Ірына Касцевіч: прыярытэт у выхаванні і навучанні дзяцей мы аддаём нашаму настаўніцтву

- 15:16Моя гражданская позиция

“Наша моладзь павінна разумець, што яе будучыня і будучыня краіны ў яе руках. А для гэтага трэба праяўляць ініцыятыву, імкнуцца да самаўдасканалення, быць духоўна багатай асобай, дастойным грамадзянінам і сапраўдным патрыётам сваёй краіны”, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” Ірына Касцевіч, старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

— Якім павінен быць чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй? Якімі рысамі характару ён павінен валодаць? Як знайсці баланс асабістых і грамадскіх інтарэсаў і як скіраваць іх крыніцы ў адну плынь? Пытанні, на якія мы імкнёмся адказаць на працягу ўсяго свайго жыцця.

На мой погляд, падмурак грама­дзянскіх якасцей у чалавеку закладваецца ў першую чаргу ў сям’і, з самага ранняга дзяцінства. Гэта адказнасць за свае ўчынкі і дзеянні, ініцыятыў­насць, самастойнасць, любоў і павага да бацькоў, сваіх продкаў, ды і проста да любога чалавека, гэта любоў да Радзімы і адказнасць за зямлю, на якой ты нарадзіўся. Каб закласці асновы грама­дзянскасці, безумоўна, бацькі павінны стаць прыкладам для сваіх дзяцей, стаць асновай тых якасцей, пачуццяў, з якіх пачынаецца наша жыццё. У школе крок за крокам гэтыя пачуцці развіваюцца, мацнеюць, фарміруецца характар юнага грамадзяніна, на стрыжань якога нанізваюцца фундаментальныя асновы далейшага яго жыццёвага шляху — адказныя адносіны да вучобы і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці навучальнай установы, свайго раёна і ўвогуле краіны.

Настаўніку дадзена місія вучыць і выхоўваць сваіх навучэнцаў, далучаць да канкрэтных важных спраў, быць флагманам і прыкладам ва ўсім.

Выходзячы са школы, нашы дзеці павінны мець выразныя жыццёвыя арыенціры, шліфоўка якіх працягнецца праз усё жыццё — у каледжы ці ўніверсітэце, у працоўным калектыве, у сваёй сям’і. І не толькі дзякуючы клопату тых людзей, якія цябе акружаюць, — ты сам павінен імкнуцца да свайго росту, развіваць і загартоўваць сябе, выхоўваць у сабе актыўнасць і творчы запал.

Маё школьнае і студэнцкае жыццё па-сапраўднаму бурліла. У школьныя гады я была старастай класа і сакратаром камсамольскай арганізацыі, арганізатарам і актыўным удзельнікам шматлікіх забаўляльных і выхаваўчых мерапрыемстваў, экскурсій, сустрэч, акцый — ні хвіліны вольнага часу, нават на канікулах. Паколькі я займалася народнымі танцамі, то прымала актыўны ўдзел і ў канцэртных праграмах на выбарчых участках у час выбарчай кампаніі. Таксама з асалодай успамінаю студэнцкае жыццё. Яно было насычана дзейнасцю зорных і студэнцкіх атрадаў. Акрамя таго, я ўзначальвала камсамольскую арганізацыю факультэта і вяла актыўную грамадскую работу сярод сваіх аднакурснікаў у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі імя В.У.Куйбышава. У дарослае працоўнае жыццё я ўваходзіла ўжо членам Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, калі мне было 22 гады, і ў далейшым фарміравалася як асоба, як чалавек, як грамадзянін.

Маё жыццёвае крэда — развівацца і ствараць, працаваць сёння лепш, чым учора, суперажываць і дапамагаць, імкнуцца быць шчаслівай і несці шчасце і дабро іншым. Так сфарміравалася маё правіла дзвюх “л” — лю­біць справу, якой займаешся, і любіць лю­дзей, якія акружаюць. Напэўна, сугучча гэтых пастулатаў дапамагло мне
займацца цікавымі справамі, выра­шаць важныя дзяржаўныя задачы і пры гэтым усведамляць асабістую адказ­насць і значнасць. Лічу сэнсам сваёй дзейнасці ўносіць свой пасільны ўклад у развіццё нашай краіны.

Працуючы ў статыстычных органах, я ініцыіравала і рэалізавала праект па выданні кнігі “Статыстыка для школьнікаў”, якая выдаецца да гэтага часу і змяшчае актуальную статыстычную інфармацыю. Калі працавала намеснікам міністра эканомікі, мы рэалізавалі праекты па развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, шэраг іншых значных напрамкаў. Узначальваючы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, вяла дзей­насць па вырашэнні пытанняў сацыяльна-працоўнай сферы, удасканаленні працоўных адносін, аплаты і аховы працы, дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, пенсіённага забеспячэння, сямейнай палітыкі, сацыяльнага абслугоўвання і падтрымкі нашых грамадзян. Сёння для будучых пенсіянераў рэалізуецца праграма добраахвотнага пенсіённага страхавання з падтрымкай дзяржавы “3+3”, укаранёны механізм датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу, распрацавана і рэалізуецца нацыянальная стратэгія “Актыўнае даўгалецце”, абноўлены сацыяльныя пансіянаты, укаранёны новыя падыходы ў сацыяльным абслугоўванні з акцэнтам на “старэнні каля дамашняга ачага”, пашыраны сацыяльныя льготы і гарантыі для ўразлівых катэгорый грамадзян.

Мая сённяшняя работа ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — вялікая адказнасць за прымаемыя законы ва ўсіх сферах дзяржаўнага кіравання і жыццядзейнасці чалавека. Калі разглядаць непасрэдна пытанні, якія ўваходзяць у кампетэнцыю камісіі, якую я ўзначальваю, то планы і задачы пазначаны па кожным кірунку. Так, зусім нядаўна прыняты Закон аб занятасці насельніцтва, які накіраваны на вырашэнне праблемных пытанняў рынку працы, забеспячэнне балансу попыту і прапановы, укараненне гнуткіх і сучасных механізмаў пошуку работы. У плане — унясенне змяненняў у Працоўны кодэкс, Закон аб ахове працы, распрацоўка заканадаўчай ініцыятывы па сацыяльным прадпрымальніцтве.

Сёння наша моладзь павінна ра­зумець, што яе будучыня і будучыня краіны ў яе руках. А для гэтага трэба праяўляць ініцыятыву, імкнуцца да самаразвіцця і самаўдасканалення, быць духоўна багатай, моцнай асобай, дастойным грамадзянінам і сапраўдным патрыётам сваёй краіны, адчуваць сябе адказным за ўсё, што адбываецца. Гэта няпроста, але гэта адзіны правільны шлях.

Ала КЛЮЙКО
Фота БелТА і з сайта Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь