Кожны год прыгожы вясновы май прыносіць нам водар квітнеючых садоў, яркасць зялёнай травы і лісця, птушыны гоман і асаблівае свята з гучнай назвай Дзень Перамогі. Кожны Дзень Перамогі — гэта яшчэ адзін год шчаслівага жыцця ў мірнай краіне. Кожнае новае свята — гэта і больш пустых месцаў на трыбунах для ветэранаў. Іх з кожным годам становіцца ўсе менш, тых, хто змагаўся за наша шчаслівае жыццё, хто можа расказаць сваім унукам праўду вайны. Так хочацца, каб ведалі, каб помнілі і цанілі…
У дзетак, што наведваюць дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна, ёсць бацькі, бабулі і дзядулі, аднак дашкольная ўстанова не здымае з сябе адказнасці за іх патрыятычнае выхаванне. Менавіта таму кожны год напярэдадні свята ўсе выхаванцы і супрацоўнікі цэнтра збіраюцца разам, каб успомніць гераізм нашых суайчыннікаў, ацаніць маштаб подзвігу, адчуць значнасць перамогі. Нашы выхаванцы ўжо шмат ведаюць аб сутнасці гэтага свята. Яны вывучылі нямала вершаў, песень, умеюць маршыраваць, як сапраўдныя салдаты. Але ёсць у нас адна асаблівая традыцыя. Кожны год напярэдадні свята Перамогі дзеці прыходзяць у дашкольную ўстанову з майскімі кветкамі, якія з гонарам нясуць да помніка Невядомаму салдату, устаноўленаму на прывакзальнай плошчы. Чарговы раз мы ўспамінаем перад помнікам вялікі подзвіг і ў гонар нашых салдат, і ў падзяку за мірную краіну з хваляваннем спяваем дзяржаўны гімн, які выхаванцы старшых груп ведаюць на памяць.
Мы верым, што гэтае, далёкае ад той вайны, пакаленне будзе ведаць, што нясе асаблівае свята — Дзень Перамогі, і ніколі не прыменшыць подзвіг салдат Вялікай Айчыннай вайны. Мы ўдзячны вам, дарагія ветэраны, за мірнае неба над роднай краінай. Абяцаем берагчы нашу гісторыю і перадаваць яе з пакалення ў пакаленне.
Вераніка МАРГУН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД Парэчча Гродзенскага раёна.