Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна — найстарэйшая ўстанова вышэйшай адукацыі ў вобласці. У наступным годзе УВА адзначыць 70-годдзе з моманту адкрыцця. За доўгі час БрДУ прайшоў шлях ад педагагічнага інстытута да класічнага ўніверсітэта. Гэты статус прадугледжвае сур’ёзную навуковую дзейнасць выкладчыкаў. Пра тое, наколькі яна адпавядае запытам сучаснага грамадства і якія праблемы даводзіцца вырашаць навукоўцам, расказаў прарэктар па навуковай рабоце і эканоміцы кандыдат гістарычных навук Уладзімір Васільевіч ЗДАНОВІЧ.
— Па якіх напрамках ва ўніверсітэце ажыццяўляецца навуковая дзейнасць?
— Асноўнымі напрамкамі навуковых даследаванняў ва ўніверсітэце з’яўляюцца вывучэнне структур і фізічных уласцівасцей кандэнсаваных асяроддзяў, фізікі фундаментальных узаемадзеянняў высокіх энергій і экстрэмальных станаў, генетыкі і геномікі раслін, біяхіміі і фізіялогіі клеткі; распрацоўка мадэлей комплекснага вывучэння нетраў, тэарэтычных і прыкладных асноў функцыянавання нацыянальнай прававой сістэмы; аналіз праблем развіцця беларускага грамадства; даследаванне праблем этнічных працэсаў і народнай творчасці; развіццё беларускай мовы і літаратуры; вывучэнне праблем развіцця і ўдасканалення вышэйшай адукацыі, узаемадзеяння сям’і і школы.
Улічваючы навуковыя набыткі і наяўнасць неабходных кадраў, можна лічыць перспектыўнымі далейшыя даследаванні па тэарэтычнай фізіцы, геаграфіі, філалагічных навуках і мовазнаўстве, айчыннай гісторыі, педагогіцы і юрыдычных навуках.
— Назавіце прыклады найбольш значных і актуальных даследаванняў навукоўцаў. У чым іх каштоўнасць і дзе яны могуць быць запатрабаваны?
— Паколькі ўніверсітэт займаецца вырашэннем праблем у галіне прыродазнаўчых, гуманітарных і грамадскіх навук, мы маем абмежаваныя магчымасці ў вырашэнні праблем і задач тэхнічнага і тэхналагічнага характару. Тым не менш летась выкладчыкі ўдзельнічалі ў выкананні 13 навукова-даследчых работ, накіраваных на вырашэнне прыярытэтных для рэгіёна праблем (39% ад агульнай колькасці НДР). Варта вылучыць распрацоўкі ў галіне нанатэхналогій, звязаныя з атрыманнем і прымяненнем тонкіх слаёў і шматкампанентных структур на іх аснове, навук аб Зямлі па стварэнні схем прагнозных плошчаў на мінеральныя будаўнічыя матэрыялы ў чацвярцічных адкладах Палескай седлавіны.
Распрацаваная тэхналогія вырабу святлоадчувальных шматкампанентных структур “паўправаднік — метал — дыэлектрык” адказвае такім патрабаванням сацыяльнага эфекту, як абарона здароўя чалавека і ахова навакольнага асяроддзя, садзейнічае павышэнню прэстыжу краіны. Прапанаваная да ўкаранення тэхналогія з’яўляецца экалагічна чыстай і бяспечнай. Яе выкарыстанне ў вытворчасці не прывядзе да з’яўлення аварыйных сітуацый, пагаршэння экалагічнага становішча. Паказчыкам выніковасці гэтых навуковых даследаванняў з’яўляецца атрыманне трох патэнтаў на вынаходніцтвы.
Вынікі навукова-даследчай работы “Распрацоўка геолага-генетычнай мадэлі чацвярцічных адкладаў Палескай седлавіны як асновы прагназавання карысных выкапняў” выкарыстаны ў якасці інфармацыйнай асновы для кантролю выканання заканадаўства пры распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці і планаванні работ па іх асваенні, павышэнні эфектыўнасці геолагаразведвальных работ, мінімізацыі ўздзеяння неспрыяльных тэхнагенных і прыродных фактараў і захаванні бяспечных умоў працы пры правядзенні геолагаразведвальных работ на цвёрдыя карысныя выкапні. НДР укаранёна ў вытворчую дзейнасць Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, абласнога камітэта па эканоміцы і ААТ “Брэстпраект”.
Паказчыкам выніковасці навуковых даследаванняў з’яўляецца колькасць пададзеных заявак на аб’екты прамысловай уласнасці і атрыманых патэнтаў. Так, па выніках выканання толькі фінансаваных НДР атрымана 9 патэнтаў.
Распрацаваная тэхналогія “Спосаб вызначэння квантавага выхаду іонаў металу ў святлоадчувальнай сістэме “паўправаднік — метал” была прадстаўлена на XVII Міжнароднай выставе-кангрэсе “Высокія тэхналогіі. Інавацыі” (Санкт-Пецярбург, 2010). Па выніках выставы атрыманы дыплом за ўклад у развіццё навукова-прамысловага ком-плексу Расіі і актыўны ўдзел у выставе. Распрацоўкі “Спосаб атрымання пазітыўнага ці негатыўнага малюнка на бессярэбраных святлоадчувальных пластах” і “Спосаб нанясення рэльефнага малюнка на дыэлектрычную падкладку” ўзнагароджаны дыпломам I і III ступені, залатым і бронзавым медалём на IX Маскоўскім міжнародным салоне інавацый і інвестыцый (2009), а таксама прадстаўлены на Нацыянальнай выставе Беларусі ў Азербайджане (Баку, 2010), Тыдні навукі і тэхнікі правінцыі Гуандун КНР (Мінск, 2010) і выставе, арганізаванай у рамках Міжнароднага тыдня навукі і тэхнікі ў г.Дунгуан правінцыі Гуандун (Кітай) у 2010 годзе.
— Наколькі выкладчыцкі патэнцыял і матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэта адпавядаюць запытам сучаснай навукі? Ці ахвотна моладзь ідзе ў навуку?
— Навуковы патэнцыял універсітэта сканцэнтраваны на 49 кафедрах. Сёння ў БрДУ працуе 19 дактароў навук і 222 кандыдаты навук. Колькасць выкладчыкаў ва ўзросце да 39 гадоў складае амаль 42%, у тым ліку дактароў і кандыдатаў навук — амаль 19%. Пры гэтым колькасць дактароў і кандыдатаў навук ва ўзросце 60 гадоў і старэй складае 22%.
Адной з форм адукацыйнага працэсу з’яўляецца навукова-даследчая дзейнасць студэнтаў. Гэтай дзейнасцю ў пазавучэбны час займаецца амаль 64% студэнтаў і магістрантаў дзённай формы навучання.
У БрДУ функцыянуе 8 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, дзе працуе 185 студэнтаў і магістрантаў, дзейнічае 103 студэнцкія навукова-даследчыя групы (больш за 400 студэнтаў і магістрантаў), 36 студэнцкіх навуковых гурткоў (амаль 300 студэнтаў і магістрантаў). Штогод студэнты і магістранты ўдзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. Важна, што колькасць яго пераможцаў з кожным годам павялічваецца (у 2011 годзе — каля 69%, у 2012 — каля 71%, а летась — амаль 78%).
Трэба прызнацца, што ў цэлым моладзь не ахвотна ідзе ў навуку, што ў значнай ступені звязана з недастатковай аплатай працы навукова-педагагічных работнікаў, найперш дактароў і кандыдатаў навук.
Што да матэрыяльна-тэхнічнай базы, то для паспяховага правядзення навукова-даследчых работ, якія выконваюцца па прыярытэтных напрамках навуковых даследаванняў Беларусі, ва ўніверсітэце ёсць неабходнае навуковае абсталяванне. Прыборы і аналітычнае абсталяванне сканцэнтраваны пераважна на кафедрах прыродазнаўчанавуковага профілю і выкарыстоўваюцца эфектыўна пры ажыццяўленні навукова-даследчых работ у рамках выканання дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. Агульны аб’ём выдаткаў на набыццё навуковага абсталявання летась склаў больш за 1,2 мільярда рублёў.
— Наколькі плённай і выніковай з’яўляецца работа па экспарце навуковых распрацовак і міжнародным супрацоўніцтве ў навуковай сферы?
— У 2011—2013 гадах універсітэт удзельнічаў у выкананні двух сумесных навуковых праектаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і Дзяржаўнага фонду фундаментальных даследаванняў Украіны. У той жа перыяд БрДУ браў удзел у выкананні навукова-даследчай работы “Распрацоўка геатурыстычных маршрутаў у паўднёвай частцы прыгранічнай тэрыторыі Польшчы і Беларусі” ў рамках праграмы беларуска-польскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва на 2011— 2012 гады. Выканаўца праекта з польскага боку — Польскі інстытут геалогіі, з нашага — РУП “Беларускі навукова-даследчы геолагаразведвальны інстытут” пры ўдзеле БрДУ.
У 2011—2013 гадах універсітэт удзельнічаў у двух праектах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна — 2007—2013”, чатырох праектах праграмы TEMPUS, праектах праграмы “Адукацыя на працягу ўсяго жыцця — Жан Манэ” і праграмы “Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва”, а таксама ў чатырох праектах праграмы акадэмічнай мабільнасці Erasmus Mundus. Трэба адзначыць, што айчынныя і замежныя інвестары не ахвотна ідуць на фінансаванне навуковых даследаванняў, аддаючы перавагу завершаным распрацоўкам.
— З якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца навукоўцам?
— Адной з галоўных праблем з’яўляецца недастатковая матэрыяльна-тэхнічная база. Мэтазгодна забяспечыць частковае базавае фінансаванне УВА для прадастаўлення ўніверсітэтам самастойнасці ў выбары тэматыкі даследаванняў, прадугледзець прававыя падставы для фінансавання навуковых даследаванняў за кошт сродкаў вытворчага і сацыяльнага развіцця арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту.
— Якія планы і перспектывы развіцця ўніверсітэта ў навуковай галіне на самы бліжэйшы час?
— Усе заданні і асобныя праекты, якія будуць выконвацца ва ўніверсітэце ў найбліжэйшыя 3—5 гадоў, адпавядаюць прыярытэтным напрамкам навуковых даследаванняў Беларусі: “Новыя матэрыялы для прамысловасці, медыцыны і будаўніцтва, навукаёмістыя тэхналогіі іх вытворчасці. Металургічныя і ліцейныя працэсы”, “Экалогія, прыродныя рэсурсы, рэсурсазберажэнне, рацыянальнае прыродакарыстанне і абарона ад надзвычайных сітуацый” і “Сацыяльна-эканамічнае і духоўна-культурнае развіццё Рэспублікі Беларусь”.
БрДУ плануе прымаць удзел у выкананні 9 заданняў у рамках чатырох дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў (“Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава”, “Канвергенцыя”, “Хімічныя тэхналогіі і матэрыялы, прыродна-рэсурсны патэнцыял” і “Функцыянальныя і кампазіцыйныя матэрыялы, нанаматэрыялы”), а таксама ў конкурсах Міністэрства адукацыі Беларусі на суісканне аспіранцкіх і студэнцкіх грантаў, навукова-даследчых работ, накіраваных на навукова-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці галіновага міністэрства, у конкурсах
БРФФД, мерапрыемствах за кошт уласных сродкаў заказчыкаў і міжнародных навукова-тэхнічных праектах.
Намаганні калектыву БрДУ накіраваны на канчатковы вынік працы — атрыманне новых прадуктаў, методык і інш. Такі падыход дазваляе атрымліваць патэнты, выдаваць манаграфіі і дапаможнікі з грыфам Міністэрства адукацыі Беларусі, спрашчае ўкараненне вынікаў навукова-даследчых работ і павышае верагоднасць атрымання фінансавання для выканання далейшых даследаванняў.
Гутарыў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.