Інтэлектуальная загартоўка

- 15:11Адукацыйная прастора

На Гомельшчыне 1020 школьнікаў з усіх раёнаў вобласці сталі ўдзельнікамі трэцяга, абласнога, этапу рэспубліканскай алімпіяды. Яны прадэманстравалі свае веды па 18 вучэбных прадметах. Сёлета інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе ўстаноў адукацыі Гомеля, Мазыра і Жлобіна.

Лепшыя юныя знаўцы беларускай мовы і літаратуры правяралі свае веды ў Гомельскім прафесійным аграрна-тэхнічным ліцэі. Пакуль навучэнцы гэтай установы на канікулах, школьнікі занялі прасторныя аўдыторыі.

Ранішні фільтр абавязковы для ўсіх, хто ўваходзіць у будынак. Сёлета гэта асабліва важна — су­працьэпідэмічны рэжым ніхто не адмяняў. Медыцынская сястра бескантактна вымярае тэмпературу кожнаму, хто трапляе ў памяшканне. Усюды ёсць магчымасць скарыстацца сродкамі дэзынфекцыі. “Нават індывідуальнымі ручкамі забяспечылі персанальна кожнага школьніка, — расказвае прарэктар па вучэбнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко. — Усюды выконваюцца неабходныя супрацьэпідэмічныя меры. У адной аўдыторыі не больш за 10—12 чалавек. Дзяцей рассадзілі так, каб адлегласць паміж імі была не меншай за 1,5 метра. У інтэрнаце ў адным пакоі жылі не больш за 2—3 чалавекі. У сталовай таксама абавязковае дыстанцыяванне. Што тычыцца парадку правядзення конкурсных мерапрыемстваў, тут змяненняў не было. Мы выбралі пляцоўкі ўстаноў, правераных часам. Усе адчуваюць меру адказнасці за правядзенне алімпіяд”.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Брынёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы з Петрыкаўшчыны Марына Барысава хвалюецца, пакуль школьнікі яе раёна правяраюць выкананне апошніх заданняў. Між тым установа, дзе яна выкладае, стабільна выхоўвае алімпіяднікаў, якія атрымліваюць дыпломы. Пакуль гутарым, з аўдыторыі выходзяць дзесяцікласніцы, якія прадстаўляюць Петрыкаўшчыну. У гэты момант Камілія Насека яшчэ не ведае, што ў яе будзе дыплом I ступені. Здаецца, дзяўчына абсалютна ўпэўнена ў станоўчых выніках: “Беларускую мову люблю і ведаю. Самая мілагучная родная мова. Я з 4 класа ў алімпіядным руху. Гэтая алімпіяда для мяне здаецца лёгкай. Мабыць, і вопыт мінулых гадоў дапамагае”.

Другая прадстаўніца Петрыкаўшчыны — Кацярына Бондар — вучыцца ў гімназіі райцэнтра. Пазней яна даведаецца, што сёлета заваявала дыплом II ступені. Гэта на прыступку вышэй, чым летась: “Я да гэтага чатыры разы на вобласць выходзіла. Наша моладзь павінна не даць знікнуць роднай мове. Мяне крыўдзіць, калі нашы людзі зневажаюць мову”.

Гімназія № 51 стабільна лі­дзіруе па колькасці дыпломаў. Сёлета іх 30. Гэта абсалютны рэкорд сярод іншых устаноў на Гомельшчыне. (Дарэчы, у вучняў Гомельскага абласнога ліцэя — 24, гімназіі № 14 Гомеля — 19).

Сярод гарадскіх сярэдніх школ па колькасці атрыманых узнагарод таксама лідзіруюць школы № 13 Жлобіна (13 дыпломаў), № 11 Мазыра (9), № 8 Гомеля (8), № 16 Мазыра (7), № 9 Мазыра, № 12 Светлагор­ска, № 27 Гомеля (па 6). Дыпломамі пераможцаў па інфарматыцы ўзнагароджаны 11 навучэнцаў Клуба юных пажарных Мазыра.

Варта назваць школьніц выпускнога класа, якія сёлета па беларускай мове і літаратуры атрымалі дыпломы вышэйшай пробы. Гэта Аміна Назарава з Акцябрскай раённай гімназіі і Ірына Галавач з Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Сярод вучняў дзясятага класа дыпломы І ступені не толькі ў Каміліі Насека, але і ў Настассі Новікавай з гімназіі Светлагорска, і ў Лізаветы Петрушэнка з Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Тры дзевяцікласніцы таксама зараз ганарацца першымі дыпломамі: Аксана Арэшчанка з сярэдняй школы № 9 Мазыра, Антаніна Дашкевіч з гімназіі № 10 Гомеля і Лізавета Ульянчанка з гімназіі Светлагорска.

Алімпіядныя заданні былі скла­дзены асобна для розных класаў. Правяраліся веды вучняў у граматыцы, арфаграфіі, пунктуацыі, стылістыцы. Заданні ахоплівалі ўсе раздзелы мовазнаўства і літаратуры, былі і творчыя. Напрыклад, па рэдагаванні тэкстаў, калі трэба было знайсці памылкі і абгрунтаваць свой адказ. Такім чынам, заданні былі накіраваны не толькі на праверку ведаў вучняў, але і на выяўленне адораных дзяцей.

Між тым дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алена Палуян сёлета, як і апошнія пяць гадоў, узначальвае журы і нагадвае, што яго члены не ведаюць зместу заданняў да таго часу, пакуль не пачынаюць правяраць работы школьнікаў:

“Раней былі тры туры алімпіяды, але ж з мінулага года пакінулі толькі два пісьмовыя. Пры сёлетняй эпідэмічнай сітуацыі гэта добра: мы маем менш кантактаў з вучнямі. Журы і вучні не сутыкаюцца. За выключэннем трэцяга дня, калі ўсе работы правераны, падведзены вынікі. Тады мы даём узоры выканання вучням і кіраўнікам каманд, звяртаем увагу на тыповыя памылкі, на тыя тэмы, якія павінны быць разгледжаны больш падрабязна падчас падрыхтоўкі да алімпіяд. Дарэчы, нагадаю, што дыплом абласнога (трэцяга) тура алімпіяд у выпускным класе дае магчымасць паступац­ь без экзаменаў на філалагічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны на спецыяльнасц­ь “Беларуская філалогія”. Нам вельмі прыемна, што летась такой магчымасцю скарысталася Настасся Фелькіна — выпускніца Брынёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна. Дзяўчына тры гады запар у­дзельнічала ў алімпіядах і заўсёды была пераможцай. Увогуле прыемна, што пераможцамі становяцца не толькі гарадскія школьнікі. Ёсць творчыя зорачкі з раёнаў Гомельшчыны. Яны часта становяцца нашымі студэнтамі. Дыплом I ступені ў любым выпадку дае школьніку 100 балаў, потым не трэба здаваць ЦТ па беларускай мове”.

Каб забяспечыць максімальную аб’ектыўнасць, работы навучэнцаў спачатку шыфруюцца і сканіруюцца. Толькі пасля гэтага іх правяраюць. Прынамсі, у рабоце журы на Гомельшчыне было задзейнічана 138 выкладчыкаў устаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, агульнай сярэдняй адукацыі вобласці.

Сярод пераможцаў абласнога этапу алімпіяды — 19 школьнікаў з сельскай мясцовасці. Гэта навучэнцы Брагінскага (Мікуліцкая сярэдняя школа), Буда-Кашалёўскага (Гусевіцкая, Дуравіцкая сярэднія школы), Гомельскага (Брылёўская, Яромінская, Новагуцкая сярэднія школы), Жыткавіцкага (Азеранскі дзіцячы сад — сярэдняя школа), Жлобінскага (Кіраўская сярэдняя школа), Калінкавіцкага (Бабровіцкая, Азарыцкая сярэднія школы, Крукавіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа), Мазырскага (Козенская сярэдняя школа), Петрыкаўскага (Ляскавіцкая сярэдняя школа, Брынёўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа), Рагачоўскага (Збароўскі яслі-сад — базавая школа), Светлагорскага (Баравікоўская, Сасноваборская сярэднія школы) раёнаў.

Як расказала галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алена Сурава, па выніках алімпіяды 467 навучэнцаў узнагароджаны дыпломамі. Самая вялікая колькасц­ь дыпломаў уручана прадстаўнікам Савецкага (67) і Цэнтральнага (56) раёнаў Гомеля, Жлобінскага (50), Мазырскага (48) раёнаў і Чыгуначнага раёна Гомеля (47).

Звыш 200 пераможцаў алімпіяды прадставяць нашу вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, якая адбудзецца ў перыяд з 29 сакавіка па 2 красавіка 2021 года. Гомельшчына прыме ўдзельнікаў рэспубліканскай алімпіяды па шасці вучэбных прадметах. На базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі пройдуць туры па англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай і кітайскай мовах, на базе ўстаноў адукацыі Жлобіна — па гісторыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.