Імпульс для далейшага супрацоўніцтва

- 16:00Магілёўшчына

Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” ў рамках праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” даўно ажыццяўляе плённае ўзаемадзеянне з кожным рэгіёнам краіны. У Магілёўскай вобласці доўгатэрміновы праект рэалізоўваецца ўжо 7 гадоў. Здаецца, няшмат, але пэўныя вынікі цеснага супрацоўніцтва галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і галіновых выданняў настаўніцтва краіны відавочныя.

У ходзе прэс-туру па Магілёўшчыне было падпісана абноўленае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій.

Рэалізацыя праекта стала перадумовай адкрыцця карэспандэнцкага пункта на Магілёўшчыне. За час яго існавання назіраецца павелічэнне змястоўнай насычанасці публікацый з улікам інфармацыйных і прафесійных запытаў чытацкай аўдыторыі. Значна павялічылася і колькасць педагогаў, для якіх газеты і часопісы выдавецкага дома сталі сапраўднымі дарадцамі ў працоўнай дзейнасці. Таму нядзіўна, што ў такім узаемавыгадным супрацоўніцтве зацікаўлена як кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, так і кіраўніцтва РВУ “Педагагічная прэса”.

Першыя запланаваныя вынікі дасягнуты. Але жыццё не стаіць на месцы, таму ўзаемадзеянню было вырашана надаць новы імпульс. Падчас чарговага рэгіянальнага прэс-туру адбылося падпісанне абноўленага пагаднення аб супрацоўніцтве. Сваімі подпісамі яго зацвердзілі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Барысавіч Заблоцкі і дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў. Пагадненне будзе канкрэтызаваць далейшыя кірункі двухбаковага ўзаемадзеяння і дзейнасці карэспандэнцкага пункта па Магілёўскай вобласці.

— “Настаўніцкая газета” і іншыя выданні РВУ “Педагагічная прэса” сёння па праве маюць значны аўтарытэт. Кожнае выданне вылучаецца арыгінальнасцю, сваім непаўторным стылем. Калі гаварыць пра “Настаўніцкую газету”, то яе выгадна адрознівае разнастайнасць меркаванняў і падыходаў да найважнейшых, актуальных праблем у сферы адукацыі. Гартаючы яе старонкі, можна азнаёміцца з дзейнасцю асветнікаў мінулага і інавацыйнай сістэмай адукацыі цяперашняга часу, даведацца пра жыццё ветэранаў педагагічнай працы і аб працоўных буднях сучасных настаўнікаў. Менавіта таму праект па інфармацыйным узаемадзеянні мы адразу падтрымалі. Гэты крок прынёс чаканы вынік. Наяўнасць карпункта адкрыла новыя перспектывы супрацоўніцтва, паспрыяла асвятленню на старонках прафесійных выданняў арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах, вопыту лепшых педагогаў, нашых праблем і здабыткаў. Спадзяюся, што ў падобным ключы наша сумесная праца будзе будавацца і далей, — адзначыў Андрэй Барысавіч Заблоцкі.

У сваю чаргу дырэктар РВУ “Педагагічная прэса” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў, выступаючы перад настаўніцтвам Магілёўшчыны, падкрэсліў, што выдавецкі дом заўсёды адкрыты да прапаноў па ўдасканаленні супрацоўніцтва і гатовы падтрымаць любыя дзейсныя ініцыятывы, якія дапамогуць пашырэнню прафесійнай тэматыкі, жанравай разнастайнасці і змястоўнасці публікацый.

— Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” сёння аб’ядноўвае шэсць друкаваных і адно сеткавае выданне. Усе яны — своеасаблівая пляцоўка для папулярызацыі і абмену педагагічным вопытам, пляцоўка для вашага прафесійнага росту. Настаўніцтва Беларусі — гэта яркія, таленавітыя, высокапрафесійныя людзі, носьбіты ўнікальных ведаў па выхаванні дзяцей. У нашых выданнях мы імкнёмся паказаць вас, лепшых, каб астатнія цягнуліся да сваіх калег, імкнуліся да прафесійнага ўдасканалення. Такія нашы сустрэчы — гэта не лекцыі і не пасяджэнні. Нам вельмі хочацца бачыць захопленых, зацікаўленых педагогаў і вучняў у рэальнай, натуральнай абстаноўцы. Таму мы рэгулярна своеасаблівымі рэдакцыйнымі дэсантамі выяз­джаем у рэгіёны. Мы хочам на свае вочы ўбачыць вашы дасягненні, па­чуць пытанні і праблемы, якія вас хвалююць. У гэтым асноўны сэнс прэс-тураў, і на такім падыхо­дзе зараз канцэптуальна будуецца дзейнасць кожнага нашага выдання, — паведаміў Вадзім Аляксандравіч Кнышаў.

Дарэчы, удзельнікамі размовы з кіраўніцтвам і журналістамі выдавецкага дома сталі звыш ста педагогаў Прыдняпроўскага краю, якія прадстаўлялі ўстановы адукацыі з розных куткоў рэгіёна. Дыялог атрымаўся нефармальным. У ходзе двухбаковай гутаркі былі абмеркаваны найбольш актуальныя праблемы і дасягненні сферы адукацыі краіны. Кожны настаўнік меў магчы­масць агучыць хвалюючыя пытанні і атрымаць на іх падрабязныя адказы. Педагогаў Магілёўшчыны цікавіла, якія праекты зараз рэалізоўваюцца “Педагагічнай прэсай”, якія асноўныя аспекты дзейнасці выданняў, як само кіраўніцтва ўстановы ацэньвае ўзровень сваёй працы.

Час гутаркі прайшоў непрыметна, бо яна выдалася даволі канструктыўнай. Пытанняў было закранута нямала, але галоўнай высновай, да якой прыйшлі абодва бакі пасля яе завяршэння, стала тое, што праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” у Магілёўскай вобласці паказаў сваю эфектыўнасць, утрымлівае моцны арганізацыйны і творчы патэнцыял па многіх кірунках, якія належыць развіваць. А калі так, то плённае двухбаковае супрацоўніцтва партнёры будуць працягваць і далей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.