Каб паверыць у дабро, трэба пачаць яго рабіць

- 11:48Спецыяльная адукацыя

Усім бацькам хочацца бачыць сваё дзіця шчаслівым, з усмешкай, упэўненым у сабе, здольным мець зносіны з людзьмі. Але не заўсёды дзіцяці ўдаецца самастойна разабрацца ва ўзаемаадносінах са светам, які яго акружае. Асабліва няпроста даводзіцца малышам з АПФР. У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча існуе як спецыяльная група, так і рознаўзроставая інтэграваная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Задача педагогаў, якія працуюць у гэтых групах, — падтрымліваць ва ўсім дзяцей і іх бацькоў, а таксама ствараць ва ўстанове адукацыі талерантнае адукацыйнае асяроддзе.

Традыцыйныя ўяўленні пра дзяцей з парушэннямі ў развіцці ў апошні час значна змяніліся. Калі раней такое дзіця магло выклікаць толькі спагаду і лічылася, што яно мае патрэбу ў дапамозе, то цяпер яно лічыцца раўнапраўным, незалежным, але такім, хто мае патрэбу ў накіраванні і падтрымцы. З улікам сучаснага падыходу неабходна змяніць і адносіны бацькоў, спецыялістаў, усяго грамадства да дзіцяці з абмежаванымі магчымасцямі.Фінская Асацыяцыя арганізацый для асоб з парушэннямі інтэлектуальнага развіцця прапанавала рабіць гэта на аснове наступных прынцыпаў:
1. У кожным дзіцяці заложаны магчымасці і здольнасці, якія неабходна раскрыць, падтрымліваць і развіваць.
2. Кожнае дзіця з’яўляецца ўнікальнай асобай.
3. Нездавальняючае акружэнне ператварае асаблівыя патрэбы дзяцей у загану, значыць, гэта праблема акружэння.
4. Дзіця з асаблівымі патрэбамі расце і сталее, яго жыццёвы цыкл такі ж, як і ў іншых людзей.
5. Дзіця з асаблівымі патрэбамі мае магчымасць пражыць добрае і разнастайнае жыццё. Давайце дадзім яму гэтую магчымасць!
Пражыванне ў міры і згодзе прадугледжвае наяўнасць у кожнага з нас такіх чалавечых якасцей, як узаемаразуменне, узаемапавага, адказнасць, добразычлівасць, стрыманасць, падатлівасць, камунікабельнасць, цярпімасць.
Стварэнне ў нашай дашкольнай установе талерантнага адукацыйнага асяроддзя ажыццяўляецца ў трох напрамках:
— работа з педагагічным калектывам па фарміраванні асаблівай цікавасці да новага крэатыўнага мыслення, камунікабельнасці, жадання трансліраваць свой педагагічны вопыт;
— узаемадзеянне з бацькамі па стварэнні здаровай псіхалагічнай атмасферы ў сям’і, ведаў пра важнасць і значнасць выхавання ў дзяцей культуры зносін, па пабудове пазітыўных узаемаадносін паміж імі;
— фарміраванне ў дашкольнікаў навыкаў паважлівых і добразычлівых паводзін ва ўзаемаадносінах з равеснікамі і дарослымі, што асабліва каштоўна ў групе інтэграванага навучання і выхавання.
Як і любое новае пачынанне, укараненне сістэмы інклюзіўнай адукацыі суправаджаецца некаторымі цяжкасцямі. Галоўная цяжкасць — зламаць насцярожаныя, месцамі нават негатыўныя адносіны ўсіх удзельнікаў гэтага працэсу да сумеснага навучання.Па-першае, гэта адносіны бацькоў здаровых дзяцей да гэтай ідэі. Многія не падтрымліваюць яе, баючыся, што гэта негатыўна паўплывае на паспяховасць звычайных выхаванцаў. Па-другое, сярод выхавальнікаў могуць праяўляцца насцярожаныя адносіны да такіх дзяцей.
Вельмі складана фарміраваць талерантнасць у дзяцей, калі гэтай якасцю не валодаюць бацькі, калі яны не з’яўляюцца саюзнікамі педагогаў у вырашэнні гэтай праблемы. Сям’я ў многім можа дапамагчы дашкольнай установе. Аднак вельмі часта менавіта бацькі сеяць зярняты варожасці, непрыязнасці, нават не заўважаючы гэтага. Дзеці ўбіраюць ацэнкі бацькоў, успрымаюць іх негатыўныя адносіны да іншых людзей, не такіх, як усе. Перавыхаваць бацькоў наўрад ці зможа педагог, але паўплываць на характар узаемаадносін бацькоў з дзецьмі, адкарэкціраваць іх дзеянні ў адносінах да дзіцяці і іншых людзей можна. У аснове гэтага ўзаемадзеяння павінна ляжаць ідэя гуманізму.
Знаёмства з сям’ёй выхаванца педагог можа праводзіць у розных формах. Можа пачаць з невялікай анкеты для бацькоў, з дапамогай якой атрымаць даныя аб разуменні бацькамі задач, мэт сямейнага выхавання і іх намаганнях у гэтым напрамку. На падставе вынікаў анкеты вызначацца асноўныя пытанні для размовы з бацькамі выхаванца. Карысна параўнаць вынікі апытання бацькоў з думкай і адказамі на падобныя пытанні дзяцей. Для дзяцей можна прапанаваць зрабіць малюнкі на тэму “Мая сям’я” або “Выхадны дзень у нашай сям’і”.
У дашкольнай установе можа быць праведзены конкурс сачыненняў для бацькоў “Маё дзіця”. Адносіны бацькоў і дзяцей можна вывучаць у сітуацыях, якія спецыяльна ствараюцца, у час любой іх сумеснай дзейнасці. Неабходна праводзіць псіхолага-педагагічную асвету бацькоў па праблемах выхавання талерантнасці ў дзяцей — заняткі, размовы, дыскусіі.Змест работы ў гэтым напрамку можа ўключаць наступныя пытанні: сутнасць паняцця “талерантнасць”, яе асноўныя характарыстыкі і праяўленні; віды талерантнасці; фактары, якія ўплываюць на фарміраванне талерантнасці ў дзяцей; узаемаадносіны ў сям’і як фактар выхавання талерантнасці ў дзяцей; метады выхавання талерантнасці ў дзяцей; прыклад бацькоў у выхаванні талерантнасці ў дзяцей.
Прыкладная тэматыка заняткаў і размоў з бацькамі: роля зносін у жыцці дзіцяці; прычыны ўзнікнення канфліктаў у дзяцей; як вучыць дзяцей ладзіць зносіны; як навучыць дзіця разумець іншых людзей; выхаванне ў дзяцей чуласці і ўважлівасці; этыка сямейных зносін у дзяцей; выхаванне цярпімых адносін да людзей.
Прыкладныя пытанні для дыскусій: “Што значыць быць цярпімым у адносінах з людзьмі?”; “Ці ёсць мяжа цярпімасці?”; “У чым (дзе) яна?”; “Ці трэба быць самім сабой?”; “Ці трэба ўладарыць над сабой?”; “Ці можна жыць без канфліктаў?”.
Бацькам можна прапанаваць некаторыя сітуацыі для абмеркавання: 1. Ваша дзіця расказвае, што бацькі яго сябра купляюць яму ўсё, што яно захоча. Што вы адкажаце? 2. Ваша дзіця ўдарыла другое дзіця. Вашы дзеянні.
Для фарміравання ўзаемапавагі, чуласці і ўважлівасці паміж дзецьмі і бацькамі выхавальніку неабходна разбіраць з імі сітуацыі, пры якіх дэманструюцца паважлівыя адносіны дзяцей да сваіх бацькоў (падрыхтоўка падарункаў і сюрпрызаў для бацькоў да дня нараджэння), праводзіць творчыя сустрэчы з бацькамі, падчас якіх яны раскажуць пра сваю прафесію, захапленні, погляды, прапаноўваць дзецям напісаць апавяданні пра сваіх блізкіх, пра сям’ю.
Неабходна працаваць з бацькамі па стварэнні добрай атмасферы ў сям’і (знаёмства бацькоў з традыцыямі правядзення сямейных свят, размеркаванне абавязкаў паміж бацькамі і дзецьмі). Вялікую карысць прыносіць сумесная дзейнасць бацькоў і дзяцей: сямейныя конкурсы (“Спартыўная сям’я”, “Дружная сям’я”, конкурс сямейных газет і інш.), дэманстрацыя вынікаў сумеснай творчасці бацькоў і дзяцей, аповедаў пра захапленні ў сям’і (“Свет нашых захапленняў”), правядзенне творчых выстаў, экскурсій, сямейных свят, стварэнне аб’яднанняў па інтарэсах.У нашай установе працуе бацькоўскі клуб “Быць разам”. У рамках работы клуба мы праводзім сходы і кансультацыі па тэмах “Вучым дзіця ладзіць зносіны”, “Выхаванне сяброўскіх адносін у гульні”, “Бацькі і дзеці: эфектыўнае ўзаемадзеянне”, выставы работ дзяцей і іх бацькоў, сумесныя святы, забавы (“Падарожжа па станцыях бяспекі”, “Харчаванне — залог здароўя”), індывідуальныя размовы. Мы арганізоўваем для дзяцей святы дома (“Калядкі”, Новы год, дні нараджэння малышоў і інш.), у якіх удзельнічае сям’я дзіцяці і педагогі цэнтра.
Правядзенне мэтанакіраванай работы з бацькамі і дзецьмі па фарміраванні талерантнасці можа даць вынік, калі сам педагог з’яўляецца прыкладам талерантных і паважлівых адносін да бацькоў і дзяцей, паказвае станоўчы ўзор гуманнага ўзаемадзеяння з сям’ёй. У пераадоленні цяжкасцей, звязаных з асаблівасцямі работы з нетыповымі дзецьмі, педагогам дапаможа выкананне некаторых рэкамендацый. Немалаважнае значэнне мае псіхалагічная гатоўнасць педагогаў да работы з дзецьмі, якія маюць парушэнні ў развіцці, што выяўляецца ў наступным: псіхалагічна настроіць сябе на тое, што цяжкасці ў рабоце з гэтай катэгорыяй дзяцей непазбежныя, але вам па сілах іх пераадолець; не апускаць рукі пры першых жа няўдачах, паспрабаваць зразумець іх прычыны; верыць у сябе і ў сваіх выхаванцаў, бачыць і паважаць у іх індывідуальнасць, супрацоўнічаць з імі; быць заўсёды добразычлівым і ўважлівым, гатовым мяняць штосьці ў сабе.
Дашкольная ўстанова — гэта маленькая мадэль грамадства. Калі мы хочам, каб дашкольнікі ў дарослым жыцці сталі ініцыятыўнымі людзьмі, то неабходна зрабіць іх ініцыятыўнымі ўжо ў дзіцячым садзе. Калі мы хочам, каб дзеці навучыліся быць самастойнымі, то ўжо ў дашкольнай установе яны павінны стаць самастойнымі. А дабіцца гэтага можна толькі праз сумесную дзейнасць і калектыўныя творчыя справы.
Фарміраванне талерантнасці адбываецца паступова, таму што ўсе дзеці розныя: адны добразычлівыя, актыўныя, другія сарамлівыя, трэція замкнутыя. Усё гэта вельмі важна ўлічваць выхавальніку пры правядзенні заняткаў. Неабходна прыўносіць у іх розныя метадычныя прыёмы для фарміравання ўменняў невербальных зносін (гульні і практыкаванні “Угадайка”, “Любімы казачны герой”), развіцця пачуцця блізкасці з іншымі дзецьмі (“Ласкавае імя”, “Кампліменты”), усведамлення свайго імя і прозвішча (“Як цябе завуць?”, “Угадай, хто гэта?”), развіцця ўмення разумець настрой навакольных (“Што можна зрабіць для сябра?”), праяўлення пачуцця міласэрнасці, спагады да іншых людзей (“Я — добры!”, “Сляпы і павадыр”).
На занятках нашы выхавальнікі разважаюць разам з выхаванцамі пра дабро, павагу, любоў. У малодшых групах дзеці даведваюцца, напрыклад, што да жывёл трэба адносіцца з любоўю і клопатам, нельга прыносіць нават самую маленькую пакуту ніводнай жывой істоце. Вартыя асуджэння тыя бессардэчныя людзі, якія выкідваюць на вуліцу кошак, сабак, аддаючы іх на мукі. У старшых дашкольных групах гаворка ідзе пра сяброўства, дабрыню, пра добрыя ўчынкі. Цяпер кожны ведае: каб паверыць у дабро, трэба пачаць яго рабіць. Дабро ў першую чаргу звязана з уменнем радавацца і спачуваць, суперажываць, адгукацца на пачуцці іншых і трымаць сваю душу адкрытай.
Калектыў педагогаў, дзяцей і бацькоў нашага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці толькі ў пачатку няпростага шляху па стварэнні талерантнага мікрасвету. Галоўнымі ўмовамі нашага поспеху будуць дакладна расстаўленыя прыярытэты і пэўныя канчатковыя мэты. Мы хочам атрымаць свой унікальны вопыт інклюзіўнай адукацыі, заснаваны на спагадзе, суперажыванні, прыняцці кожнага чалавека такім, які ён ёсць.

Леакадзія ЦІМАФЕЕВА,
загадчыца ДЦРД Парэчча Гродзенскага раёна.