Каб ззялі педагагічныя зоркі

Фестываль педагагічнага майстэрства “Вопыт і маладосць побач і разам” аб’яднаў звыш васьмідзесяці педагагічных работнікаў Дрыбінскага раёна. Удзел у метадычным мерапрыемстве прынялі вопытныя і маладыя настаўнікі, намеснікі дырэктараў агульнаадукацыйных устаноў, выхавальнікі і намеснікі загадчыкаў устаноў дашкольнай адукацыі.

Як паведаміла загадчыца мясцовага вучэбна-метадычнага кабінета Любоў Тарасенка, падобныя фестывалі арганізоўваюцца перыядычна на працягу кожнага навучальнага года.

— Такія сустрэчы садзейнічаюць распаўсюджванню эфектыўных адукацыйных распрацовак, спрыяюць павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў, развіццю іх творчай ініцыятывы, імкненню да самаўдасканалення. Таксама гэтыя мерапрыемствы — добрая магчымасць для зносін настаўнікаў. Асабліва карысныя яны для нашых маладых спецыялістаў, бо падчас выступленняў і майстар-класаў яны атрымліваюць неабходную кансультацыйна-метадычную дапамогу, — адзначыла Любоў Васільеўна.

У ходзе фестывалю яго ўдзельнікі выступалі перад журы і калегамі з самапрэзентацыямі. Выступленні былі разбіты па некалькіх намінацыях. Усе педагогі прадставілі сябе ў арыгінальнай творчай форме, паказалі сябе сапраўды таленавітымі прафесіяналамі. Як было адзначана на падвядзенні вынікаў, усе яны несумненныя пераможцы, бо не толькі самі нястомна імкнуцца да поспеху, а і вядуць да яго сваіх вучняў. Што тычыцца лепшых у фестывалі, то імі сталі настаўніца гісторыі Кароўчынскай сярэдняй школы Хрысціна Сакалова, настаўніца фізікі Дрыбінскай сярэдняй школы Настасся Лапушкіна і настаўніца рускай мовы і літаратуры Бельскага ВПК Кацярына Лісава. Яшчэ адзінаццаць педагогаў атрымалі адпаведныя дыпломы.

Адметна, што на ўручэнні ганаровых дыпломаў лідарам фестывалю цырымонія ўзнагароджання не скончылася. Кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму адзначыла падзякамі за дасягненне высокіх паказчыкаў у працы настаўніцу пачатковых класаў Дрыбінскай сярэдняй школы Веру Цішкевіч, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Кароўчынскай сярэдняй школы Зінаіду Малікаву, настаўніцу рускай мовы і літаратуры Дрыбінскай сярэдняй школы Ірыну Ластачкіну, настаўніка-дэфектолага Міхееўскай сярэдняй школы Аксану Чарненка, настаўніцу матэматыкі Пудаўнянскай сярэдняй школы Вольгу Лаўрэнаву.

Ва ўрачыстай атмасферы фестывалю быў таксама істотна павялічаны склад раённай творчай групы “Вяршыні майстэрства”. А маладым спецыялістам, якія толькі пачалі сваю педагагічную дзейнасць, былі ўручаны памятныя адрасы — пасвячэнні ў настаўнікі.

Па словах загадчыцы РВМК Любові Тарасенка, сёлетні фестываль педагагічнага майстэрства стаў своеасаблівым святам. На ім запаліліся зоркі — цэлае сузор’е таленавітых педагогаў. А калі запальваюцца педагагічныя зоркі, побач абавязкова будуць ззяць вучнёўскія зорачкі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Дрыбінскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *