Ініцыятывы, праекты, зносіны

- 11:43Навіны рэгіёнаў

Лідараў і актывістаў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў школьнага самакіравання, членаў дзіцячых і маладзёжных парламентаў Гомельшчыны ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі сабраў чарговы, восьмы па ліку, абласны форум “Лідары XXI стагоддзя: новы фармат”.

Сёлета форум праходзіў у рамках Тыдняў устойлівага развіцця. Больш як сто падлеткаў з усіх куткоў вобласці прыехалі на мерапрыемства, каб абмеркаваць актуальныя пытанні, заявіць пра свае ініцыятывы, распрацаваць новыя маладзёжныя праекты, накіраваныя на ўстойлівае развіццё на мясцовым узроўні і пераасэнсаванне ролі моладзі ў працэсах устойлівага развіцця.

Адкрыў форум начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. У сваім звароце да юнакоў і дзяўчат ён адзначыў, што лідарскі рух у вобласці не толькі добра развіваецца, але і мае пэўную сілу: ідэі і намаганні актывістаў-старшакласнікаў часта носяць важны сацыяльны характар. А тое, што дзеці настойліва спрабуюць рэалізоўваць свае праекты на месцах, уносіць значную ролю ў развіццё рэгіёнаў.

Падчас адкрыцця таксама былі аб’яўлены вынікі абласной эстафеты-акцыі “Голас маладых: мы хочам, каб нас чулі”, пераможцам якой уручылі дыпломы.

Далей хлопцаў і дзяўчат чакала праца ў вучэбных і тэматычных секцыях, дзе з імі працавалі педагогі абласнога Палаца творчасці і запрошаныя госці і эксперты.

Пасяджэнне абласнога Савета старшакласнікаў прайшло пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара палаца, нязменнага куратара лідарскага руху ў вобласці і вернага сябра актывістаў Таццяны Беладзедавай. Уд зел у пасяджэнні прыняў С.І.Парошын. Юнакі і дзяўчаты падзяліліся з начальнікам упраўлення адукацыі сваімі планамі і марамі, расказалі аб новых праектах, а таксама раіліся і паднімалі шмат актуальных пытанняў.

У рамках форуму адбылася і каардынацыйная сустрэча маладзёжных парламентаў Гомельскай вобласці з удзелам прадстаўнікоў Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь. А ў тэматычнай секцыі для членаў клубаў ЮНЕСКА, клубаў-кандыдатаў ЮНЕСКА, клубаў міжнароднай дружбы старшакласнікі абмяркоўвалі ўдзел моладзі ва ўстойлівым развіцці рэгіёнаў Беларусі.

З каштоўнымі сакрэтамі паспяховых людзей і поспехамі дзейнасці актыўнай моладзі лідары дзіцячых, маладзёжных арганізацый і аб’яднанняў знаёміліся ў вучэбнай секцыі “Карысныя навыкі для паспяховай будучыні”.

Ну а юныя таленты, што сябруюць са словам і якіх я магу назваць сваімі калегамі, актыўна працавалі ў інтэрактыўна-вучэбнай секцыі “Маладзёжны прэс-цэнтр”. Як правіла, сюды трапляюць хлопцы і дзяўчаты, якія з’яўляюцца членамі клубаў юных журналістаў у сваіх навучальных установах ці ва ўстановах дадатковай адукацыі, удзельнікі школьных прэс-цэнтраў. Ужо не першы год я як прадстаўнік “Настаўніцкай газеты” выступаю экспертам творчай секцыі. Мы абмяркоўваем журналістыку ўвогуле, спрабуем разабрацца, у чым заключаецца журналісцкае майстэрства, выконваем розныя практычныя заданні, якія дазваляюць пачынаючым журналістам атрымаць пэўны вопыт. Трэба сказаць, што ў працы гэтай секцыі прысутнічае значны прафарыентацыйны момант. А тое, наколькі таленавітыя і мэтанакіраваныя дзеці прыходзяць да мяне ў секцыю, дае ўпэўненасць у тым, што будучыня ў надзейных руках.

Завяршылі форум падвядзенне вынікаў працы секцый і інтэрактыўная пляцоўка ў падтрымку мэт ААН у галіне ўстойлівага развіцця “World-маршрут”.

Арганізатары форуму “Лідары ХХІ стагоддзя: новы фармат” упэўнены, што такое мерапрыемства — не толькі пляцоўка для распрацоўкі і далейшай рэалізацыі новых маладзёжных праектаў і ініцыятыў, але і месца для эфектыўнай камунікацыі моладзі. І такі аргумент насамрэч вельмі важны. Невыпадкова некаторыя філосафы называюць зносіны асновай чалавечага быцця, а Антуан дэ Сент-Экзюперы сказаў: “Самае каштоўнае, што ёсць у чалавека, — гэта зносіны”. Хіба можна не пагадзіцца з гэтым?