Каб не забыць сваіх герояў

- 11:21Культура

16 чэрвеня ў Вілейцы, у творчай майстэрні вядомага гісторыка і калекцыянера, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава, прэзентавалі ўнікальную экспазіцыю, прысвечаную нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі ганароваму грамадзяніну Францыі Тадэвушу Касцюшку.

Уладзімір Ліхадзедаў не ўпершыню па-добраму здзіўляе сваімі гісторыка-культурнымі акцыямі шырокую грамадскасць, прафесіяналаў у галіне гісторыі і музеялогіі, кіраўніцкія структуры. Сакрэт яго поспеху, з аднаго боку, просты: кожны яго праект — гэта абавязкова аўтэнтыка, рарытэтнасць і, адпаведна, безумоўная каштоўнасць для культуры нашай краіны ў цэлым. А з другога боку, за поспехамі і прызнаннем Уладзіміра Ліхадзедава стаяць доўгія гады руплівага збіральніцтва і гэтых самых пошукаў страчанага паводле назвы галоўнай справы яго жыцця — маштабнага праекта “У пошуках страчанага”, якому ў наступным годзе будзе ўжо 15 гадоў і за рэалізацыю якога Ула-дзімір Аляксеевіч у складзе групы журналістаў газеты “СБ. Беларусь сегодня” атрымаў у свой час пачэсную прэмію “За духоўнае адраджэнне”.

Што тычыцца вілейскага аб’екта, творчай майстэрні Уладзіміра Ліхадзедава, якая паўстала крыху больш за год назад у будынку былой вілейскай раённай друкарні, то музейная экспазіцыя на другім паверсе, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку, стала як бы другой чаргой музеефікацыі гэтага знакавага для Вілейкі топаса. Тады, год назад, да Дня беларускага пісьменства і 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання, на першым паверсе тут разгарнулася дыхтоўная экспазіцыя друкарскага абсталявання ХVI—ХХ стагоддзяў з узноўленым друкарскім станком часоў Францыска Скарыны, вялізным лінатыпам і наборнымі касамі ХХ стагоддзя (“спадчына” ад колішняй вілейскай друкарні), прэсам ХІХ стагоддзя, машынай для вытворчасці паперы і іншым унікальным рыштункам. Другі ж паверх гаспадар майстэрні вырашыў прысвяціць якраз Тадэвушу Касцюшку (а ў планах яшчэ і Адаму Міцкевічу, Яну Булгаку, Элізе Ажэшка і іншым выбітным асобам). Тут ужо набылі свой канчатковы дыхтоўны выгляд экспазіцыйны раздзел “Жыццёвы шлях і ўвекавечанне памяці Тадэвуша Касцюшкі” (заснаваны на ўнікальнай калекцыі паштовак, друкаваных матэрыялаў і іншых артэфактаў сярэдзіны ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, прысвечаных славутаму беларуска-польска-амерыканска-французскаму герою), раздзел з узноўленым інтэр’ерам пакоя, у якім Касцюшка жыў у Філадэльфіі, а таксама раздзел з умоўнай назвай “Пакоі пісьменніка ХІХ і ХХ стагоддзяў”, напоўненыя рознымі прадметамі гэтых перыядаў. І ўсё гэта, як заўсёды ва Уладзіміра Ліхадзедава, звышкаштоўнае, рупліва сабранае, без падробак і копій, чым, не сакрэт, нярэдка грашаць многія нашы музеі.

На прэзентацыю экспазіцыі, прысвечанай Тадэвушу Касцюшку, у творчую майстэрню Уладзіміра Ліхадзедава завіталі вядомыя прадстаўнікі грамадска-палітычнай і культурнай эліты нашай краіны — першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, галоўны рэдактар газеты “СБ. Беларусь сегодня” Дзмітрый Жук, журналіст, экс-кіраўнік гэтай газеты, старшыня грамадскага савета пры Міністэрстве ўнутраных спраў Павел Якубовіч, былы міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Пётр Краўчанка, пісьменнік, мецэнат, масквіч з беларускімі каранямі Валерый Казакоў і інш.

 

“Калі я аглядаю экспазіцыю, вельмі радуюся за свайго сябра Уладзіміра, які здолеў стварыць у гэтым месцы такую цудоўную экспазіцыю. Вельмі важна, што ён вяртае нашай краіне імёны сыноў беларускай зямлі, раней невядомыя выявы нашых герояў і мясцін, звязаных з імі. Уладзімір сапраўды нястомны прапагандыст нашых герояў і каштоўнасцей. Гэта і называецца сапраўдным патрыятызмам. І на самай справе нам трэба ісці гэтым шляхам, які падказвае Уладзімір, трэба актыўна вяртаць імёны сыноў нашай зямлі, не аддаваць іх на гераізацыю іншым краінам. Гэта нашы людзі, якія, як Тадэвуш Касцюшка, зрабілі для нас вельмі многа значнага”, — адзначыў на прэзентацыі экспазіцыі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў.

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч у гутарцы з нашым карэспандэнтам назваў створаную Уладзімірам Ліхадзедавым экспазіцыю, як, зрэшты, і ўсю яго музеефікаваную творчую майстэрню, надзвычай важным аб’ектам духоўнай і матэрыяльнай памяці беларускага народа. Аляксандр Мікалаевіч асабліва падкрэсліў, што праект “У пошуках страчанага” пачынаўся амаль 15 гадоў назад менавіта з газетнай ініцыятывы. “Я ведаю, што тыя публікацыі ў газеце “СБ. Беларусь сегодня” людзі выразалі з газет, складвалі ў папкі, школьнікі прыносілі іх на ўрокі ў свае класы, і ўсё гэта было вельмі цікавай і істотнай для захавання нашай спадчыны актыўнасцю. А пасля газетная ініцыятыва стала паступова ўвасабляцца ў кнігі, якіх на сёння выйшла ўжо больш за 20 у розных выдавецтвах: Выдавецкім доме “Звязда”, “Рыфтуры”, “Мастацкай літаратуры”, “Тэхналогіі”. Яны знайшлі вельмі шырокі розгалас як у Беларусі, так і за мяжой. Мне здаецца, што зробленае Уладзімірам Ліхадзедавым наўпрост спрыяе гістарычнай свядомасці нашага грамадства”.

А тым часам Уладзімір Аляксеевіч ласкава правёў для высокіх гасцей і журналістаў першую экскурсію па новай экспазіцыі. Ва ўзноўленым да самых дробных дэталяў пакоі Тадэвуша Касцюшкі — копіі пакоя ў Філадэльфіі, дзе жыў нацыянальны герой ЗША ў ХVІІІ стагоддзі і які ў Амерыцы сёння мае статус нацыянальнага парка (самага маленькага нацыянальнага парка ў свеце, бо гэта ж усяго толькі адзін маленькі пакойчык!), — паказваў і расказваў прысутным пра асобныя ўнікальныя прадметы той эпохі: шахматны столік, ложак, умывальнік, мэблю, чамадан… Стваральнікі экспазіцыі ўзнавілі нават шпалеры, якімі абклеены сцены Касцюшкавага музея-пакоя ў Філадэльфіі!

У другім аддзеле гаспадар творчай мастэрні звярнуў асаблівую ўвагу на такія яркія цікавосткі, як памятны гадзіннік з бюстам Касцюшкі, чаканку 1875 года з выявай героя, дзве філіжанкі для кавы (з іх, як сцвярджае кракаўскі калекцыянер, у якога яны былі набыты, сапраўды мог піць каву Андрэй Тадэвуш Банавентура, калі жыў у Кракаве). Тут жа — яскравы россып філакартычных рарытэтаў, пазначаных імем Касцюшкі. Можа быць, самыя нечаканыя з іх — так званыя патрыятычныя паштоўкі-тэлеграмы з выявай Касцюшкі, якія друкаваліся ў Польшчы з пачатку ХХ стагоддзя да 30-х гадоў з самым распаўсюджаным надпісам-пажаданнем для маладых, якія бралі шлюб: “Niechaj żyie para młoda!”. “Гэта значыць, што Тадэвуш Касцюшка быў папулярны настолькі, што ўвасабляў не толькі сімвал героя, барацьбіта за незалежнасць, але і сімвал чалавечага шчасця, шчасця ў шлюбе. У той час гэта была прымета добрага тону — павіншаваць маладых з вяселлем такой тэлеграмай-паштоўкай”, — хітравата заўважыў Уладзімір Ліхадзедаў.

Наогул, няма сумненняў, што творчая майстэрня Уладзіміра Ліхадзедава мае велізарны культурна-турыстычны патэнцыял. Блукаючы па ёй, можна сапраўды здзейсніць адмысловае падарожжа з часоў Францыска Скарыны, то-бок адтуль, з першага паверха будынка, дзе прадстаўлена друкарскае абсталяванне эпохі Адраджэння і пазнейшых эпох і дзе самому можна паўдзельнічаць у вырабе паперы, адціснуць афорт ці старонку са скарынаўскай Бібліі, да часоў Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі, гэта значыць на другі паверх з унікальнымі пазнакамі яго рэальнай прысутнасці ў нашай гісторыі і гісторыі іншых краін. Зрэшты, які статус канчаткова набудзе творчая майстэрня — музея ці, скажам, культурна-асветніцкага цэнтра, пакуль гаварыць рана. Напрыклад, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч лічыць, што гэты будынак мог бы быць ідэальным месцам для правядзення навукова-практычных канферэнцый настаўнікаў і навучэнцаў, зацікаўленых у вывучэнні гісторыі старадаўняга кнігадрукавання, жыцця нацыянальных герояў і ўвогуле гісторыі рэгіёна. “Ужо сама ўнікальная калекцыя паштовак, сабраных Уладзімірам Ліхадзедавым, давала б спажыву для роздуму, пашырала б ілюстрацыйныя ўяўленні пра гісторыю нашай краіны”, — падкрэсліў Алесь Мікалаевіч.

Відавочна адно: далейшае паспяховае развіццё гэтага гісторыка-культурнага праекта Уладзіміра Ліхадзедава немагчыма без падтрымкі раённай і абласной улад, актыўнага дзяржаўна-прыватнага партнёрства, падтрымкі спонсараў. І гэта ўсё, безумоўна, трэба не столькі Скарыну, Касцюшку ды іншым нашым нацыянальным героям, памяць якіх ва ўсякім разе будзе ўвекавечваць Уладзімір Ліхадзедаў і надалей. Гэта трэба нам і нашым наступнікам, каб мы і яны не забыліся, хто мы, адкуль мы і як нас завуць.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.