Імкнучыся да вяршынь, памятаць пра свае вытокі

- 12:12Навіны рэгіёнаў

Апошні званок празвінеў для 5520 выпускнікоў 11-х класаў устаноў адукацыі Віцебшчыны. У Обальскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай Шумілінскага раёна гасцямі свята сталі кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома і старшыня Шумілінскага райвыканкама Віктар Гутараў.

Лета школа сустрэла ў абноўленым абліччы: тут поўнасцю адрамантавалі фасад і дах, замянілі вокны, правялі рэканструкцыю санвузлоў, адрамантавалі і абсталявалі ўнутраныя памяшканні, добраўпарадкавалі тэрыторыю. На базе ўстановы адукацыі размясціўся філіял школы мастацтваў.

— За лета плануем завяршыць асфальтаванне пляцоўкі ля школы і рамонт у сталовай, замяніць асвятляльныя прыборы, — паведаміла дырэктар школы Іна Чарнічэнка. — На правядзенне рамонтных работ нам выдзелілі 500 тысяч бюджэтных асігнаванняў, з іх 460 мы ўжо асвоілі. Што тычыцца невялікіх бягучых рамонтаў, падрыхтоўкі да пачатку навучальнага года, то на гэта штогод пераважна выкарыстоўваем уласныя сродкі. На дабрачынную дапамогу бацькоў стараемся разлічваць па мінімуме: дастаткова іншых крыніц, — ад сваіх цяпліц і падсобнай гаспадаркі да збору другаснай сыравіны. Па аб’ёме пазабюджэту мы трымаем лідарства сярод устаноў адукацыі раёна.

З пятнаццаці дзевяцікласнікаў шасцёра працягнуць падрыхтоўку ў профільным класе з вывучэннем на павышаным узроўні біялогіі і фізікі, астатнія вырашылі паступаць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 11 клас заканчваюць 13 юнакоў і дзяўчат, большасць з іх збіраецца паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, двое прэтэндуюць на медалі. Пасля экзаменаў у кожнага будзе магчымасць дадаткова пазаймацца з настаўнікамі, каб падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання, — для гэтага зацверджаны спецыяльныя індывідуальныя графікі.

— Вельмі таленавіты клас, мае выпускнікі выдатна праявілі сябе як у вывучэнні школьных прадметаў, так і ў творчасці, спорце, грамадскай дзейнасці, — расказала класны кіраўнік Ларыса Захарава. — Цудоўныя дзеці, і такія дарослыя. Усе дзяўчынкі скончылі музычную школу, займаліся ў гуртку па вышыўцы. Ёсць сярод іх і пераможцы алімпіяды па вучэбных прадметах, конкурсаў даследчых работ, знакамітых “Каляднай зоркі” і акцыі “На добрую памяць”, рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Будучыня за табой” і абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка”. А колькі карысных спраў, цікавых праектаў разам зроблена! Я веру ў тое, што ў кожнага з іх атрымаецца знайсці прызначаны шлях, споўніць усе мары і надзеі.

Уручаючы дырэктару школы сертыфікат на 10 тысяч рублёў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, Віктар Гутараў нагадаў, што бу­дзе рады неўзабаве пабачыць сённяшніх выпускнікоў дыпламаванымі маладымі спецыялістамі на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Уладзімір Цярэнцьеў пажадаў моладзі дастойна здаць экзамены, дасягнуць намечаных вышынь у дарослым жыцці і заўсёды памятаць свае карані, бацькаўшчыну, родную школу.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Обальскай сярэдняй школай імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай Шумілінскага раёна.