
У сакавіку 2019 года ў “Настаўніцкай газеце” выйшаў матэрыял пра крэатыўную групу педагогаў гімназіі № 36 Мінска і яе праект — мультымоўны гід VITAE MINSK, звязаны з развіццём турыстычнай сферы горада і краіны. У групу ўвайшлі настаўніца англійскай мовы Вераніка Рыгораўна КАСІЯНЧЫК, настаўніца гісторыі Ірына Пятроўна БЕРНАТ, настаўнік інфарматыкі Яўген Барысавіч САРОКІН і навучэнцы гімназіі.
З таго часу, як мы падзяліліся з калегамі вопытам распрацоўкі свайго праекта, прайшло няшмат часу, але мы вырашылі не спыняцца на дасягнутым. Работа творчай групы настаўнікаў і навучэнцаў працягнулася. Мы ўбачылі, што тэма, якую мы распрацоўвалі, значна шырэйшая. Гаворка ўжо не ішла аб стварэнні аднаго мабільнага дадатку або тэматычнага сайта. Працуючы разам з вучнямі, мы зразумелі, што кожны выпускнік школы павінен валодаць сумай універсальных уменняў, якія дазволяць арыентавацца ў новай сітуацыі, самастойна вырашаць праблемныя пытанні і адэкватна ацэньваць вынікі сваёй працы. Таму неабходна вучыць школьнікаў агульным прыёмам, тэхнікам, схемам, узорам разумовай практыкі, якія адносяцца да надпрадметных кампетэнцый, але выкарыстоўваюцца пры рабоце з любым прадметным матэрыялам.
Мы пашырылі задуму свайго праекта, дасягнулі новых поспехаў. А значыць, мы на правільным шляху. Таму лічым, што і “Настаўніцкай газеце” ў XXI стагоддзі важна захаваць тыя традыцыі, той падмурак, на якім будавалася работа ўсяго калектыву: прафесіяналізм журналістаў, дакладнасць і актуальнасць інфармацыі. Але XXI стагоддзе — час новых тэхналогій, у тым ліку інфармацыйных. Таму мы прапануем калектыву газеты ў большай ступені выкарыстоўваць, напрыклад, інфаграфіку ці падборку малюнкаў і дыяграм з мінімумам суправаджальнага тэксту. Гэта дазволіць хутка паглыбіцца ў сутнасць тэмы і зробіць кожную ілюстрацыю ці фота максімальна інфарматыўнымі.
Хацелася б, каб у электроннай версіі выдання стварылі форум з тэматычнымі ўкладкамі, дзе б узаемадзейнічалі настаўнікі з усёй Беларусі. Тут яны змогуць абмяркоўваць актуальныя пытанні сферы адукацыі ў краіне і свеце, аператыўна дзяліцца дыдактычнымі і метадычнымі матэрыяламі, выказваць часам палярныя меркаванні на самыя актуальныя пытанні і, магчыма, нават наладжваць міжнароднае супрацоўніцтва. А агляд самых папулярных тэм можна было б коратка выкладаць у спецыяльна створанай для гэтага рубрыцы.
Было б выдатна, калі б у газеце ў рубрыках, дзе настаўнікі дзеляцца сваім педагагічным вопытам і распрацоўкамі, размяшчаліся QR-коды. З іх дапамогай можна было б у імгненне апынуцца, напрыклад, у асабістым блогу настаўніка, паглядзець відэа на YouTube-канале або трапіць у тэматычную групу ў сацыяльных сетках. Гэта дапамагло б сучаснаму настаўніку сэканоміць час і зрабіла б газету больш прывабнай для чытача.
Калектыву “Настаўніцкай газеты” мы жадаем здароўя, крэатыўнасці і новых творчых поспехаў!
Фота Мар’і ЯНКОВІЧ.