Замежныя дэлегацыі з больш як 100 краін прымуць удзел у цырымоніі прывядзення да прысягі прэзідэнта Ірана Хасана Раўхані, якая адбудзецца ў Тэгеране сёння. Аб гэтым паведаміў напярэдадні член камісіі па нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы парламента Ірана Алірэза Рахімі.
“Пры супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў і парламентам (Меджлісам) быў створаны камітэт па правядзенні цырымоніі”, — расказаў у сваім блогу Telegram Алірэза Рахімі.
Чакаецца, што ў цырымоніі інаўгурацыі перавыбранага Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран прымуць удзел дэлегацыі групы краін “Вялікай шасцёркі” (5 пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН і Германія). Такім чынам, 5 жніўня ў Іране будуць дэлегацыі з Расіі на ўзроўні віцэ-прэм’ера, дэлегацыі з Францыі, Вялікабрытаніі і Германіі на ўзроўні намесніка міністра замежных спраў, кітайская дэлегацыя на ўзроўні намесніка прэм’ер-міністра.
Прэс-сакратар па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі ЕС Кэтрын Рэй у сваім блогу ў Twitter паведаміла, што вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні таксама адправіцца ў Тэгеран 5 жніўня для ўдзелу ў цырымоніі інаўгурацыі іранскага прэзідэнта.
Хасан Раўхані атрымаў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, якія адбыліся ў Іране 19 мая бягучага года, набраўшы 57% (амаль 24 млн) галасоў.