Кадэцкая прысяга

- 10:52Нам пішуць

Днямі ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка прайшла ўрачыстая прысяга. 49 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія вучацца ў кадэцкіх класах, прынялі прысягу і ў далейшым зоймуць сваё месца ва ўрачыстым страі кадэцтва!

Прыняцце прысягі — адно з самых значных падзей у жыцці кадэтаў нашай школы. Прысяга — гэта ваеннае свята, якое дае дзецям асаблівыя эмоцыі, рэалізуе індывідуальныя навыкі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, адказвае мэтам удасканалення ваенна-патрыятычнай і спартыўнай работы сярод дзяцей і моладзі. Прысяга ўключае не толькі праходжанне ў страі пад гукі ваеннага маршу, але і дэманстрацыю валодання рукапашным боем і харэаграфіяй.

Словы клятвы кадэты прамаўлялі ў прысутнасці педагогаў школы і запрошаных гасцей: ваеннага камісара Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў С.П.Бурака, падпалкоўніка запасу С.М.Старадымава, падпалкоўніка М.П.Скібы, старшага лейтэнанта 108-га палка А.Ставера, святара храма Барыса і Глеба іерэя Ігара Пірага. Галасы дзяцей дрыжалі ад хвалявання, а на вачах бацькоў блішчалі слёзы.

Кадэты, прыняўшы прысягу, далі абяцанне быць вернымі школе, ганарыцца яе мінулым, паважаць звычаі і традыцыі, непарушна шанаваць патрабаванні статута школы і статут кадэцкага класа, шанаваць сяброўства, беражліва захоўваць і множыць слаўныя традыцыі кадэцкага братэрства.

Цяпер ужо цяжка ўявіць, што ў нашай школе яшчэ некалькі гадоў назад нічога не ведалі пра кадэтаў. А сёння яны неад’емная частка жыцця горада і, вядома ж, нашай школы, актыўныя ўдзельнікі акцый, урачыстых мерапрыемстваў, парадаў і конкурсаў.

Без кадэтаў нашай школы не адбываецца ні адна важная падзея ў жыцці горада. І гэта не дзіўна. Адраджэнне кадэцкага руху прадыктавана часам, бо ва ўсе часы кадэцкія карпусы рыхтавалі сапраўдных грамадзян сваёй краіны, выхаваных у духу высакароднасці, воінскага гонару, добрага таварыства, моцнай дысцыпліны і самаахвярнай любові і адданасці Радзіме.

Наваспечаныя кадэты зрабілі вельмі важны і адказны выбар. Прыгожая форма — гэта толькі знешні атрыбут. У іх наперадзе нялёгкая праца — жыць па законах гонару, мужнасці і высакароднасці. Даючы клятву, кожны з іх прымае на сябе і дадатковыя абавязацельствы.

Гэтае свята, несумненна, застанецца ў памяці кожнага, хто прымаў у ім удзел. Верагодна, менавіта пасвячэнне ў кадэты, да якога вучні рыхтаваліся і права на якое даказалі, стане іх першым сапраўдным крокам у дарослае жыццё.

Педагогі сярэдняй школы № 7 Навагрудка Гродзенскай вобласці.