Ія Ташлыкова-Бушкевіч: “Хочацца, каб дзяўчынкі былі смелымі”

- 13:08Вышэйшая школа

Ія Ігараўна Ташлыкова-Бушкевіч — кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, выкладае фізіку на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР. Яна аўтар першага ў суверэннай Беларусі падручніка па агульнай фізіцы для студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей. Дактарант фізічнага факультэта БДУ, вядзе даследаванні ў галіне вадароднага матэрыялазнаўства.

На нядаўнім з’ездзе Беларускага фізічнага таварыства Ія Ташлыкова-Бушкевіч была выбрана адным з намеснікаў старшыні БФТ Дзмітрыя Магілеўцава. А напярэдадні прыняла ўдзел у VI Міжнароднай канферэнцыі “Жанчыны ў фізіцы”, якая прайшла ў Бірмінгемскім універсітэце (Вялікабрытанія). Яе паведамленне пра беларускіх жанчын у галіне прыродазнаўчых навук вельмі зацікавіла ўдзельнікаў з іншых краін. Па словах Іі Ташлыковай-Бушкевіч, беларускі маюць высокі патэнцыял для таго, каб рэалізаваць сябе ў навуковай сферы. Але надзвычай важна, каб была падтрымка сям’і і матывацыя з боку грамадства.

— Ія Ігараўна, у 2014 годзе вы прадстаўлялі беларускіх жанчын-фізікаў на Міжнароднай канферэнцыі “Жанчыны ў фізіцы” ў канадскім Ватэрлоа. Праз тры гады гэта канферэнцыя прайшла ў Бірмінгеме. Скажыце, ці змянілася што-небудзь за гэты час — у Беларусі, у свеце?

— На канферэнцыі ў Бірмінгеме даклады пра поспехі і праблемы жанчын-фізікаў у сябе на радзіме прадставілі дэлегаты з 39 краін. Некаторыя выступоўцы адзначалі, што прынцыпова нічога не мяняецца: колькі дзяўчынак ішло ў навуку — столькі і ідзе, колькасць не расце.

Напрыклад, у Англіі вялікую ролю ў лёсе дзяўчынкі адыгрывае яе мама. Каб англійская дзяўчынка пайшла ў фізіку, трэба, каб мама ўбачыла, што ў яе дачкі ёсць будучыня ў навуцы. Таму, напэўна, трэба шукаць шлях да мацярынскіх сэрцаў.

На канферэнцыі гаварылі пра тое, што многія жанчыны пасля 30 гадоў сыходзяць з фізікі. З’яўляецца сям’я, і далёка не ўсе гатовы сумяшчаць навуку з хатнімі клопатамі і выхаваннем дзяцей. Гэта праблема ўсіх краін — і бедных, і багатых. Зрэшты, мы не павінны з ёй мірыцца. Трэба думаць, як зрабіць, каб таленавітыя і творчыя жанчыны заставаліся ў навуцы і рухалі прагрэс.

— Пра што вы расказвалі ў сваім дакладзе?

— Як прадстаўнік групы беларускіх жанчын-фізікаў Беларускага фізічнага таварыства я рабіла два паведамленні: пра вынікі даследаванняў у галіне вадароднага матэрыялазнаўства, якія я выконваю ў супрацоўніцтве з італьянскімі і карэйскімі вучонымі, і пра гендарны баланс у беларускай навуцы. У прадстаўніцы кожнай краіны было ўсяго 90 секунд для таго, каб выйсці і зрабіць паведамленне. А пасля пасяджэння, падчас постарнай секцыі, можна падысці да любога дакладчыка і задаць пытанні, высветліць пэўныя аспекты. Таму трэба выступіць так, каб зацікавіць аўдыторыю.

Маё выступленне выклікала сапраўдную дыскусію. Да мяне падыходзілі жанчыны з розных краін, удакладнялі дэталі і расказвалі, як адбываецца ў іх на радзіме. Напрыклад, мексіканскія жанчыны дзівіліся, што беларускія мужчыны бяруць актыўны ўдзел у выхаванні дзяцей. Яны шчыра казалі, што тыповы мексіканскі тата прыходзіць дадому, закідвае ногі на стол, уключае TV — і на гэтым яго ўдзел у сямейных справах заканчваецца.

Яшчэ рыхтуючыся да канферэнцыі, я задала сабе пытанне: “А што цікавага я магу расказаць жанчынам свету?” У мінулы раз, у Канадзе, у мяне быў класічны даклад. Я даследавала даныя статыстыкі і высветліла, што ў навуцы, у выкладчыцкай дзейнасці ў базісе даволі шмат жанчын. Але чым вышэй іерархія, тым іх становіцца менш. На ўзроўні рэктараў, прафесараў заўважна пераважаюць мужчыны.

Я вырашыла прадоўжыць сваё даследаванне і высветліць, ці змянілася штосьці ў краіне з 2014 па 2017 год. Тым больш што па выніках мінулай канферэнцыі стала зразумела: у багатых, паспяховых краінах гендарныя праблемы стаяць больш востра, чым у нас. І я падумала, што ў Беларусі сітуацыя лепшая, бо, напэўна, ёсць культурныя адрозненні з іншымі краінамі.

Па звестках 2017 года, у рэйтынгу гендарнай роўнасці Сусветнага эканамічнага форуму са 144 краін Беларусь займае 26-е месца (паміж Кубай і Багамамі). Пры тым што Германія і Вялікабрытанія, напрыклад, займаюць 12-е і 15-е месцы адпаведна, Беларусь апярэджвае такія краіны, як ЗША (49-е месца), Расію (71-е месца) і Японію (114-е месца). А лідзіруе ў згаданым рэйтынгу Ісландыя.

Каб прааналізаваць прафесійную кар’еру жанчын-навукоўцаў, я ўзяла пад увагу такія пытанні, як узрост уступлення ў шлюб, узрост мацярынства, доля ўдзелу мужчын і жанчын у выхаванні дзяцей і статыстыка бюджэту часу (выдаткі часу на працу і вядзенне хатняй гаспадаркі) мужчын і жанчын у залежнасці ад шлюбнага становішча. Усе патрэбныя звесткі ёсць у свабодным доступе на сайце Міністэрства статыстыкі Беларусі.

— І пра што сведчыць наша паважаная статыстыка? Пры якіх умовах шансы жанчыны зрабіць кар’еру ў навуцы ўзрастаюць?

— Прысутнасць беларусак у прыродазнаўчых навуках лепшая, чым у багатых краінах Еўропы, але і ў нас таксама ёсць праблемы. Маладых дзяўчат-фізікаў даволі многа — на фізічным факультэце БДУ іх прыкладна палова. Але калі глядзець далей, аспірантуру і тым больш дактарантуру, то жанчын-фізікаў становіцца ўсё менш. Так, я пішу ў сваім даследаванні, што ў дактарантуры ў нас вучыцца 12,5% жанчын-фізікаў. Здавалася б, нядрэнна. Але насамрэч гэта адзінкі. Адпаведна, жанчын — прафесараў фізікі ў нас недаравальна мала.

Гэтую сітуацыю я разглядаю праз прызму асабістага жыцця жанчыны. Калі ў 17 гадоў яна паступае ва ўніверсітэт, у 22 — у магістратуру, у 23 — у аспірантуру, то да моманту заканчэння ёй ужо 26. Фізіка — складаная навука, і лічыцца, што аспірантура скончана паспяхова, калі на працягу двух гадоў пасля заканчэння будзе абаронена дысертацыя. Але гэта час, калі пераважная большасць дзяўчат ствараюць сем’і, нараджаюць дзяцей.

Беларускія жанчыны ўступаюць у шлюб у сярэднім у 25,5 года, мужчыны — у 27,5 года.

Вось і атрымліваецца, што аспірантуру па фізіка-матэматычных навуках заканчваюць далёка не ўсе дзяўчаты: у 2014 годзе — 24%, у 2015 годзе — 32% ад колькасці ўсіх аспірантаў. Тых, хто абараніў дысертацыі, яшчэ менш. Як фізік, які прывык працаваць з лічбамі, я бачу тут праблему. І яна пагаршаецца тым, што не ўсе пасля нараджэння дзяцей вяртаюцца ў навуку. А краіне, нам з вамі трэба, каб яны вярталіся.

— А куды сыходзяць жанчыны-фізікі? Ідуць на больш спакойную выкладчыцкую работу?

— У нас на фізфаку БДУ гавораць: “Фізікі могуць працаваць кім заўгодна”. Гучыць як жарт, але насамрэч гэта так. Фізічная навука пашырае гарызонты, дае іншы падыход да жыцця, іншае бачанне. І куды б яны ні пайшлі, я ўпэўнена, што гэтыя жанчыны ўсё роўна застаюцца залатым фондам дзяржавы. Але трэба думаць, як іх пакінуць у фізіцы.

— Вам не здаецца, што нашых жанчын выбівае з каляіны трохгадовы дэкрэтны водпуск? А калі два дэкрэтныя — 6 гадоў, вырваных з прафесійнага жыцця, — то гэта амаль непераадольны правал…

— Адна амерыканская група правяла статыстычнае даследаванне, з якога вынікае, што, калі дзяржава ўкладвае рэсурсы ў жанчын, якія нараджаюць дзяцей, гэта вельмі добра ўплывае на сям’ю. Праўда, у згаданым даследаванні напісана і тое, што дзяржава пры гэтым страчвае пэўную колькасць працаздольнага насельніцтва: жанчыны не хочуць вяртацца на работу.

Мы жывём у Беларусі, і для нас такія высновы дзіўныя, але калі паглядзець шырэй, то гэта цалкам прадказальны феномен. Таму варта шукаць залатую сярэдзіну. Мы не можам адмовіцца ад дэкрэтнага водпуску, як, напрыклад, у ЗША, дзе праз пару дзён пасля нараджэння дзяцей мамы выходзяць на работу. Гэта жахліва. І не ад добрага жыцця ў ЗША існуе група жанчын-фізікаў, якія абараняюць свае правы, Амерыканскае фізічнае таварыства выбірае даследчыцу месяца, даследчыцу года і г.д. Усё гэта для таго, каб матываваць жанчын. Аднак беларускам, якія хочуць адбыцца як прафесіяналы, трэба разглядаць трохгадовы водпуск як цудоўны падарунак ад дзяржавы, але пры гэтым не варта расслабляцца і выпадаць з прафесійнага жыцця.

— А што тычыцца даследчыц, якія ўжо ўступілі ў шлюб, падгадавалі дзяцей? Як выглядае сітуацыя ў дактарантуры?

— Дактарантуру ў 2014 годзе скончылі 14% жанчын, у 2015 годзе — 12,5%. Магу сказаць, што, калі мужчыны дапамагаюць у выхаванні дзяцей, вядзенні хатняй гаспадаркі, гэта надае жанчынам сіл заставацца ў навуцы: яны праводзяць даследаванні, наведваюць канферэнцыі, праходзяць замежныя стажыроўкі. Мне пашанцавала: мяне муж падтрымлівае ва ўсім. На жаль, далёка не кожная сям’я можа вытрымаць вялікую навуку, многія выдатныя жанчыны-прафесіяналы адзінокія.

У галіне прыродазнаўчых навук 47,7% даследчыкаў — жанчыны (сярод кандыдатаў навук жанчыны складаюць 42%, сярод дактароў навук — 18%). У выкладчыцкай дзейнасці жанчын больш — 54,3% (сярод кандыдатаў навук жанчыны складаюць 47,8%, сярод дактароў навук — 20%).

З пункту гледжання міжнароднай статыстыкі, вельмі добра, калі паміж мужам і жонкай невялікая розніца ва ўзросце. Гэта сведчыць пра тое, што ён і яна будуць больш гарманічна развівацца ў прафесійным плане, і жанчына ў такой сям’і дасягае большага, чым калі б розніца ва ўзросце была вялікай.

Беларуская статыстыка сведчыць, што ў пары, якая знаходзіцца ў шлюбе, у сярэднім за тыдзень мужчына праводзіць на рабоце 5,25 гадзіны ў дзень, жанчына — 4,4 гадзіны; на хатнія справы мужчына выдаткоўвае 2,9 гадзіны ў дзень, жанчына — 5 гадзін.

Нягледзячы на тое, што адзінокія жанчыны працуюць столькі ж, колькі адзінокія мужчыны (5,6 гадзіны ў дзень), статыстыка паказвае, што агулам (на рабоце і ў клопатах па гаспадарцы) яны заняты, як і замужнія жанчыны (9,4 гадзіны ў дзень). Адзінокія мужчыны затрачваюць на хатнія справы менш часу, чым жанатыя. Агулам на працы і ў хатніх клопатах яны заняты 7,6 гадзіны ў дзень (жанатыя — 8,15 гадзіны).

На першы погляд можна падумаць: як нашы беларускія мужчыны добра ўладкаваліся! Але калі паглядзець, як у сям’і размяркоўваецца час на догляд дзяцей, то мы ўбачым, што мужчыны робяць даволі многа: 35,6% часу належыць бацькам і 64,4% — мамам. Так, жанчына праводзіць з дзецьмі ўдвая больш часу, чым мужчына, але ў цэлым сітуацыя нядрэнная. Ва ўсякім разе намнога лепшая, чым у многіх іншых краінах.

Па выніках канферэнцыі ў Бірмінгеме магу адзначыць, што, дзякуючы спрыяльнай сямейнай палітыцы нашай дзяржавы беларускія жанчыны даволі паспяхова ўдзельнічаюць у жыцці грамадства і актыўна рэалізуюць творчы патэнцыял у галіне прыродазнаўчых навук. Тут наша краіна істотна адрозніваецца ад іншых. Сямейна-арыентаваная палітыка прыносіць плён. І пра гэта можна (перайначу — трэба) гаварыць з гордасцю.

— Ія Ігараўна, вы праваднік інтарэсаў жанчын у сферы навукі, але працуеце на мужчынскім факультэце…

— Насамрэч на ІТ-спецыяльнасцях шмат дзяўчат. Вярнуўшыся з канферэнцыі, я паказала ім усю статыстыку, фотаздымкі, расказала некалькі выбітных гісторый пра жанчын-фізікаў. Думаю: “А раптам мае словы пэўным чынам адгукнуцца ў іх сэрцах — і яны захочуць нечага большага”.

Хочацца, каб дзяўчаты былі смелымі, марылі, рызыкавалі, асвойвалі новае, каб яны ішлі не пратаптанымі сцежкамі, а кожная шукала сваю дарогу.

Вы назвалі наш факультэт мужчынскім, але хачу запэўніць, што кіраўніцтва БДУІР на чале з рэктарам Міхаілам Паўлавічам Батурам падтрымлівае жанчын ва ўсіх пачы-наннях. Нашай кафедрай фізікі кіруе жанчына — дацэнт Галіна Фёдараўна Смірнова.

На адной з канферэнцый мяне вельмі ўразіла выступленне канадскай даследчыцы. Яна вывела на экран выяву вялікай рандолі з кіпенем, і адтуль выскоквалі жабкі (дарэчы, гэтым заходнія даследчыкі адрозніваюцца ад нашых: яны на сур’ёзных канферэнцыях любяць дэманстраваць несур’ёзныя малюнкі). Выступоўца сказала: “Жабкі — гэта мы”. І распавяла гісторыю пра свой факультэт, дзе працуе некалькі жанчын, якія ўвесь час скачуць як апараныя і, што дзіўна, адна адну ніяк не падтрымліваюць. Кожная сама за сябе. І мне вельмі прыемна ўсведамляць, што ў нас усё па-іншаму. У БДУІР, на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак, дзе я працую, і на фізічным факультэце БДУ, куды я паступіла ў дактарантуру, вельмі цёплыя чалавечыя адносіны паміж людзьмі. Гэта надае нам, жанчынам, сілы, каб працаваць, ставіць мэты і дасягаць іх.

— Нядаўна вы вярнуліся з Германіі, і я ведаю, там таксама абмяркоўвалася жаночая тэма?

— Так, два месяцы назад я была ў Енскім універсітэце імя Фрыдрыха Шылера. Так супала, што прафесар Эльке Вендлер, з якой я супрацоўнічаю, была вельмі занятая. Штогод яна з калегамі арганізуе фізічную школу для дзяўчынак. Кошт удзелу ў гэтай школе невысокі. Заняткі праводзяцца бясплатна, бацькі аплачваюць толькі нейкі працэнт кошту пражывання.

Эльке Вендлер расказала мне пра сваю гордасць: адна з дзяўчынак некалькі гадоў хадзіла ў фізічную школу і напачатку нават не планавала займацца фізікай. Але спакваля ўцягнулася, паступіла ва ўніверсітэт і дагэтуль наведвае фізічную школу — цяпер, каб матываваць іншых.

У нашай справе вельмі важны прыклад, каб жанчыны, якія займаюцца фізікай, былі visible (“бачнымі”). Дзяўчына, якая сустрэне яркага прафесіянала, падумае: “О, і я так магу!”

Эльке Вендлер прызнаецца, што часам здараецца шмат работы, бывае, нават апускаюцца рукі. Але калі надыходзіць час і невядомыя дзяўчаты пачынаюць дасылаць лісты, пытаюцца, калі пачнецца школа, і як туды запісацца, тады ў Эльке, якая жыве навукай, вырастаюць крылы.

— Ія Ігараўна, прызнайцеся, вы хацелі б стварыць падобную школу?

— Вядома, у мяне ёсць ідэі, ёсць вопыт. Патрэбна каманда. І хто ведае, як можа здарыцца… Вось вы напішаце артыкул — пачытаюць мае калегі, патэлефануюць мне заўтра і скажуць: “Ія, а давай сапраўды замуцім што-небудзь такое!” Магчыма, не так крута, як у Германіі, але спакваля, крок за крокам, крок за крокам… Ведаеце, Галіна, усё магчыма.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.