“Немагчыма дасягнуць заўважных поспехаў толькі намаганнямі адміністрацыі ўстаноў адукацыі ці асобных настаўнікаў. Рост прафесіяналізму і якасці адукацыі — вынік дзейнасці вялікага калектыву”, — упэўнена начальнік упраўлення па адукацыі, спорце турызме Любанскага райвыканкама Мінскай вобласці Таццяна Леанідаўна Каравацкая.
— Што для вас значыць адукацыя са знакам якасці?
— Калі высокія дасягненні маюць не толькі вучні, але і педагогі. Якасць адукацыі таксама вызначаецца выкарыстаннем сучасных тэхналогій: праблемнага навучання, кейс-тэхналогіі, тэхналогіі майстэрань і элементаў тэхналогіі модульнага навучання і інш. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі сёння — важная частка адукацыйнага працэсу, яны найлепшым чынам рэалізуюць метады візуалізацыі. Школы Любаншчыны ўкамплектаваны неабходнай аргтэхнікай, камп’ютарнымі класамі, мультыбордамі, створаны лакальныя сеткі з выхадам у інтэрнэт.
— Раскажыце пра сучасныя праекты, якія рэалізуюць вашы педагогі.
— Чатыры гады назад педагогі гімназіі Любані распрацавалі дыстанцыйныя курсы, якія пасля сталі часткай падрыхтоўкі вучняў раёна да ўдзелу ў прадметных алімпіядах. З 2015 года ва ўстанове праводзяцца інтэрнэт-педсаветы, што стала асабліва актуальна ў эпідэмічны перыяд. Пасяджэнню педсаветаў папярэднічае работа форумаў, на якіх педагогі абмяркоўваюць праблемныя пытанні. Вопыт работы трансліруецца на іншыя ўстановы
раёна.
Захоўваючы памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, педагогі гімназіі распрацавалі мабільны дадатак INMEMORI, які змяшчае карту спаленых вёсак на тэрыторыі Любанскага раёна і вёсак, жыхары якіх былі знішчаны падчас вайны, карту памятных месцаў і пахаванняў з гістарычнымі звесткамі, базу даных загінуўшых у гады акупацыі на тэрыторыі Любанскага раёна з магчымасцю пошуку па прозвішчы.
Педагогі Любаншчыны ўдзельнічаюць у педагагічных чытаннях і фестывалях, з’яўляюцца распрацоўшчыкамі дапаможнікаў для навучэнцаў, метадычных матэрыялаў і праектаў. У 2020 годзе тры педагогі раёна ўвайшлі ў абласную творчую групу для распрацоўкі модуляў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. Напрыклад, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сасноўскай сярэдняй школы № 1 Л.А.Варвашэвіч распрацавала сшыткі для малодшых школьнікаў, у якіх прадстаўлены алгарытмы па вучэбных прадметах 2—4 класаў.
— Як вы развіваеце і падтрымліваеце дзіцячыя таленты?
— Дзіця можа паўнацэнна развівацца толькі ў атмасферы поспеху, творчасці, аптымізму. Штогод выдзяляюцца вучэбныя гадзіны для падрыхтоўкі адораных і таленавітых вучняў да ўдзелу ў алімпіядах. Арганізавана супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі па правядзенні вучэбных семінараў у раёне для вучняў і настаўнікаў па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды. Арганізавана работа міжшкольных факультатываў, вучні з задавальненнем прымаюць удзел у рабоце аздараўленчых лагераў для высокаматываваных і адораных дзяцей, у акцыях і мерапрыемствах.
У бягучым годзе нашы вучні ўзнагароджаны дыпломамі на заключных этапах рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, матэматыцы, фізкультуры і рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў па гісторыі і грамадазнаўстве. Штогод вучні Любаншчыны ў ліку пераможцаў абласных турніраў юных фізікаў, хімікаў, міні-турніраў юных матэматыкаў. На працягу 8 гадоў праводзіцца раённы дзіцячы конкурс літаратурнай творчасці “Мурашыная сцежка”, прысвечаны земляку дзіцячаму пісьменніку Івану Муравейку. Дзеці дэкламуюць уласныя паэтычныя і празаічныя творы, па выніках выдаецца зборнік. Прадэманстраваць акцёрскае майстэрства могуць і дашкольнікі падчас правядзення тэатральнага фестывалю “За кулісамі дзяцінства”.
Шматлікіх удзельнікаў і гледачоў збірае турнір па барацьбе самба і дзюдо на прызы майстра спорту міжнароднага класа Юрыя Сенажацкага, а таксама адкрыты турнір па вольнай барацьбе на прызы Аляксандра Нагорнага. Удзельнічаць і падтрымліваць лепшых спартсменаў прыязджаюць не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з Расіі.
Штогод на стымуляванне і заахвочванне педагогаў і таленавітых вучняў Любанскі райвыканкам выдзяляе аднаразовую стыпендыю, якая ўручаецца на традыцыйным свяце-ўшанаванні “Інтэлектуальная надзея Любаншчыны”.
— Ці рыхтуеце будучых педагогаў сярод старшакласнікаў?
— Безумоўна. Штогод ва ўстановах адукацыі раёна павялічваецца колькасць класаў і груп прафесійнай педагагічнай накіраванасці. Але гэта не выключае прафарыентацыйную работу па спецыяльнасцях, запатрабаваных у іншых галінах, і паглыбленую падрыхтоўку вучняў па выбраных імі прадметах. У старшых класах адкрыты класы і групы спартыўна-педагагічнай, прававой, ваенна-патрыятычнай накіраванасці з абавязковым засваеннем вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці. Заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з установамі вышэйшай адукацыі. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца класы і групы аграрнага профілю, праводзіцца арыентацыя на атрыманне сельскагаспадарчых (аграрных) прафесій, запатрабаваных у рэгіёне.
Надзея ЦЕРАХАВА.