У Беларускім дзяржаўным універсітэце з’явяцца педагогі-цьютары. Падрабязнасці расказала прарэктар па вучэбнай рабоце і інавацыйных тэхналогіях БДУ доктар юрыдычных навук Аксана ЗДРОК.
— Нядаўна ва ўніверсітэце ў рамках праграмы павышэння кваліфікацыі адбыўся першы выпуск цьютараў. Плануецца, што педагогі-цьютары будуць працаваць на кожным факультэце БДУ. Аксана Мікалаеўна, якая роля гэтых спецыялістаў у сучаснай адукацыі?
— На кожным факультэце БДУ ёсць пералік унікальных адукацыйных і навуковых прапаноў, дзейнічае шэраг моладзевых арганізацый, творчых калектываў, спартыўных секцый. Студэнтам часам складана сарыентавацца ў разнастайнасці паслуг. Цьютар будзе ажыццяўляць кансультацыйную падтрымку з улікам персанальных запытаў студэнта, дапаможа выйсці за межы канкрэтнай спецыяльнасці і распрацаваць індывідуальную траекторыю прафесійнага і асобаснага росту. Па сутнасці, гэта пасрэднік паміж студэнтам і ўніверсітэтам.
Цьютар канцэнтруецца на двух момантах: на арганізацыі вучэбнага працэсу і фарміраванні асобы студэнтаў. Сваімі тэхналогіямі ён узрошчвае ў студэнтах так званыя self skills — кампетэнцыі, нацэленыя на самастойнасць. І калі soft skills — крытычнае мысленне, уменне працаваць у камандзе і г.д. — скіраваны вонкі, то self skills маюць на ўвазе самаарганізацыю, саманавучанне, самарэфлексію, праектаванне сябе, усведамленне сябе, сваіх эмоцый, інтарэсаў. Гэта тое, што ў сучасным разуменні лічыцца чалавечым капіталам.
— Хто яны — першыя цьютары БДУ?
— Навучанне ў рамках праграмы павышэння кваліфікацыі прайшоў 21 чалавек. Калі фарміраваўся склад слухачоў, мы дамовіліся, што будзе па адным прадстаўніку ад кожнага факультэта, якія кіруюць тым ці іншым напрамкам (навукова-даследчая дзейнасць студэнтаў, выхаваўчая работа, акадэмічная мабільнасць і г.д.). Праграма была бясплатнай для слухачоў, іх навучанне аплачваў універсітэт.
Мы чакалі, што да нас прыйдуць людзі, якія маюць уяўленне пра цьютарства, але не абцяжараны іншымі пазіцыямі. Усё ж цьютар — гэта не куратар. Тым не менш аказалася, што большасць нашых слухачоў працуюць куратарамі на факультэтах. Гэта абумоўлена дзвюма прычынамі. Па-першае, з-за адсутнасці цьютараў менавіта куратары ў многіх выпадках суправаджаюць вучэбны працэс. А па-другое, гэтыя людзі працуюць з моладдзю і зацікаўлены ва ўдасканаленні сваёй работы.
На курс прыйшлі як маладыя, так і вельмі дасведчаныя выкладчыкі. Трэба сказаць, што, азнаёміўшыся з цьютарскай дзейнасцю, многія слухачы прызналіся: яна спадабалася ім больш, чым куратарская. Зрэшты, адзін выкладчык паведаміў, што цьютарства не для яго. Я лічу гэта таксама станоўчым вынікам. Чалавек зрабіў так званую прафесійную пробу, ён добра ўсведамляе свае прафесійныя інтарэсы і разумее: яго прызванне — менавіта куратарства, а не цьютарства. Мы дапамаглі яму самавызначыцца, і гэта добра.
— Курс павышэння кваліфікацыі для цьютараў быў пабудаваны па прынцыпе арганізацыйна-дзейнаснага навучання. Як гэта адбывалася на практыцы?
— Дзейнасны падыход зараз актыўна выкарыстоўваецца ў нас у сістэме павышэння кваліфікацыі практычна на кожным курсе. Мы ўпэўнены, што паcіўнае слуханне не дазваляе сфарміраваць навык. Сфарміраваць навык (нават за кароткі перыяд) можна, калі даць чалавеку самому паспрабаваць штосьці зрабіць.
На пачатку курса будучыя цьютары атрымалі заданне, па-першае, стварыць карту адукацыйных рэсурсаў, прынамсі, свайго факультэта, а лепш — усяго ўніверсітэта. Тое, што можна прапанаваць студэнту для арыентацыі ва ўніверсітэцкай інфраструктуры, каб задаволіць яго адукацыйныя запыты. А па-другое, падрыхтаваць інфармацыйныя матэрыялы пра цьютарства для студэнтаў і сваіх калег на факультэце.
Такім чынам, кожны ўдзельнік распрацоўваў інфармацыйныя матэрыялы, а таксама карту адукацыйных і сацыяльных рэсурсаў факультэта з адлюстраваннем яго спецыфікі, структуры, пераліку паслуг, апісаннем варыятыўнасці ўзаемадзеяння з іншымі падраздзяленнямі і г.д. Таксама ў рамках курса ўдзельнікі разглядалі замежны вопыт і сучасныя практыкі цьютарскай дзейнасці.
Мы былі ўражаны тым, наколькі крэатыўна падышлі нашы слухачы да выканання заданняў. Яны прадставілі самыя разнастайныя карты рэсурсаў — і з гіперспасылкамі, і з QR-кодамі, і ў выглядзе табліц, схем, прэзентацый, буклетаў. Усе работы былі вельмі творчымі і зараз актыўна выкарыстоўваюцца на факультэтах.
— Аксана Мікалаеўна, можаце прывесці прыклад траекторыі, выбудаванай цьютарам для студэнта?
— Траекторыі могуць быць абсалютна рознымі. Калі чалавек толькі выбірае прафесію, магчыма цьютарства як суправаджэнне яго прафесійнага выбару. Для першакурснікаў важнай задачай з’яўляецца адаптацыя. Цьютарскія карты могуць дапамагчы і першакурснікам, і замежным студэнтам зразумець, якія магчымасці ёсць ва ўніверсітэце. На гэтым этапе важна цьютарскае анкетаванне, каб вызначыць, з якой мэтай студэнт прыйшоў ва ўніверсітэт, чаго ён насамрэч хоча.
Вызначаецца некалькі цьютарскіх трэкаў. Напрыклад, студэнт хоча развіваць сябе паралельна з той спецыяльнасцю, на якую ён паступіў, і набываць навыкі ў сумежных ці нават у аддаленых напрамках. Паколькі ў БДУ ёсць магчымасць выбару дадатковых дысцыплін, у тым ліку на іншых факультэтах, цьютар дапаможа такому студэнту выбудаваць аптымальную траекторыю развіцця.
Таксама цьютар сарыентуе ў тым, як можна рэалізаваць міждысцыплінарныя праекты. Напрыклад, студэнт юрфака хоча зрабіць штосьці новае ў галіне электроннага правасуддзя. Але каб стварыць спецыяльныя праграмы для суда, яму патрэбны навыкі праграмавання. Або, наадварот, праграміст хоча заняцца гэтай тэмай, і яму патрэбны навыкі ў галіне права. Цьютар падкажа, якія дадатковыя курсы трэба вывучыць. Многія арыентуюцца ў рамках свайго факультэта, а што робіцца на іншых часта не ведаюць. Цьютар добра разбіраецца ў вучэбных планах і дапамагае ажыццяўляць навігацыю паміж дысцыплінамі і факультэтамі.
— На кожным факультэце БДУ ёсць пералік унікальных адукацыйных і навуковых прапаноў, дзейнічае шэраг моладзевых арганізацый, творчых калектываў, спартыўных секцый. Студэнтам часам складана сарыентавацца ў разнастайнасці паслуг. Цьютар стане пасрэднікам паміж імі і ўніверсітэтам.
Студэнта, які хоча займацца навукова-даследчай дзейнасцю, цьютар сарыентуе ў тым, як паўдзельнічаць у канферэнцыях, сімпозіумах, уключыцца ў работу навуковых гурткоў і лабараторый. Пры запланаванай студэнтам навуковай рабоце міждысцыплінарнай накіраванасці цьютар падбярэ найбольш перспектыўныя варыянты супрацоўніцтва з іншымі факультэтамі.
Калі студэнт хоча займацца грамадскай дзейнасцю, то гэта трэк, звязаны са студэнцкім самакіраваннем, удзелам у грамадскіх арганізацыях і г.д. Што да акадэмічнай мабільнасці, калі студэнт хоча прайсці навучанне за мяжой, цьютар сарыентуе яго на адпаведныя праграмы.
— Хто каго будзе шукаць: цьютар студэнта ці студэнт цьютара?
— Справа ў тым, што цьютарства ўзрошчвае навыкі самастойнасці і мае на ўвазе праактыўную пазіцыю студэнта. Цьютар можа інфармаваць пра тое, што ён ёсць, але чакае, каб студэнт сам праявіў зацікаўленасць. У цьютара ёсць графік, але, гэтак жа як псіхолаг, коўч і іншыя памочнікі, ён працуе па запыце студэнтаў. Звычайна гэта адбываецца ў выглядзе адкрытых кансультацый.
— У БДУ ўдзяляецца вялікая ўвага індывідуалізацыі навучання. З мінулага года студэнты з улікам сваіх прафесійных пераваг могуць выбраць для вывучэння дадатковыя дысцыпліны, у тым ліку на іншых факультэтах. Як многа студэнтаў скарысталіся гэтай магчымасцю?
— Так, праграма стартавала год назад у выглядзе эксперымента, і сёння мы бачым, што яна запатрабавана ў студэнтаў. Гэта пераконвае нас у тым, што ідэя індывідуалізацыі навучання перспектыўная.
Магчымасцю вывучаць дадатковыя дысцыпліны ўжо скарысталіся 54 студэнты. Адзін з іх быў атэставаны па пяці дысцыплінах, якія не ўваходзяць у вучэбны план асноўнай спецыяльнасці. І гэта будзе адлюстравана ў яго дыпломе.
Напрыклад, у мяне на юрыдычным факультэце вучыўся студэнт журфака, які выбраў дадатковую дысцыпліну “Грамадзянскі працэс”, яму было цікава. Зрэшты, часцей за ўсё студэнты выбіраюць дадатковыя дысцыпліны на сваіх факультэтах, але на іншых спецыяльнасцях. Трэба сказаць, не ўсе даходзяць да выніковай атэстацыі. Аднак ёсць маладыя людзі з высокім адукацыйным патэнцыялам, якія дакладна разумеюць, чаго яны хочуць, і ўпарта дасягаюць сваёй мэты.
— Ці разглядаеце магчымасць цьютарскага суправаджэння, напрыклад, першакурснікаў студэнтамі старшых курсаў?
— Сапраўды, гэта адна з распаўсюджаных форм арганізацыі цьютарскага суправаджэння, калі дзейнічае прынцып “роўны вучыць роўнага”. Што да мадэлі, якую мы задумалі рэалізаваць у БДУ, то цэнтральнае звяно — цьютарскія службы на кожным факультэце. Акрамя таго, плануем агульнаўніверсітэцкіх цьютараў па тых трэках, пра якія я гаварыла вышэй (мабільнасць, навука і інш.). І яшчэ думаем далучаць старшакурснікаў для цьютарскага суправаджэння замежных студэнтаў і першакурснікаў. Калі ты вучыш іншага, то вучышся сам — і гэта вельмі добры вопыт, які спатрэбіцца ў будучай прафесійнай дзейнасці. Дарэчы, падобныя пробы ў нас былі ў школе юных хімікаў на хімічным факультэце, калі студэнты выступалі цьютарамі для будучых абітурыентаў. Гэтая практыка будзе пашырацца.
Цьютарства ўзрошчвае навыкі самастойнасці і мае на ўвазе праактыўную пазіцыю студэнта. Цьютар можа інфармаваць пра тое, што ён ёсць, але чакае, каб студэнт сам праявіў зацікаўленасць.
— Цьютар — гэта нефармальная педагагічная пасада, і ў Беларусі яшчэ толькі фарміруецца запыт і на паслугі, і на прафесію цьютара. А што за мяжой?
— Цьютарства — гэта сусветны трэнд, але цьютарскае суправаджэнне ўсюды арганізавана вельмі разнастайна. Актыўна развіваюцца розныя напрамкі, якія нават выходзяць за межы адукацыі. Напрыклад, цьютарства ў сістэме аховы здароўя, цьютарства ў сферы фізічнай культуры і спорту, калі цьютар дапамагае выбудоўваць сістэму аздараўлення, трэніровак ці дапамагае пенсіянеру арганізаваць вольны час, вывучыцца чамусьці новаму. Гэта прыярытэтны напрамак, які адказвае на патрэбы педагогікі, на патрэбы ў сферы кіравання персаналам і г.д.
Мадэлей шмат, і, вядома, мы вывучалі замежны вопыт, найперш расійскі. Там ужо ёсць і часопіс для цьютараў, і міжрэгіянальная асацыяцыя цьютараў, і магістарскія праграмы па падрыхтоўцы цьютараў. З 2008 года прафесія “цьютар” афіцыйна зафіксавана ў расійскім кваліфікацыйным даведніку.
— Аксана Мікалаеўна, калі вы плануеце набіраць наступную групу павышэння кваліфікацыі цьютараў? Што зменіцца ў праграме падрыхтоўкі?
— Мы плануем у перспектыве зрабіць цьютарскія службы на ўсіх факультэтах. Кожны цьютар павінен вызначыцца з прымальнай для яго формай работы, якая будзе найбольш запатрабавана студэнтамі (індывідуальнае кансультаванне ці арганізацыя для студэнтаў цьютарскіх мерапрыемстваў, напрыклад: фарсайд-сесій, трэнінгаў па развіцці асобасных якасцей, самаарганізацыі вучэбнага працэсу і інш.).
Па выніках курса было створана многа адукацыйных прадуктаў, ужо гатовых да прымянення. Маем намер іх надрукаваць. Інструментаў цьютарства шмат (назіранне, анкетаванне, правядзенне трэнінгаў, стварэнне партфоліа і інш.), і іх трэба актыўна асвойваць. Плануем стварыць групу ў сацыяльных сетках, дзе нашы цьютары будуць абменьвацца вопытам. У планах — правесці круглы стол па выніках работы, магчыма, нават з прыцягненнем расійскіх калег, бо ў іх вялікія напрацоўкі ў гэтай сферы.
Збіраемся абагульніць першы вопыт і падкарэкціраваць праграму падрыхтоўкі. Напрыклад, ужо цяпер разумеем, што слухачам бракавала заняткаў, дзе яны маглі б весці дыскусіі. Абавязкова дабавім гэты блок. Пасля дапрацоўкі прапануем праграму не толькі работнікам БДУ, але і прадстаўнікам іншых устаноў адукацыі.
Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.