Чарговая навуковая баталія з удзелам магістрантаў прайшла днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.
Папоўніўшы спіс добрых і цікавых традыцый універсітэта, навуковае спаборніцтва ўжо стала адным з самых чаканых мерапрыемстваў для студэнтаў і магістрантаў. “Аб навуцы з гумарам” — дэвіз і галоўнае патрабаванне паядынку. А яшчэ пра ўласныя навуковыя даследаванні і вынаходніцкія ідэі неабходна расказаць так, каб было зразумела дылетанту, і пры гэтым укласціся ў 6 хвілін.
Прадставіць свае навуковыя праекты ў жартаўлівай форме і нефармальнай абстаноўцы на гэты раз адазваліся восем магістрантаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту і Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога.
Перад пачаткам навуковай баталіі яе арганізатар дэкан факультэта магістарскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі Ала Няўзорава паабяцала прысутным — студэнтам, аспірантам і выкладчыкам, — што яны атрымаюць асалоду ад выступленняў, а ўсмешка не будзе пакідаць іх твары. Так яно і атрымалася. Маладыя навукоўцы паказалі, што памылкова “тэхнароў” лічыць сумнымі і занудлівымі людзьмі. Інжынеры таксама ўмеюць жартаваць, у тым ліку і на сур’ёзныя навуковыя тэмы. Кажуць, уменне смяяцца з сур’ёзных жыццёвых сітуацый, у якія мы трапляем, — гэта прыкмета высокаразвітога эмацыянальнага інтэлекту.
— Навука робіць наша жыццё і камфортней, і цікавей, і прасцей, — лічыць прафесар Няўзорава. — Дзякуючы навуцы, мы жывём у эпоху, калі адлегласць ад самых шалёных фантазій да сапраўднай рэчаіснасці скарачаецца з неверагоднай хуткасцю. Жартуюць усе, і навукоўцы не выключэнне. Магчыма, гумар для іх служыць сродкам інтэлектуальнай размінкі.
Тэмы для сваіх выступленняў юнакі і дзяўчаты прыдумвалі таксама жартаўлівыя. “Займальны будаўнічы гамбургер”, “Тэрмасілавое ўздзеянне на бутэрброд”, “Танцы для рэкуперацыі” — толькі чытаючы гэтыя дзіўныя назвы, ужо хочацца быць сярод гледачоў батла, каб даведацца, што за гэтым хаваецца. У недасведчанага чалавека пачутае выклікае здзіўленне, бо, нягледзячы на гумар і вясёлыя прэзентацыі, магістранты прадстаўляюць публіцы сапраўдныя навуковыя распрацоўкі, якія, магчыма, у хуткім часе трапяць у шырокае выкарыстанне.
Навошта патрэбна такое мерапрыемства? Гэта добрая магчымасць зацікавіць моладзь навукай. Падобныя спаборніцтвы папулярныя ва ўсім свеце. Не выключана, што і на Гомельшчыне яны вырастуць да больш масавых і значных. У рэгіёне дзейнічаюць 6 устаноў вышэйшай адукацыі, і хочацца спадзявацца, што паступова ўсе яны падключацца да навуковых батлаў.
Наталля ЛУТЧАНКА.