Інтэрнат для студэнтаў-медыкаў

- 11:23Вышэйшая школа

Наваселле на Новы год справілі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. 30 снежня адбылося ўрачыстае адкрыццё такога патрэбнага новага інтэрната для 1030 студэнтаў.

Першыя інтэрнаты для будучых медыкаў у Гродне былі пабудаваны ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Інтэрнат ХХІ стагоддзя — гэта камфортныя ўмовы: у блоках па тры пакоі, у кожным пакоі будуць пражываць па два чалавекі, асобная кухня, санвузел і душавая. Абсталяваны памяшканні для заняткаў спортам, буфет, медыцынскі кабінет. Побач з інтэрнатам — пляцоўкі для валейбола, баскетбола, футбола.

Гэта чацвёрты інтэрнат медуніверсітэта. З яго ўводам забяспечанасць месцамі склала 80 працэнтаў. Да гэтага патрэбнасць у месцах закрывалася на 54 працэнты.

Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Уладзімір Каранік, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Галіна Курганская, рэктар медыцынскага ўніверсітэта Віктар Сняжыцкі.

У гродзенскіх універсітэтах вучацца каля 20 тысяч студэнтаў. Павялічваецца і колькасць замежных студэнтаў.

— Увод у эксплуатацыю інтэрната для студэнтаў медыцынскага ўніверсітэта — гэта толькі першы крок. У наступным годзе ў дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме прадугледжаны сродкі для завяршэння будаўніцтва інтэрната на 1030 месцаў для студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, — паведаміў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. —  Гэта сур’ёзны ўклад у сістэму вышэйшай адукацыі, які дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць нашых устаноў вышэйшай адукацыі.

У новым інтэрнаце медуніверсітэта будуць жыць беларускія і замежныя студэнты з Індыі, Шры-Ланкі, Нігерыі і іншых краін.

Павелічэнне колькасці месцаў для пражывання студэнтаў дасць магчымасць павялічыць і коль­касць замежных студэнтаў. Гэта дапаможа  атрымаць дадатковыя сродкі, бо толькі ў будаўніцтва гэтага інтэрната было ўкладзена каля 30 млн беларускіх рублёў за кошт сродкаўц рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік падкрэсліў, што добрыя ўмовы для пражывання дапама­гаюць і ў вучобе. Інтэрнат фарміруе дух калектывізму, сяброўства, калі студэнты старшых курсаў дапамагаюць малодшым у вучобе.

— Мы не толькі словам, але і справай паказваем, што дзяржава сапраўды зацікаўлена ў добрых спецыялістах і гатова стварыць усе неабходныя ўмовы для іх навучання, — адзначыў Уладзімір Сцяпанавіч.

І яшчэ адна зручнасць — новы інтэрнат размешчаны за некалькі мінут хады ад галоўнага корпуса медыцынскага ўніверсітэта.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.