“Кагнітыўныя штудыі — 2017”

- 10:58Нам пішуць

19 і 20 мая 2017 года ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка адбылася VII Міждысцыплінарная міжнародная канферэнцыя па кагнітыўнай навуцы “Кагнітыўныя штудыі: знакавы, модульны і нейрасеткавы падыходы”. Канферэнцыя праводзіцца раз у два гады, і ў параўнанні з 2015 годам геаграфія “Кагнітыўных штудый — 2017” прыкметна пашырылася.

Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі ўніверсітэтаў Масквы, Санкт-Пецярбурга, Яраслаўля, Цюмені, Казані, Кірава, Смаленска, Кіева. У гэты раз канферэнцыя выйшла на новы міжнародны ўзровень — за межы постсавецкай прасторы: адным з удзельнікаў канферэнцыі і дакладчыкам на пленарным пасяджэнні была Ганна Барысаўна Прусак, прафесар Акадэмічнага педагагічнага каледжа Аранім (Хайфа, Ізраіль).

У гэтым годзе “Кагнітыўныя штудыі” сабралі больш за 50 удзельнікаў, сярод якіх былі як прызнаныя вучоныя ў галіне кагнітывістыкі, так і маладыя даследчыкі, якія яшчэ толькі робяць першыя крокі ў кагнітыўнай навуцы. На адкрыцці сустрэчы яе ўдзельнікаў і гасцей віталі намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі Сяргей Нікіфаравіч Жарабцоў, доктар псіхалагічных навук прафесар Аляксандр Паўлавіч Лабанаў, доктар псіхалагічных навук загадчык лабараторыі псіхалогіі пазнавальных працэсаў Інстытута псіхалогіі Георгій Васільевіч Лосік. Даклады былі прадстаўлены як на двух пленарных пасяджэннях, так і ў рамках работы трох секцый: “Інтэлект і ментальныя рэпрэзентацыі”, “Трансдысцыплінарныя веды і кагнітыўныя практыкі” і “Рэфлексія і метакагніцыі”. Новай стала такая форма прадстаўлення дакладаў, як постары. У працы стэндавай секцыі ўдзельнічалі пераважна студэнты, аспіранты і маладыя навукоўцы, аднак вынікі іх даследаванняў выклікалі вялікую цікавасць у іх больш вопытных калег.

Асобнай часткай “Кагнітыўных штудый — 2017” была работа двух майстар-класаў: “Выкарыстанне нейрасетак у кагнітыўных даследаваннях”, падрыхтаванага і праведзенага кандыдатам псіхалагічных навук дацэнтам факультэта дыстанцыйнага навучання Маскоўскага дзяржаўнага псіхолага-педагагічнага ўніверсітэта Наталляй Паўлаўнай Радчыкавай і старшым выкладчыкам кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Наталляй Мікалаеўнай Жук, а таксама “Ужыванне паліграфа ў даследаваннях кагнітыўных працэсаў” доктара псіхалагічных навук Георгія Васільевіча Лосіка і кандыдата псіхалагічных навук дацэнта Уладзіміра Пятровіча Прылепіна.

Разнастайнасць тэм, дыскусійны характар пастаўленых пытанняў, разнастайнасць падыходаў да іх вырашэння сведчаць аб тым, што са сваёй задачай “Кагнітыўныя штудыі — 2017” справіліся паспяхова.

Наталля ЖУК,
старшы выкладчык Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка.