Пытанні арганізацыі студатрадаўскага руху ў 2014 годзе яго лідары абмеркавалі падчас рэспубліканскага семінара, ініцыятарам якога выступіў Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Студэнцкія атрады сёння сталі адным з галоўных трэндаў маладзёжнай палітыкі. Папулярнасць руху, яго запатрабаванасць штогод павялічваюцца. Так, летась у Беларусі рознымі формамі другаснай працоўнай занятасці было ахоплена больш за 127 тысяч юнакоў і дзяўчат — амаль на трэць больш, чым у 2012 годзе; з іх каля 59 тысяч чалавек працавалі ў складзе студатрадаў, 14 тысяч — індывідуальна, астатнія — у валанцёрскіх атрадах. Колькасць сфарміраваных студэнцкіх атрадаў за год вырасла да 2714 — на 37 працэнтаў у параўнанні з пазамінулым годам. Павышэнню эфектыўнасці часовай працоўнай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час аказваецца значная дзяржаўная падтрымка. У прыватнасці, на якасна новы арганізацыйны ўзровень работа ў гэтым кірунку выйшла дзякуючы дапаўненням да Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №181 “Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў у Рэспубліцы Беларусь”, якія рэгламентавалі магчымасць круглагадовай работы ў студатрадах.
Максімум інфармацыі, падтрымкі, адказнасці
Зразумела, для студэнта і навучэнца ці не самы сур’ёзны аргумент на карысць запісу ў атрад — рэальная перспектыва зарабіць грошы. Але не толькі яна прываблівае моладзь: паспяховы атрад — гэта абавязкова яшчэ і новыя веды (у тым ліку прафесійныя), уражанні, знаёмствы, усведамленне значнасці і плёну калектыўнай работы, рамантыка падарожжаў і няпростых выпрабаванняў. І, безумоўна, эфектыўнае кіраўніцтва. Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт 13 – 14 лютага прымаў камандзіраў абласных і тэрытарыяльных штабоў студатрадаў БРСМ, зацікаўленых прадстаўнікоў профільных міністэрстваў і ведамстваў, а таксама кіраўнікоў цэнтральнага штаба Маладзёжнай агульнарасійскай грамадскай арганізацыі “Расійскія студэнцкія атрады” — партнёраў Саюза моладзі па фарміраванні беларуска-расійскіх студатрадаў. Для ўдзельнікаў семінара былі праведзены тэматычныя заняткі па асноўных нормах прававой базы, арганізацыі аховы працы, асаблівасцях падатковага заканадаўства, працаўладкаванні моладзі за межамі рэспублікі, медыка-санітарным забеспячэнні атрадаў, парадку заключэння дагавораў.
— Мінулы год быў багаты на знакавыя для студэнцкіх атрадаў нашай краіны падзеі, — расказаў другі сакратар ЦК ГА “БРСМ” Андрэй Белякоў. — Сярод іх варта ўзгадаць паўвекавы юбілей руху і падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве з грамадскім аб’яднаннем “Расійскія студэнцкія атрады”, у выніку якога ўпершыню былі сфарміраваны зводныя беларуска-расійскія калектывы. Беларускія студэнты і навучэнцы актыўна працавалі на рэканструкцыі і будаўніцтве школ, дзіцячых садоў, храмаў, спартыўных комплексаў, жылля, малочнатаварных фермаў, дарог, маладзёжных будоўлях.
Размову пра задачы, пастаўленыя перад студэнцкімі атрадамі на 2013 год, Андрэй Белякоў пачаў з неабходнасці прыняцця дадатковых мер, накіраваных на далейшы рост заработнай платы студатрадаўцаў. Прыклады, калі студатрадаўцы зараблялі за летні месяц дзевяць і больш мільёнаў рублёў, у рэспубліцы ёсць — цяпер трэба, каб іх было як мага больш. Стратэгічнай мэтай становіцца забеспячэнне якаснага кампанента ў арганізацыі атрадаў. На думку маладзёжнага лідара, класічны студэнцкі атрад — абавязкова выязны: менавіта ў такіх умовах найбольш ярка выяўляюцца і выхоўваюцца сяброўская падрымка, узаемавыручка, узаемаадказнасць. Не менш значна, каб у кожным рэгіёне была знакавая маладзёжная будоўля. Яе абавязковымі ўмовамі павінны стаць высокая зарплата, узорная дысцыпліна і культура працы. Наступная мэта — утрымаць і нават пастарацца ўзняць планку працаўладкавання, як у складзе студэнцкіх атрадаў, так і індывідуальнага.
— Вялікая колькасць маладых людзей жадае зарабляць грошы. Калі не далучацца гэтыя юнакі і дзяўчаты да студатрадаўскага руху, дзе яны апынуцца і чым будуць займацца? Разам з тым пара адысці ад практыкі, калі студэнцкі атрад з’яўляецца даступным спосабам зарабіць. Гэта актуальна, але асноўная яго мэта — прапаганда ідэалогіі нашай арганізацыі, выхаванне, — падкрэсліў Андрэй Белякоў. — А значыць, трэба пераводзіць рух на самафінансаванне, давесці да кожнага студэнта: выплата ўзносаў не пажаданне, а неабходнасць, абавязковае патрабаванне. Вялікае поле дзейнасці і ў рабоце з наймальнікамі. Па сутнасці, сёння кіраўнікі прадпрыемстваў не зацікаўлены ў прыярытэтным прыёме нашых байцоў на работу. У сувязі з гэтым будзем уносіць прапанову аб ільготах для прадпрыемстваў, якія прымаюць студатрады. І яшчэ на адзін момант прашу звярнуць увагу: мы невыпадкова праводзім семінар тут і невыпадкова запрасілі на яго сяброў з Расіі. Хацелася б, каб студатрадаўскі рух развіваўся і ўмацоўваўся не толькі з цэнтра, каб актывізавалі ўзаемадзеянне рэгіёны. Мы вывучаем розныя кірункі работы, у тым ліку самыя далёкія: для нас зараз нерэальна адправіць людзей на Далёкі Усход, на БАМ, які адраджаецца ў Расіі, — заўтра стане магчыма, і мы павінны быць да гэтага гатовы.
Студатрад як канцэпцыя іміджу
Важным крокам у развіцці руху ў 2013 годзе стала арганізацыя зводных студатрадаў Саюзнай дзяржавы. У адпаведнасці з Пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж БРСМ і РСА, у летні перыяд упершыню зводныя беларуска-расійскія атрады працавалі на будаўніцтве аб’ектаў Беларускай АЭС у Астраўцы (Гродзенская вобласць), жылога мікрараёна Каменная Горка (Мінск), Агульнарасійскай маладзёжнай будоўлі “Баваненкава” (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга). За межамі Беларусі ў мінулым 2013 годзе дзейнічаў 31 студэнцкі атрад — гэта 1270 байцоў (у 2012 годзе той жа паказчык складаў 1000 чалавек).
— У расіян вельмі цікавая культура будатрадаўскага руху: яны яе адрадзілі з савецкіх часоў, стараюцца падтрымліваць і развіваць, — пракаменціравала камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ГА “БРСМ” Надзея Шахоўская. — Тут сапраўды ёсць чаму павучыцца (як і суседзям, у сваю чаргу) у нашых юнакоў і дзяўчат. Многія маладыя людзі, якія ў мінулым годзе з’ездзілі на Баваненкава (там працавала 85 чалавек з Гродзенскага і Полацкага дзяржуніверсітэтаў), гэтую “пілюлю” культуры будаўнічых атрадаў паспяхова “праглынулі” і актыўна распаўсюджваюць ідэі руху сярод равеснікаў, імкнуцца далучыцца да яго зноў. Для іх актыўны ўдзел у трэцім семестры, студатрад, паездкі, работа сталі неад’емнай часткай жыцця і ўласнага іміджу. Дарэчы, нягледзячы на высокую канкурэнцыю ў спаборніцтве за лідарства на Баваненкава (летась там было прадстаўлена больш за 40 рэгіёнаў), беларусы занялі даволі высокі рэйтынг: у нашых, напрыклад, 1 месца па армрэслінгу, 3 — па футболе і, самае галоўнае, 3 месца па вытворчых паказчыках.
Удзельнікі семінара не толькі атрымлівалі і паглыблялі веды, але і прэзентавалі работу штабоў, дзяліліся вопытам. Напрыклад, госці з Расіі — камандзір Цэнтральнага штаба МАГА “РСА” Міхаіл Кісялёў і камісар штаба Лейла Расулава — расказалі аб спецыфіцы студатрадаўскага руху ў Расійскай Федэрацыі. Шырока абмяркоўваліся перспектывы далейшага супрацоўніцтва БРСМ і РСА па арганізацыі работы беларуска-расійскіх студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Упершыню сёлета з’явіцца зводны беларуска-расійскі педагагічны атрад, які выедзе ў аздараўленчы лагер “Энергетык” (Краснадарскі край). У планах на найбліжэйшую будучыню — стварэнне сэрвісных атрадаў. Кіраўнікоў абласных і тэрытарыяльных штабоў студатрадаў БРСМ вельмі зацікавіла спецыфіка арганізацыі другаснай занятасці моладзі па напрамках, якія ёсць у Расіі, але пакуль не практыкуюцца ў Беларусі (напрыклад, праз медыцынскія студатрады).
— Мы адзіныя прадстаўляем не студэнцкую будучыню, а сучаснасць: самі зарабляем грошы, маем магчымасць камусьці дапамагчы, — акрэсліў спецыфіку дзейнасці студатрадаў Міхаіл Кісялёў. — Але ўпэўнены, што і будучыня ў нас, расіян і беларусаў, агульная. Работа ў зводных атрадах дасць моладзі нашых краін выдатную магчымасць знайсці новых сяброў, у фармаце арганізацый — умацаваць узаемадзеянне, а ў маштабе Саюзнай дзяржавы будзе спрыяць паглыбленню інтэграцыйных працэсаў і сяброўству народаў.
У сувязі са святкаваннем 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Міхаіл Кісялёў расказаў, што сёлета фінальную працоўную акцыю патрыятычнага праекта “Паклонімся вялікім тым гадам” расійскія студэнцкія атрады плануюць правесці ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. Чакаецца, што да расіян далучацца і нашы суайчыннікі.
Рэтраэкскурс ці перспектыўная стратэгія?
Як адзначалася раней, Віцебшчына была вызначана месцам правядзення семінара невыпадкова: на працягу 4 гадоў менавіта Віцебскі абласны штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ — лепшы ў рэспубліцы. У сваю чаргу штаб працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ Полацкага дзяржуніверсітэта — таксама адзін з лідараў у краіне. З гісторыяй і сучаснасцю студатрадаўскага руху ва ўніверсітэце пазнаёміў намеснік дэкана інжынерна-будаўнічага факультэта ПДУ, каардынатар штаба працоўных спраў, ветэран студатрадаўскага руху Аляксандр Рабаў:
— Наша ўстанова вышэйшай адукацыі — адна з самых маладых у рэспубліцы. Яна ўтворана ў 1968 годзе як філіял БТІ. А літаральна праз год, адвучыўшыся на 1 курсе, нашы студэнты ўступілі ў эпоху студатрадаў — першы газетны артыкул пра атрад (у якім, дарэчы, даецца высокая ацэнка яго дзейнасці) датуецца 1969 годам. Так быў пакладзены пачатак, рух пачаў развівацца. Праз 2 гады наш студэнцкі зводны атрад быў прызнаны лепшым у рэспубліцы, а атрад філіяла заняў 1 месца. Так, праз 2 гады мы сталі лідарамі, і гэтае лідарства ўтрымлівалі на працягу дзесяцігоддзяў. У 1981 годзе за дасягненні студатрада інстытуту (падзея ўнікальная) было прысвоена званне Ленінскага камсамола Беларусі. Паступова павялічвалася колькасць спецыяльнасцей, рос кантынгент студэнтаў, а разам з ім — і студатрады. Нас добра ведалі ў Казахстане, Цюменскай, Пскоўскай і Томскай абласцях, горадзе Гагарын, Малдавіі, Крыме, Сочы. Ямал для нас стаў родным. Мы нават у ГДР працавалі! У чым сакрэт поспеху? Мы вяртаемся да тэмы сённяшняга семінара. Асноўнае ў студатрадзе — яго штаб: камандзір, камісар і майстар. Мы спачатку прызначалі штаб, а потым камандзір фарміраваў атрад, прычым конкурс быў вельмі вялікі. І нядзіўна: калі сярэдняя зарплата па Савецкім Саюзе была прыкладна 150 рублёў у месяц у будатрадзе можна было зарабіць да 2 тысяч рублёў. Але грошай так проста не плацілі — іх трэба было зарабляць, і менавіта за кошт арганізаванасці атрада. Сонца ўзышло — хутчэй на работу, сцямнела — яшчэ на рабоце; грошы размяркоўваліся адпаведна распрацаванаму каэфіцыенту працоўнага ўдзелу. У плане адпачынку мы таксама паспявалі надзвычай многа — тут пачыналася работа камісара. Канцэрты нашы хлопцы і дзяўчаты давалі амаль прафесійныя, прычым 3-4 за перыяд работы атрада як мінімум. Дапамагалі мясцоваму насельніцтву (напрыклад, старэнькай бабулі плот паставіць, агарод запахаць). Газету сваю выпускалі — і ніхто да гэтага не прымушаў, ініцыятыва нараджалася сама. Але прайшло яшчэ дзесяць гадоў — і вялікія конкурсы ў студатрады спасавалі перад… завышанымі планамі. Далі, напрыклад, 4 канцэрты для мясцовага насельніцтва — плануйце 5-6; арганізавалі 100 атрадаў — у наступным годзе трэба 110. На нейкім этапе не стала хапаць жадаючых сюды запісацца…
У другой палове 80-х — 90-я гады студатрады як з’ява грамадскага жыцця фактычна зніклі. Тым не менш студэнцкім атрадам ПДУ ўдалося не толькі захаваць большасць добрых традыцый сваіх папярэдніккаў, але і памножыць іх. Універсітэт ці не адзіны ў краіне фарміруе атрады па ўсіх магчымых профілях: дзейнічаюць будаўнічыя, педагагічныя, сельскагаспадарчыя, сэрвісныя, экалагічныя, дабрачынныя, у тым ліку выязныя за межы Рэспублікі Беларусь. Да таго ж байцы вучацца на базе прафесійна-тэхнічных устаноў Полацка і Наваполацка, набываюць рабочыя прафесіі. Да 45-годдзя студатрадаў універсітэт плануе выдаць кнігу па гісторыі гэтага руху, (каля 200 старонак гэтага гістарычнага нарыса ўжо напісана). Мяркуючы па анонсе, будзе няправільна ўспрымаць яго як рэтраэкскурс — хутчэй як практычны дапаможнік па стратэгіі развіцця студэнцкіх атрадаў устаноў адукацыі…
Дарэчы, па-ранейшаму асноўным перыядам, у які студатрады масава прыступаюць да работы, з’яўляецца трэці працоўны семестр (май — кастрычнік). У маі па ўсёй краіне пройдзе яго ўрачыстае адкрыццё.