“Інапарк” бярэцца за падрыхтоўку будучых інжынераў

- 15:25Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Развіццё дадатковай адукацыі на Гомельшчыне знаходзіцца ў шэрагу прыярытэтных кірункаў. Гэта не толькі магчымасць дапамагаць дзецям і падлеткам развіваць таленты і здольнасці, але і добрае рашэнне заняць карыснымі справамі іх вольныя гадзіны. Апошнім часам некаторыя ўстановы дадатковай адукацыі наогул спрабуюць стаць уводным курсам у пэўныя спецыяльнасці і мэтанакіравана рыхтаваць сваіх выпускнікоў да будучай прафесіі. “Піянерам” у гэтым у Гомельскай вобласці плануе стаць абласны Цэнтр тэхнічнай творчасці.

У цэнтры ўжо некалькі гадоў развіваюць праект па робататэхніцы “Інапарк”, які пачынаўся ў рамках шостага школьнага дня. У гэтым навучальным годзе праекту вырашылі надаць новае значэнне, змяніць яго фармат.

Па сутнасці, “Інапарк” ствараўся як платформа для атрымання дзецьмі інжынернай адукацыі і прызначаны на выхадзе даць ім моцную базу для таго, каб паступіць у тэхнічныя ўстановы вышэйшай адукацыі, маючы пры гэтым пэўную спецыяльную падрыхтоўку.

— Інжынер сёння павінен валодаць шэрагам навыкаў, — упэўнена дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Алейнік. — Безумоўна, тут ёсць асноўная кампетэнцыя, але абавязкова павінны быць і скразныя.

Менавіта на ўсебаковую падрыхтоўку і накіраваны новы фармат праекта. Аднак дзеці і бацькі па-рознаму расстаўлялі прыярытэты: нехта лічыў, што дастаткова навучыцца ствараць робатаў з LEGO-канструктара, нехта браў у дадатак праграмаванне і г.д. Што ж зменіцца цяпер? Выстраіцца дакладная структура, якая дазволіць дзіцяці прайсці ўсе прыступкі, пачынаючы ад асноў (для самых маленькіх) і заканчваючы складаным праграмаваннем мікрапрацэсарнай тэхнікі.

— Зараз даволі папулярнымі ў кірунку робататэхнікі сталі LEGO-канструктары, — тлумачыць Наталля Анатольеўна. — Такія гульні даюць магчымасць прыцягнуць дзяцей, маляўніча, цікава прадставіць ім сур’ёзную рэч. А вось каб засвоіць сапраўдную робататэхніку, неабходна ад канструктараў павольна пераходзіць на больш высокі ўзровень.

Менавіта на гэта накіраваны новы фармат “Інапарка”, дзе падрыхтоўка будучага інжынера будзе трохузроўневай. Першы ўзровень — падрыхтоўчы — разлічаны на самых малых і мае сваёй задачай пазнаёміць выхаванца з тым, што такое робататэхніка ўвогуле, выкарыстоўваючы канструктар LEGO. Далей — робататэхніка для пачаткоўцаў. Гэта таксама канструктары, але больш складаныя і сур’ёзныя. І, нарэшце, сапраўдная работа па стварэнні робатаў — гэта новая прапанова Цэнтра тэхнічнай творчасці. Сёлета закупілі самую папулярную зараз платформу аматарскай і адукацыйнай робататэхнікі Arduino, і з новага навучальнага года пачынаецца яе ўкараненне.

Цяпер, атрымаўшы пачатковую падрыхтоўку і авалодаўшы навыкамі стварэння робатаў пры дапамозе LEGO-канструктараў, дзеці могуць пераходзіць на сапраўдны ўзровень. Arduino — гэта платформа, а які будзе робат, выхаванец павінен думаць сам, праграмаваць яго. Гэта значыць, акрамя асноўнага гуртка, выхаванец цэнтра павінен наведваць яшчэ і тыя гурткі, якія будуць дапаўняць яго кірунак. Зразумела, прымушаць нікога не будуць. Гурток па робататэхніцы — гэта платная паслуга. А вось набыццё так званых скразных кампетэнцый будзе абсалютна бясплатным.

Дырэктар абласнога Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі прызнаецца, што ўкараненне платформы Arduino — гэта толькі першы этап. Ёсць намер пайсці яшчэ далей.

— За гэты год хочацца набыць і ўкараніць такі кірунак, як прататыпаванне — 3D-прынтар і 3D-сканер, — дзеліцца задумкамі мая субяседніца. — Напрыклад, ты прыдумаў, які ў цябе будзе робат, зрабіў усе неабходныя ланцугі, запраграмаваў. Для таго каб рэальна стварыць робата, павінна быць механіка, робат павінен рухацца. Трэба правесці вялікую працу: начарціць, зрабіць у 3D-фармаце на камп’ютары, вывесці на 3D-прынтары, раздрукаваць і сабраць свайго робата. Вось гэта ўжо сапраўдная робататэхніка, робататэхніка ўзроўню інжынерыі.

Як кіраўнік Наталля Алейнік марыць дабіцца таго, каб працаваць у цэнтры для кожнага педагога было прэстыжна, каб адбор ішоў на конкурснай аснове. Такі падыход, лічыць яна, знізіць да мінімуму наяўнасць у цэнтры выпадковых педагогаў. Тады бацькі будуць ведаць: калі іх дзіця прыйшло ў Цэнтр тэхнічнай творчасці з сур’ёзнымі намерамі, яно выйдзе з гэтых сцен, атрымаўшы добрую адукацыю. Займаючыся ў цэнтры, цяпер кожны выхаванец можа выбраць установу вышэйшай адукацыі і мэтанакіравана рыхтавацца да паступлення ў яе. Гэта яшчэ адна навінка “Інапарка”.

Вядома ж, каб паступіць ва УВА, трэба здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па пэўных прадметах. Інжынерны кірунак звычайна патрабуе веданне такіх прадметаў, як “Фізіка”, “Матэматыка”, “Інфарматыка”. З апошнім няма ніякіх праблем, паколькі ў цэнтры вывучаецца праграмаванне. Што тычыцца астатніх прадметаў, выйсце таксама знойдзена. У гэтым навучальным годзе пры Цэнтры тэхнічнай творчасці адкрываюць работу два клубы: “Юны фізік” і “Юны матэматык”. Заняткі будуць праводзіць выкладчыкі з гомельскіх універсітэтаў. Такім чынам, установа дадатковай адукацыі будзе ад пачатку да канца рыхтаваць будучага інжынера, даючы яму як спецыяльныя навыкі будучай прафесіі, у тым ліку практычныя, так і падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання.

— Зразумела, немагчыма вырашыць усё задуманае адразу, — гаворыць Наталля Алейнік. — Я думаю, калі мэтанакіравана працаваць у гэтым кірунку, то максімум праз пяць гадоў мы будзем мець дакладную сістэму падрыхтоўкі, такую, якой мы яе бачым у новым фармаце нашага “Інапарка”.

Робататэхніка, інжынерныя навыкі і вывучэнне ІТ-тэхналогій — папулярны і перспектыўны напрамак, на які сёння робяць стаўку ўстановы дадатковай адукацыі. Аднак, як адзначае мая субяседніца, нельга пакідаць за бортам і іншыя напрамкі, якія развіваліся на працягу дзясяткаў гадоў. Многім дзецям і зараз цікава займацца разьбой і выпальваннем па дрэве, суднамадэляваннем, астраноміяй. Такія гурткі працягваюць працаваць, і дзеці іх наведваюць з задавальненнем, асабліва ў райцэнтрах. Тым не менш, на думку Наталлі Анатольеўны, тут ёсць сур’ёзная праблема: састарэлыя методыкі трэба мяняць, прыдумваць нешта новае, тое, што будзе адпавядаць запытам і інтарэсам сучасных дзяцей і падлеткаў.

Вырашыць гэтую праблему не складана. Неабходна проста падымаць прэстыж устаноў дадатковай адукацыі і павышаць патрабаванні да педагогаў.

— Гэта як у школе настаўнік: калі ён адданы справе, калі гарыць ідэямі, то дзеці таксама загараюцца, — параўноўвае Наталля Алейнік.

Новы навучальны год Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці сустрэне ва ўласным памяшканні, якое днямі было перададзена ўстанове ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Новае месца, новыя ідэі — добры дуэт для рэалізацыі мар і росквіту.

Наталля ЛУТЧАНКА.