Інстытут назірання СНД стаў эфектыўнай формай палітычнага супрацоўніцтва

Місія ад СНД стала неад’емным элементам сістэмы міжнароднага маніторынгу выбарчых працэсаў. Такое меркаванне выказаў першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — выканаўчага сакратара СНД Віктар Гумінскі ў Маскве на міжнароднай канферэнцыі “Сучасныя выбарчыя тэндэнцыі ва ўмовах шматпалярнага свету”, паведамілі ў прэс-службе Выканкама СНД.

“Сёння можна з упэўненасцю сцвярджаць, што місія наглядальнікаў ад СНД стала неад’емным элементам сістэмы міжнароднага маніторынгу выбарчых працэсаў і эфектыўнай формай палітычнага супрацоўніцтва”, — сказаў Віктар Гумінскі.

За час існавання інстытута назірання Выканкамам СНД была арганізавана работа 92 місій. Віктар Гумінскі падкрэсліў, што, ацэньваючы выбары, місія кіруецца не палітычнай мэтазгоднасцю, а абапіраецца на дзейсную прававую базу ў дзяржавах Садружнасці.

На думку першага намесніка старшыні выканкама, за гады незалежнасці ў краінах СНД у выніку паслядоўнай мадэрнізацыі палітычнай, дзяржаўнай і прававой сістэмы створана адпаведная дэмакратычным патрабаванням выбарчая сістэма. Пры гэтым Віктар Гумінскі лічыць, што ў апошнія гады відавочна імкненне дзяржаў унесці навацыі ў заканадаўства аб выбарах, якія выключаць магчымасць розных фальсіфікацый.

Так, у Азербайджане, Арменіі, Кыргызстане, Расіі выкарыстоўваецца сістэма відэанагляду за ходам галасавання, прымяняюцца праграмна-тэхнічныя сродкі галасавання і падліку галасоў выбаршчыкаў (за выключэннем Азербайджана). З году ў год пастаянна ўдасканальваецца сама работа цэнтральных выбарчых камісій.

Праведзены параўнальны аналіз выбарчага заканадаўства краін Садружнасці на адпаведнасць канвенцыі і абавязацельствам АБСЕ ў выбарчай сферы паказаў, што выбарчыя заканадаўствы краін СНД у поўнай меры адпавядаюць канвенцыі, а таксама дакументу Капенгагенскай нарады Канферэнцыі па чалавечым вымярэнні АБСЕ, прынятаму 29 чэрвеня 1990 года.

Першы намеснік старшыні выканкама падкрэсліў, што місія ад СНД дае ацэнку праведзеным выбарам толькі на падставе ўласнага назірання, аналізу фактычнага матэрыялу і звестак, сабраных у працэсе доўгатэрміновага і кароткатэрміновага маніторынгу. Прычым пры падрыхтоўцы падагульняючага дакумента вельмі акуратна і ўзважана выбіраюцца зразумелыя і дакладныя фармулёўкі, якія характарызуюць выбары.

Ён таксама адзначыў, што ў краінах Садружнасці ўсё больш выказваюць заклапочанасць “двайнымі стандартамі” асобных міжнародных місій у выбарчай сферы, адсутнасцю дакладных юрыдычных крытэрыяў дэмакратычных выбараў у гэтых арганізацыях, што дазваляе весці назіранні па расплыўчатых правілах.

На думку Віктара Гумінскага, адсутнасць нарматыўнай базы назірання за выбарамі з’яўляецца галоўнай крыніцай супярэчнасцей у дзейнасці БДІПЧ у гэтай сферы. Ён перакананы, што вектарам міжнародна-прававога развіцця інстытута выбараў павінен стаць рух да агульнаеўрапейскай кадыфікацыі шляхам распрацоўкі і прыняцця Саветам Еўропы адзінага дакумента аб стандартах дэмакратычных выбараў і гарантыях выбарчых правоў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *