Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 97 Гродна — установа ў абласным цэнтры вядомая. Сярод дасягненняў калектыву — першае месца ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы па пазнавальнай практычнай дзейнасці ў ДЦРД, другое месца ў гарадскім аглядзе-конкурсе ўстаноў адукацыі, званне лаўрэата Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая дашкольная ўстанова года”, званне “Брэнд адукацыі — 2010” Гродзенскай вобласці. Пра адзін са складнікаў дасягненняў калектыву — работу з маладымі педагогамі — мы папрасілі расказаць загадчыка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 97 Гродна Галіну Віктараўну СМУРАГА і намесніка па асноўнай дзейнасці Элу Іванаўну НОВІКАВУ.
Г.В.Смурага. Замацаванне маладых спецыялістаў лічым вельмі важнай задачай. Нездарма кажуць: “Кадры вырашаюць усё”. Малады педагог, прыходзячы ва ўстанову адукацыі, нясе адказнасць і мае тыя ж абавязкі, што і вопытныя педагогі. Бацькі, выхаванцы, калегі чакаюць ад яго прафесіяналізму, педагагічнага майстэрства. Сваю эфектыўнасць ужо некалькі гадоў даказвае школа маладога спецыяліста. Гэтая форма работы дапамагае маладым калегам хутчэй адаптавацца да ўмоў прафесійнай дзейнасці, атрымліваць метадычную дапамогу своечасова і мэтанакіравана. Сёння ў нашым педагагічным калектыве 19 педагогаў (а гэта 54 працэнты) маюць стаж меншы за дзесяць гадоў. Сярод іх — 7 маладых спецыялістаў.
Э.І.Новікава. Метадычная служба дашкольнага цэнтра знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых падыходаў да работы з кадрамі, забяспечваючы бесперапыннае павышэнне іх прафесійнага ўзроўню, рэалізацыю творчага патэнцыялу кожнага педагога. Мы працуем дзеля таго, каб маладыя педагогі засталіся ў прафесіі.
Работа школы маладога спецыяліста пачынаецца з вывучэння прафесійнага, асобаснага, творчага патэнцыялу маладых спецыялістаў. Выяўляюцца цяжкасці педагогаў у рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, аналізуюцца матывацыя да работы, чаканні ад яе, індывідуальныя асаблівасці. Далей распрацоўваецца тэматычны план на навучальны год.
Праз самаадукацыю, субяседаванне і іншыя формы метадычнай работы праходзіць вывучэнне нарматыўных прававых актаў. Раздзел “Павышэнне кваліфікацыі і ўзроўню прафесійнага майстэрства” рэалізоўваецца з дапамогай інтэрактыўных форм і метадаў работы. Тэмы выцякаюць з дыягнастычнага блока. Мерапрыемствы плануюцца дыферэнцыравана: для розных катэгорый спецыялістаў, для педагогаў, якія наведваюць школу другі год, і для пачаткоўцаў. Так, былі арганізаваны кансультацыі “Планаванне адукацыйнага працэсу на аснове мэт і задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі”, практычныя заняткі “Работа з інтэрактыўнай дошкай”, майстар-клас настаўніка-дэфектолага “Лагарытміка”, прэзентацыя метадычнага кабінета “Выкарыстанне матэрыялаў метадычнага кабінета ў адукацыйным працэсе”. На гэты навучальны год запланавалі правесці кансультацыі “Формы ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў” і “Канструяванне розных тыпаў і відаў заняткаў”, заняткі ў педагагічнай майстэрні па тэме “ТРВЗ-РТУ-тэхналогія ў навучанні выхаванцаў бяспечнай жыццядзейнасці”. Шмат заняткаў з дзеткамі праводзіцца ў зімовым садзе нашага цэнтра, таму лічым карысным для маладых выхавальнікаў практыкум “Догляд жывёл і раслін зімовага саду”.
Г.В.Смурага. Абавязковым з’яўляецца наведванне заняткаў вопытных педагогаў, вывучэнне іх прафесійнага майстэрства, каб малады педагог мог рабіць аналіз убачаных форм работы. У рэалізацыі тэматычнага плана задзейнічана не толькі метадычная служба цэнтра, але і выхавальнікі дашкольнай адукацыі з першай і вышэйшай катэгорыяй, спецыялісты. Напрыклад, майстар-клас “Правядзенне артыкуляцыйнай, дыхальнай, пальчыкавай гімнастыкі з дзецьмі дашкольнага ўзросту” праводзіць настаўнік-дэфектолаг.
Маладыя педагогі не толькі вывучаюць вопыт старэйшых калег, асвойваюць новыя педагагічныя тэхналогіі, але і дэманструюць свае знаходкі праз удзел у “Педагагічным дэбюце”. Маладыя выхавальнікі Марына Глінская і Аліна Крывеня прэзентавалі свае напрацоўкі па методыцы даследчага навучання дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Настаўнік-дэфектолаг Вераніка Русіна ў гэтым годзе ўдзельнічала ў першым раённым фестывалі педагагічнага майстэрства з работай “Выкарыстанне дапаможніка В.Васкабовіча ў рабоце настаўніка-дэфектолага”.
Э.І.Новікава. Пачынаючыя супрацоўнікі маюць патрэбу і ў псіхалагічнай падтрымцы, таму адзін з раздзелаў тэматычнага плана — “Псіхалагічнае суправаджэнне дзейнасці педагога ДЦРД”. Вельмі важна дапамагчы маладым калегам уліцца ў калектыў, стаць часткай каманды аднадумцаў. Як выбудаваць узаемадзеянне з бацькамі, з выхаванцамі, з калегамі? Як разабрацца ў сабе? На гэтыя пытанні дапаможа даць адказ педагог-псіхолаг. Распрацавана памятка “Узаемадзеянне з рознымі катэгорыямі сем’яў”, праводзяцца трэнінгі “Аб’яднанне калектыву, адаптацыя супрацоўнікаў у новым калектыве”. Прапаноўваем маладым выкладчыкам абмяняцца думкамі аб цяжкасцях у рабоце і вызначыць шляхі іх пераадолення, аказваем неабходную дапамогу.
Г.В.Смурага. У нас стала традыцыяй у ходзе ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню настаўніка, прадстаўляць маладых спецыялістаў. Жартоўнае інтэрв’ю, самапрэзентацыя, партфоліа педагога раскрываюць яго творчыя таленты. Абавязкова выконваецца рытуал пасвячэння ў педагогі з уручэннем памятных сувеніраў. Штогод падчас Тыдня прафесійнага майстэрства маладыя педагогі з групай падтрымкі ў складзе вопытных педагогаў рыхтуюць творчыя заданні, удзельнічаюць у конкурсе акцёрскага майстэрства “Хвіліна славы”. Такія мерапрыемствы спрыяюць добраму псіхалагічнаму клімату ў педагагічным калектыве, атмасферы адзінства і згуртаванасці.
Э.І.Новікава. Апошні раздзел плана “Рэфлексія” прадугледжвае зваротную сувязь ад маладых педагогаў: як прайшла адаптацыя, што было карысным у мерапрыемствах школы маладога спецыяліста, чаму метадычная служба павінна ўдзяліць увагу ў наступным годзе. Педагогам прапаноўваюцца розныя творчыя заданні: напісанне эсэ “Я і мая прафесія”, распрацоўка канспекта, стварэнне партфоліа “Мае перамогі і дасягненні”, якія прэзентуюцца на спецыяльнай выставе. Аб сваіх асабістых дасягненнях маладыя педагогі расказваюць падчас круглага стала.
Г.В.Смурага. Прафесійнае крэда нашых супрацоўнікаў: заўсёды наперад, пасля кожнага кроку рыхтавацца да наступнага, усе намеры накіроўваць на тое, што яшчэ трэба будзе зрабіць. З першых дзён работы ў цэнтры мы і маладых супрацоўнікаў падводзім да гэтай высновы.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.