Калі не мы, то хто?

Наша піянерская дружына “Спадчынцы” сумесна з Курылавіцкім лясніцтвам прыняла актыўны ўдзел у агульнапіянерскім суботніку пад назвай “Калі не мы, то хто?”.

Сонечнай раніцай з добрым настроем і пад пільным кіраўніцтвам лесніка Анатоля Паўлавіча Ражко мы з піянерамі адправіліся па маршруце Мілевічы — Монькавічы. Мэта акцыі — ачысціць лясны масіў паблізу кемпінга і ўздоўж дарогі ад смецця. Дзеці падчас акцыі папрацавалі на славу. У выніку было сабрана некалькі мяшкоў смецця.

Нашы акцябраты ў гэты дзень таксама не засталіся ўбаку. Яны прайшліся па вуліцах аграгарадка Мілевічы, сабралі ўсё смецце і ачысцілі бераг возера. Настаўнікі і тэхперсанал школы сумесна з членамі БРСМ працавалі ў парку: навялі парадак каля брацкай магілы, прыбралі і вывезлі лісце. Навучэнцы 8 класа доўга працавалі на могілках у Мілевічах, дзе знаходзіцца магіла чырвонаармейца Дзергачова.

Народная мудрасць гаворыць: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. Давайце берагчы і ахоўваць нашу прыроду, не ператвараць яе ў сметнік! Гэта так проста.

А.РУСАК,
педагог-арганізатар Мілевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.