦСАН.

Станоўчы вопыт у кірунку міжведамаснага ўзаемадзеяння напрацаваны ў Гомельскім абласным ЦКРНіР. На яго базе праходзіла адно з пасяджэнняў савета з удзелам медыцынскіх работнікаў, дзе абмяркоўвалася пытанне аб неабходнасці перагляду супрацьпаказанняў для атрымання прафесіі маладымі людзьмі з асаблівасцямі ў развіцці, і было прынята рашэнне аб падрыхтоўцы адпаведнага дакумента.

Калі гаварыць аб дзецях з парушэннямі зроку, то ім сёння па стане здароўя не дазваляецца атрымліваць многія рабочыя прафесіі. Але яны могуць атрымліваць вышэйшую адукацыю па розных спецыяльнасцях, акрамя тых, дзе ёсць павышаная нагрузка на зрок. Напрыклад, недаступнымі для невідушчых лічацца спецыяльнасці ІТ-сферы. Тым не менш у нашай школе вучацца маладыя людзі, якія цудоўна валодаюць камп’ютарам, карыстаюцца інтэрнэтам, сацыяльнымі сеткамі. Некаторыя асвойваюць камп’ютарны дызайн, самастойна пішуць камп’ютарныя праграмы, напрыклад, для прасторавай арыентацыі з дапамогай JPS-навігацыі. Але нават такія выпускнікі сутыкаюцца са значнымі цяжкасцямі, калі спрабуюць паступіць на ІТ-спецыяльнасці. У асноўным маладыя людзі з парушэннямі зроку ідуць вучыцца ў Гродзенскі медыцынскі каледж (на тэхнікаў-масажыстаў), паступаюць у наш каледж мастацтваў і музычны каледж. Яны з поспехам заканчваюць гэтыя ўстановы, часта з чырвонымі дыпломамі, і ўладкоўваюцца на працу. Толькі ў нашай школе працуе пяцёра нашых выпускнікоў. Некаторыя працягваюць сваё навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі, напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Расійскай дзяржаўнай спецыялізаванай акадэміі мастацтваў. Трое выпускнікоў навучаюцца ў Курскім музычным каледжы-інтэрнаце сляпых.

— Ці створаны сёння спецыяльныя ўмовы для навучання маладых людзей з АПФР ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі?

— Без стварэння спецыяльных умоў для навучання мы не маем права гаварыць пра роўныя магчымасці пры атрыманні адукацыі асобамі з парушэннямі ў развіцці. На адным з пасяджэнняў нашага савета абмяркоўвалася гэтая тэма. Вынікам гэтага цікавага дыялогу стаў абноўлены банк устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, у якіх створаны спецыяльныя ўмовы для навучання юнакоў і дзяўчат з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Сярод такіх устаноў назаву, напрыклад, Мінскі каледж электронікі, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, БДПУ імя Максіма Танка і іншыя ўстановы. У іх набываюцца неабходныя тыфлатэхнічныя (для людзей з парушэннямі зроку), сурдатэхнічныя (для людзей з парушэннем слыху), камп’ютарныя сродкі навучання, камунікацыі і, што вельмі важна, ёсць падрыхтаваныя да работы з данымі катэгорыямі навучэнцаў выкладчыкі.

Калі гаварыць аб выпускніках дапаможных школ, то яны могуць атрымліваць рабочыя спецыяльнасці ў прафесійна-тэхнічных установах краіны і пасля ўладкоўвацца на працу. Непакояць у гэтым плане маладыя людзі з інтэлектуальнай недастатковасцю з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Лічу, што неабходна ствараць для іх ва ўстановах адукацыі аддзяленні постінтэрнатнай адаптацыі, дзе дзеці будуць атрымліваць навыкі самастойнага пражывання, псіхалагічную, прававую і іншыя віды дапамогі. Першыя крокі па стварэнні ў якасці эксперымента аддзялення сумеснага пражывання ўжо прынеслі станоўчыя вынікі.

Выклікаюць заклапочанасць і дзеці з аўтыстычнымі парушэннямі, колькасць якіх у апошнія гады значна павялічылася. Гэтыя дзеці жывуць у сваім уласным свеце і часта нічога не жадаюць ведаць пра іншых. Але часам іх патэнцыял аказваецца вышэйшым, чым у многіх. Работа з гэтай катэгорыяй дзяцей патрабуе добра падрыхтаваных спецыялістаў, якія валодаюць адмысловымі методыкамі, ведамі па спецыфічнай арганізацыі жыццёвай і адукацыйнай прасторы такіх навучэнцаў.

— Як знайсці аптымальную і камфортную форму навучання для кожнага навучэнца, каб ён змог на сваім узроўні асвойваць адзіную для ўсіх праграму? Ці магчыма інклюзія для ўсіх дзяцей?

— Да такой адукацыі мы будзем ісці паэтапна, крок за крокам. Аб паступовасці гэтага руху сказана ў Канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Зараз праводзіцца эксперыментальная работа, ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў, ствараюцца вучэбныя праграмы, адпаведная метадычная база. У гэтым пытанні шмат залежыць ад канкрэтных дзеянняў устаноў адукацыі, таго, ці становяцца яны самі ініцыятарамі інклюзіўных працэсаў. Гэта тычыцца і ўстаноў спецыяльнай адукацыі. Нашы дзеці з парушэннямі зроку заяўляюць аб сабе не толькі ў конкурсах для дзяцей з асаблівасцямі, яны прымаюць удзел у конкурсах для звычайных дзяцей. Сумесныя канцэрты ладзяцца паміж нашай школай-інтэрнатам і гродзенскімі школамі для дзяцей з парушэннем слыху і дапаможнай школай. Да нас прыходзяць з выступленнямі навучэнцы агульнаадукацыйных школ. А сёлета нашы дзеці былі гасцямі ў сярэдняй школе № 18 Гродна і ўразілі яе навучэнцаў і педагогаў сваімі музыкальнымі здольнасцямі. Усім вельмі спадабалася гульня на фартэпіяна нашай дзевяцігадовай Насці Гуранковай. Пачуццё талерантнасці, эмацыянальнага адзінства паміж дзецьмі ўзнікае менавіта пры нефармальных зносінах, пры арганізацыі сумесных свят і конкурсаў. Паступова такое ўспрыманне пераходзіць і ў вучэбны працэс.

— Алена Сталіеўна, раскажыце аб ідэях і задумах, якія вы плануеце рэалізаваць у сваёй установе адукацыі ў бліжэйшыя гады.

— Наша ўстанова сёння распаўсюджвае перадавы педагагічны вопыт па навучанні невідушчых, нашы спецыялісты даюць кансультацыі па спецыфіцы навучання дзяцей з парушэннем зроку і па самых розных аспектах карэкцыйнай работы з імі. Мне хацелася б, каб наша школа стала базай па профільным навучанні дзяцей, па падрыхтоўцы да паступлення ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Можна было б адкрыць хіміка-біялагічны кірунак навучання, таму што многія нашы выпускнікі паступаюць у медыцынскі каледж, з якім у нас наладжана супрацоўніцтва. Пажадана адкрыць і сваю тыпаграфію, каб друкаваць заданні і тэксты шрыфтам Брайля.

У сценах школы навучэнцы атрымліваюць добрае музычнае выхаванне, вучацца вакальным спевам, ігры на інструментах. Ёсць у нас і свой узорны хор. Часта нашы дзеці перамагаюць у фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. Мая асабістая мара — сабраць творча адораных дзяцей з парушэннямі зроку з усёй краіны і на базе нашай школы арганізаваць для іх трывалую музычную падрыхтоўку. Хацелася б адкрыць сваю студыю гуказапісу, культурна-забаўляльны цэнтр для людзей з парушэннямі зроку, які б працаваў на ўвесь рэгіён. Мы маглі б выступаць з канцэртамі па ўсёй Беларусі.

Надзея ЦЕРАХАВА.