Інавацыі для замяшчальных сем’яў

Асаблівасцю Астрынскай сярэдняй школы імя А.С.Пашкевіч (Цёткі) Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці з’яўляецца штогадовае павелічэнне колькасці замяшчальных сем’яў.

Праблемы прыёмнай сям’і абумоўлены як індывідуальнымі асаблівасцямі дзіцяці-сіраты або дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, так і асаблівасцямі членаў прыёмнай сям’і. Паколькі грамадзянская ідэнтычнасць з’яўляецца асновай групавой самасвядомасці, гэтая праблема набывае асаблівую актуальнасць у сувязі з тым, што выхаванцы замяшчальных сем’яў ужо перажылі трагедыю страты роднай сям’і, бацькі, маці, расчараванне ў бацьках, часцяком жорсткае абыходжанне.

У рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў ва ўстанове адукацыi” ў нашай школе рэалізоўваецца пазнавальна-гульнявы праект “Акцябрацкая вясёлка”, па якім навучэнцы пачатковай школы працуюць з верасня 2016 года. Праект закліканы садзейнічаць стварэнню і ўмацаванню дзіцячага калектыву, выхаванню ўзаемадапамогі, фарміраванню прафесійнай арыентацыі, форм самарэалізацыі і самасцвярджэння прыёмных дзяцей у рамках піянерскай арганізацыі.

Рэалізацыя тэхналогіі педагагічнай падтрымкі, якая адрозніваецца ад традыцыйных метадаў навучання і выхавання, садзейнічае самавызначэнню дзяцей з замяшчальных сем’яў у сітуацыі выбару і наступнаму самастойнаму вырашэнню сваёй праблемы падчас дыялогу і ўзаемадзеяння з дарослым.

Трэба адзначыць, што дзеці з замяшчальных сем’яў маюць патрэбу ў мяккім карэкцыйна-развіццёвым уздзеянні мастацтва як аднаго з элементаў выхавання. Мастацкая творчасць развівае асобу і гарманізуе адносіны дзіцяці са светам, дапамагае яму выказаць сваё “я”.

Асаблівая роля ў творчым развіцці вучняў у рамках фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці адводзіцца тэхналогіям арт-тэрапіі, гульнявой тэрапіі, ізатэрапіі, казкатэрапіі і іншым відам інтэрактыўнай дзейнасці, якія спрыяюць развіццю творчага мыслення, асобасных якасцей і з’яўляюцца эфектыўным сродкам для паспяховага самасцвярджэння навучэнцаў.

Гульнявыя і арт-тэрапеўтычныя тэхнікі спрыяюць яднанню з іншымі дзецьмі, даюць магчымасць свабодна выказваць пачуцці, у тым ліку агрэсіўныя, у бяспечнай, сацыяльна даступнай форме, павышаць самаацэнку.

Узаемадзеянне ў праекце будуецца такім чынам, каб дзеці вучыліся суперажыванню, карэктным, беражлівым зносінам з аднагодкамі і дарослымі. Такія паводзіны спрыяюць маральнаму развіццю асобы, забяспечваюць арыентацыю ў сістэме маральных норм, засваенне этыкі паводзін. У ходзе заняткаў адбываецца больш глыбокае разуменне сябе, свайго ўнутранага свету (думак, пачуццяў, жаданняў), складваюцца адкрытыя, даверныя, добразычлівыя адносіны з педагогам.

Пры дапамозе гульні педагогі вучаць школьнікаў даследаваць, аналізаваць свае пачуцці і стан, дапамагаюць выяўляць творчыя здольнасці і развіваць асобасна-творчы патэнцыял, выпрацоўваюць адэкватную самаацэнку, што дазваляе больш паспяхова фарміраваць каштоўнасна-арыенціровачны структурны кампанент грамадзянскай ідэнтычнасці.

Праз метадычную дзейнасць у нашай школе ва ўзаемадзеянні з удзельнікамі праекта “Акцябрацкая вясёлка” рэалізоўваецца і праект “У шосты дзень ні хвілінкі без задум”, які прадугледжвае арганізацыю змястоўнага напаўнення шостага дня з мэтай самавызначэння і самарэалізацыі навучэнцаў з замяшчальных сем’яў.

У рамках праекта навучэнцы ўдзельнічалі ў сустрэчах з жыхарамі аддзялення кругласутачнага знаходжання Астрына “Людзі пажылыя сэрцам маладыя”, што спрыяла фарміраванню міласэрнасці і спагады да адзінокіх пажылых людзей.

У ходзе акцыі “Каляд чароўныя імгненні…” (казкатэрапія) вучні вырабілі сувеніры-паштоўкі і парадавалі імі работнікаў школы. Мерапрыемства садзейнічала стварэнню ўмоў для сацыялізацыі асобы, развіццю ў дзяцей здольнасці да адчування, успрымання, а пазнавальная гульня “Мова колеру” спрыяла развіццю творчых задаткаў і самастойнасці. Асаблівасцю такіх заняткаў з’яўляецца падрыхтоўка дзяцей з апякунскіх сем’яў да вырашэння жыццёва важных праблем і рэальных цяжкасцей.

Алена АНТОНЧЫК,
настаўніца пачатковых класаў
Астрынскай сярэдняй школы імя А.С.Пашкевіч (Цёткі).