Junior Ignite Camp

- 15:39Адукацыйная прастора

З 9 па 15 жніўня пад Барысавам прайшоў адукацыйны летнік Junior Ignite Camp. Каля 100 школьнікаў ад 12 да 14 гадоў распрацавалі сацыяльна значныя праекты ў сферы камп’ютарнай і тэхнічнай творчасці.

Удзельнікі праекта — падлеткі з Мінскай вобласці, якія з-за сацыяльных, геаграфічных ці фінансавых бар’ераў не могуць займацца праграмаваннем і робататэхнікай, але цікавяцца гэтай тэмай. Для іх падрыхтавалі тры блокі заняткаў: непасрэдна камп’ютарныя тэхналогіі, а таксама англійская мова і так званыя soft skills — сацыяльныя навыкі. Акрамя таго, дзеці знаходзілі час на адпачынак — зарадку і спорт, настольныя гульні і дыскатэкі.

— Мяне вельмі ўразіла, як праходзіла навучанне ў IT-блоку, — прызналася Святлана Віктараўна Мешчанка, настаўніца інфарматыкі і англійскай мовы лельчыцкай сярэдняй школы № 1, якая ўдзельнічае ў праекце як валанцёр. — Настаўнік і праграміст праводзяць заняткі разам. З аднаго боку, гэта вельмі зручна для дзяцей, а з другога — для нас саміх: я атрымліваю карысныя парады ад спецыяліста, а ён вучыцца выкладаць, працаваць з дзецьмі.

Таксама школьнікі наведвалі майстар-класы, многія з якіх прапанавалі самі дзеці: любы мог заявіць тэму і падзяліцца карыснымі ведамі, неабавязкова звязанымі з профілем летніка. Напрыклад, адзін з такіх майстар-класаў быў прысвечаны мове праграмавання Python, а іншы — хэнд-мэйду. Ніколі не ведаеш, якія ўменні могуць спатрэбіцца ў рабоце праграміста.

На занятках і майстар-класах настаўнікам і важатым дапамагалі выхаванцы мінулага Junior Ignite Camp. Школьнікі падавалі прыклад малодшым “калегам” і ў праграмаванні, і ў штодзённым жыцці: падтрымка роўнага стварае атмасферу даверу, неабходную для сумеснай творчасці.

— У мінулым годзе летнік праводзіўся ў Гомельскай вобласці, і там пабываў мой сын, — расказала Святлана Віктараўна. — Вярнуўся дадому акрылены, больш адкрыты і ўпэўнены ў сабе. Раней, напрыклад, ён саромеўся іграць на гітары для кагосьці, а пасля змены стаў часцей выступаць для сям’і ці сяброў. А яшчэ навучыўся лагічна і паслядоўна выкладаць свае думкі. Мне як настаўніку стала цікава: як гэтага дабіліся? Таму я і вырашыла прыехаць валанцёрам. Цяпер упэўнена: сакрэт — у каманднай рабоце і атмасферы роўнасці і ўзаемападтрымкі.

За змену кожны атрад падрыхтаваў уласны сацыяльны праект, звязаны з камп’ютарнымі тэхналогіямі. Спачатку выхаванцы малявалі плакаты і тлумачылі свае ідэі, пасля прэзентавалі іх на англійскай мове. Напрыканцы ў летнік завіталі сапраўдныя інвестары, гатовыя падтрымаць найбольш жыццяздольныя і шматабяцальныя праекты. Магчыма, хутка мы пачуем пра стартапы, што нарадзіліся ў такім своеасаблівым бізнес-інкубатары.

Праект рэалізаваны асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні” і кампаніяй ЕPAM Systems пры падтрымцы аддзела адукацыі Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі.