Калі ласка, на лёд!

- 11:18Спартыўныя падзеі

З 21 па 25 сакавіка Беларусь прымае IV чэмпіянат свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце. 114 спартсменаў з 14 краін змагаюцца ў гэтыя дні ў “Мінск-Арэне”. У аўторак напярэдадні старту чэмпіянату ў прэс-цэнтры БелТА прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам прэзідэнта Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэцкага спорту Адама Рошака, старшыні Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандра Багдановіча, дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лядовых відах спорту намесніка старшыні Беларускага саюза канькабежцаў Аляксандра Наваковіча і дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталя Стрыгельскага.

У Беларусі вялікая ўвага надаецца развіццю студэнцкага спорту. Гэта пацвердзіў праведзены ў 2014 годзе на высокім узроўні чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ. IV чэмпіянат свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце, які праходзіць пад эгідай Міжнароднай федэрацыі ўніверсітэцкага спорту (FISU), з’яўляецца яшчэ адным сур’ёзным экзаменам для нашай краіны на пацвярджэнне статусу спартыўнай дзяржавы. Тое, што Беларусь вытрымае яго паспяхова, можна не сумнявацца. Наша краіна з 1993 года з’яўляецца членам FISU. За гэты час на сусветных універсіядах беларускімі спартсменамі заваяваны 225 медалёў (162 на летніх і 63 на зімовых). Толькі за апошнія два сезоны ўдзелу ў чэмпіянатах свету нашы студэнты заваявалі 54 медалі. Было паспяховым і выступленне беларускіх спартсменаў на спаборніцтвах па канькабежным спорце.

— У гэтым годзе праводзіцца больш за 30 чэмпіянатаў свету па розных відах спорту сярод студэнтаў. У гэтых чэмпіянатах возьме ўдзел больш за 6 тысяч чалавек. Толькі два з гэтых чэмпіянатаў праходзяць па зімовых відах спорту. Я наведваў чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ ў 2014 годзе. Гэтыя спаборніцтвы былі цудоўна арганізаваны. Перакананы, што спаборніцтвы па канькабежным спорце будуць арганізаваны гэтак жа добра, а можа і лепш. Міжнародная федэрацыя ўніверсітэцкага спорту ўважліва сочыць за падрыхтоўкай да правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. Спаборніцтвы падобнага маштабу з’яўляюцца сур’ёзным выклікам для арганізатараў. Мы ведаем, што Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту актыўна рыхтуе валанцёраў, большасць з якіх — студэнты. Пажадаем вам поспехаў, — адзначыў Адам Рошак.

Падача нашай краінай заяўкі на правядзенне чэмпіянату свету паказала імкненне замацаваць і паскорыць рост папулярнасці канькабежнага спорту сярод беларускіх студэнтаў. Па словах Аляксандра Багдановіча, мінскі чэмпіянат свету па канькабежным спорце сярод студэнтаў з’яўляецца для нашай краіны як спартыўным, так і іміджавым праектам. Мы робім усё, каб пазіцыяніраваць Беларусь як спартыўную дзяржаву, для гэтага ў нас ёсць усе ўмовы. Сёлетні чэмпіянат свету — гэта яшчэ адзін крок да папулярызацыі канькабежнага спорту сярод моладзі.

— Папулярнасць канькабежнага спорту расце, і вельмі спадзяюся, што выступленне нашых студэнтаў падштурхне аматараў лядовых дысцыплін больш актыўна займацца гэтым цікавым відам спорту. Нашу каманду будуць прадстаўляць 12 мужчын і 6 жанчын. На дыстанцыі 500 і 1000 м будзе змагацца і ўдзельнік Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане студэнт БДУФК Ігнат Галавацюк. Спадзяёмся, ён выйдзе на лёд у камандным спрынце і мас-старце. Самымі шматлікімі будуць каманды Беларусі, Расіі, Нідэрландаў, Польшчы. Моцны састаў па традыцыі ў зборнай Расіі. Моцных спартсменаў, як заўсёды, прывозяць Нідэрланды. Добрыя каманды ў Польшчы, Японіі, дзе канькабежны спорт асабліва папулярны, — паведаміў Аляксандр Наваковіч.

Па словах намесніка старшыні Беларускага саюза канькабежцаў, чэмпіянат свету працягвае спартыўны сезон. Гэта выдатная магчымасць выступіць студэнтам, якія не трапілі на Алімпіяду, а таксама на этап Кубка свету. Сёння тыя, хто выступае ў рэзерве нацыянальнай каманды, на Алімпійскіх гульнях у Пекіне ў 2022 годзе будуць у асноўным складзе.

Ці прынясе нашым спартсменам удачу талісман чэмпіянату ласка Алесь? Ці будзе ласкавай да нашых канькабежцаў яе вялікасць Перамога? Будзем сачыць на старонках нашага выдання за падзеямі чэмпіянату.

Ігар ГРЭЧКА.