Каб не забывалі

- 11:13Культура

Напрыканцы навучальнага года ў гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна прайшла прэзентацыя дыдактычнага дапаможніка для настаўнікаў “Мінскае гета”. Прадстаўлены ў ім матэрыял унікальны і будзе карысны як для настаўнікаў-прадметнікаў, так і настаўнікаў-краязнаўцаў, класных кіраўнікоў, педагогаў-арганізатараў пры падрыхтоўцы да агульнашкольных мерапрыемстваў, урокаў памяці і пазакласных мерапрыемстваў, для ўсіх, хто неабыякавы да мінулага нашай краіны, каго хвалюе тэма захавання памяці пра ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Мінскае гета было створана адным з першых у акупіраванай Беларусі і было адным з самых буйных на тэрыторыі СССР. Яно дзейнічала больш за два гады і служыла своеасаблівым рэзервуарам рабочай сілы. Мінскае гета было выбрана месцам дэпартацыі вязняў з розных краін Еўропы. Тут была створана адна з самых актыўных арганізацый супраціўлення, якая ставіла мэту не падняцце паўстання, а вывад яўрэяў з гета ў партызанскія зоны, ратаванне жыцця людзей. Большасць вязняў мінскага гета былі знішчаны ў Трасцянцы.

Гісторыя мінскага гета і лагера смерці “Трасцянец” доўгі час заставалася малавывучанай. Даследаванне гэтай сумнай старонкі нашай гісторыі, на думку стваральнікаў дыдактычнага дапаможніка, з’яўляецца магутным напамінам пра небяспеку дыскрымінацыі, антысемітызму, дэгуманізацыі. Падчас вывучэння гісторыі мінскага гета ўздымаюцца пытанні, якія тычацца паводзін людзей у крытычных сітуацыях або падчас сур’ёзных сацыяльных праблем. Знаёмства з гісторыяй мінскага гета можа са-дзейнічаць паглыбленаму вывучэнню школьнікамі і сучасных праблем.

На думку дырэктара гістарычнай майстэрні Ірыны Кашталян, факталогія, якой напоўнены нашы падручнікі, выклікае недастатковы эмацыянальны водгук у вучняў. Дзеці не так моцна рэагуюць на лічбы і даты, якія не дазваляюць адчуць увесь трагізм вайны. Толькі калі разглядаць вайну праз канкрэтныя лёсы, можна дабіцца станоўчага эфекту. Менавіта лёс канкрэтных людзей стаў асновай для напісання дапаможніка.

— На аснове лёсаў канкрэтных людзей можна не толькі вывучаць гістарычныя факты, але і выклікаць іх крытычнае асэнсаванне ў вучняў, ствараць больш аб’ёмную і складаную карціну гістарычных падзей. Важнае месца ў дапаможніку займаюць гісторыі былых вязняў, іх успаміны, што дазваляе адчуць адначасова як асабістую, так і агульначалавечую трагедыю. Распрацаваныя заданні маюць пошукавы характар. Яны арыентуюць навучэнцаў на пошук адказаў на важныя пытанні. Зборнік складаецца з 16 тэматычных картак. У кожнай з іх знаходзяцца ўрыўкі з гістарычных дакументаў, цытаты з успамінаў сведкаў, да якіх распрацаваны заданні і пытанні. Амаль па кожнай тэме складзена вось часу, што дазваляе падаць інфармацыю больш наглядна і храналагічна ўпарадкавана, — паведаміла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства настаўнік-метадыст гімназіі № 36 Мінска Ірына Бернат.

Стваральнікі дадатку пры распрацоўцы заданняў арыентаваліся на тыя пытанні, якія задаюць навучэнцы настаўнікам і супрацоўнікам гістарычнай майстэрні падчас знаёмства з тэмай мінскага гета. Як аказалася, для большасці вучняў гэтая тэма або малазнаёмая, або зусім незнаёмая, таму настаўнікам аўтары дапаможніка раяць адштурхоўвацца ад ключавых момантаў. Па-першае, раскрываць паняцце талерантных паводзін як важнай умовы існавання сучаснага грамадства. Па-другое, вызначаць сутнасць генацыду, які праводзіўся нацыстамі падчас Вялікай Айчыннай вайны не толькі супраць яўрэяў, але і іншых народаў. Па-трэцяе, надаваць рабоце навучэнцаў пошукава-даследчы характар.

— Значную частку матэрыялу складаюць асабістыя гісторыі людзей, іх успаміны. Яны ёсць у кожнай картцы. Большасць успамінаў была сабрана ў выніку вусна-гістарычнай экспедыцыі летам мінулага года. Змешчаныя фотаздымкі вязняў даюць магчымасць паглядзець у вочы гэтым людзям і пастарацца адчуць і пачуць тыя словы, якія яны хацелі б нам сказаць. Важнай часткай з’яўляецца ілюстратыўны матэрыял. Некаторыя матэрыялы браліся з замежных крыніц і перакладаліся. Праведзены гістарычныя паралелі, расказваецца пра аб’екты, якія могуць трапіцца на вочы дзяцей падчас прагулкі па горадзе і якія звязаны з гісторыяй гета. Асобнай лініяй у дапаможніку праходзіць тэма дзяцінства. Мы стараліся канцэнтраваць на ёй увагу, бо гэтая тэма найбольш блізкая і зразумелая вучням, ды і большасць сведкаў таго часу, якія цяпер жывыя, падчас вайны былі дзецьмі, — паведаміла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 34 Мінска Дар’я Касякова.

Вялікая Айчынная, Другая сусветная… Найбольш знішчальных войнаў чалавецтва яшчэ не ведала. Здаецца, столькі гора, столькі пакут, столькі разбурэнняў павінны былі назаўсёды спыніць войны. Чаму войны паўтараюцца? Людзі пра іх забываюць. Каб памяталі, каб не забывалі — на гэта накіраваны ўнікальны дыдактычны дапаможнік.

Ігар ГРЭЧКА.