Калі вынік акрыляе

- 11:55Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

На гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока” перамогу ў намінацыі “Інтэрактыўнасць і інавацыйнасць” святкавала настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 6 Мінска Ірына ПАРХІМОВІЧ. Пра вынікі конкурсу, асаблівасці эфектыўнага ўрока — наша гутарка з педагогам.

— Ірына Віктараўна, прайшоў пэўны час пасля конкурсу. Улягліся эмоцыі, у мінулым засталіся хваляванне, трывога, радасць ад узаемадзеяння з калегамі. Што асабіста вам прынёс удзел у гэтых спаборніцтвах?   

— На конкурс я трапіла па прапанове адміністрацыі школы, за што вельмі ўдзячна. Любы конкурс — магчы­масць паглядзець на сябе збоку, апынуцца ў незвычайнай сітуацыі, пачуць каментарыі кампетэнтных экспертаў. Гэта добрая магчымасць пераняць вопыт калег, натхніцца на стварэнне ўласных адукацыйных практык. На прадстаўленых уроках дэманстраваліся тэхналогіі калектыўнага навучання, паказваліся заняткі з выкарыстаннем мабільных дадаткаў, дапоўненай рэальнасці. Людзі, якія там сабраліся,— сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Атмасфера падтрымкі, добразычлівасці была проста неверагодная. Я атрымала шмат яркіх уражанняў, станоўчых эмоцый. Акрамя таго, гэта было карысна для мяне асабіста: становішся больш смелай, упэўненай. 

— Якое конкурснае выпрабаванне падалося для вас самым складаным? 

— Удзельнікам конкурсу неабходна было прайсці праз конкурсныя выпрабаванні трох этапаў. На першым этапе трэба было прапанаваць ідэі па развіцці асобы навучэнцаў, на другім — скласці медыя­нар, на трэцім — правесці ўрок у сваёй установе адукацыі, так званы ўрок далёкага дзеяння. 

На першым этапе я прадставіла ідэю стварэння сітуацыі поспеху на ўроку. Паколькі поспех звязаны з пачуццём радасці, эмацыянальнага пад’ёму, які адчувае чалавек у выніку выкананай работы, у яго фарміруюцца новыя матывы да дзейнасці, мяняецца ўзровень самаацэнкі, самапавагі, пераадольваецца няўпэўненасць. Калі дапамагчы дзіцяці хаця б раз дасягнуць станоўчага выніку, то можна матываваць яго на будучую станоўчую дзейнасць. Грунтую­чыся на станоўчых эмоцыях, дзіця і наступны раз з задавальненнем возьмецца за работу. На маіх уроках сітуацыя поспеху ствараецца праз заахвочванне, заданні ад простага да складанага, работу ў парах і групах, калі больш моцны вучань дапамагае свайму таварышу. 

Самым складаным мне падаўся другі этап — медыянар. Чаму? Таму што неабходна было скласці практычна аўтарскую методыку, якая дапаможа не толькі маім калегам, настаўнікам замежнай мовы, але і іншым настаўнікам-прадметнікам. Я прапанавала тэхналогію вэб-квеста як інтэрактыўную адукацыйную тэхналогію. Хацелася, каб навучанне, нават у складанай эпідэмічнай сітуацыі, у якой мы апынуліся некаторы час назад, было арганізавана якасна. Гэта быў своеасаблівы шаблон, які любы настаўнік-прадметнік, напаўняючы сваім матэрыялам на любым уроку ці яго этапе (вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу, замацаванне, абагульненне вывучанага і г.д.), мог выкарыстоўваць. 

— Які ўрок далёкага дзеяння вы прадставілі?

— Гэта быў урок у 4 класе, восьмы па ліку ў сістэме ўрокаў па тэме “Распарадак дня”. Яго мэта — авалоданне вучнямі навыкамі вядзення дыялогу распытвання і складанне паведамлення на аснове атрыманай інфармацыі. Сцэнарый урока быў пабудаваны на аснове прыёму камунікатыўнага навучання — інтэрв’ю, якое прадугледжвае апытанне як мага большай колькасці ўдзельнікаў. Падобная форма правядзення ўрока садзейнічала развіццю міжасобасных зносін і актыўнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў з розным узроўнем падрыхтоўкі. Пры праектаванні ўрока былі ўлічаны ўзроставыя асаблівасці дзяцей, выкарыстоўваліся індывідуальная, групавая, франтальная формы работы, і ў канцы ўрока чацвёртакласнікі павінны былі ўзяць інтэрв’ю ў свайго аднакласніка. Урок сапраўды ўдаўся. Магчыма, таму, што для вучняў гэта была не новая форма работы. Я пачула станоўчыя водзывы экспертаў. Увогуле, лічу, што поспех урока ў многім вызначае падрыхтаванасць дзяцей.

Сёння грамадству неабходна асоба мэтанакіраваная, творчая, якая лёгка арыен­туецца ў жыццёвых сітуацыях. Таму на сваіх уроках удзяляю ўвагу развіццю менавіта гэтых асобасных якасцей праз выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання, гульнявых тэхналогій. 

Любімае слова сучаснай моладзі — сум. І таму ўрок павінен быць нясумным, цікавым, а вучні павінны стаць актыўны­мі ўдзельнікамі творчага працэсу. З самага пачатку ўрока ствараю праблемную сітуацыю, прапаную пэўную загадку, ін­трыгу. Актыўна выкарыстоўваю інтэрактыўную дошку. З дапамогай мабільных дадаткаў Plickers, Quizlet і інш., відэасюжэтаў з удзелам носьбітаў мовы, дадаткаў па стварэнні воблакаў слоў актывізуецца пазнавальная дзейнасць школьнікаў. Мае вучні не баяцца выказвацца. Памылкі выпраўляем пасля выказвання разам з дзецьмі. 

Сучасны ўрок плюс творчая дзейнасць плюс супрацоўніцтва — вось формула паспяховага навучання. 

— Вы заўсёды дзейсная, актыўная. Як засцерагчыся ад прафесійнага выгарання?

— Няма ніякага самавыгарання. Самавыгаранне — неадпаведнасць вынікаў, якія чакаюцца, затрачаным сілам. Я веру ў энергаабмен, бачу вынік сваёй работы. Напрыклад, у 3 класе вучу дзяцей чытаць, а ўжо да навагодніх свят заслухоўваюся іх чытаннем, атрымліваю задавальненне ад зробленага. Яно кампенсуе любое выгаранне і акрыляе.

Лічу, што абстрагавацца ад работы дапамагае сям’я, станоўчыя эмоцыі. А яшчэ спорт — фітнес, плаванне. Адкуль бярэцца час? Часу хапае, галоўнае ўсё правільна размеркаваць. Нездарма ж я наведвала курсы тайм-менеджменту, якія мне вельмі дапамаглі. 

Трэба не дапускаць манатоннасці і аднастайнасці ў рабоце, імкнуцца свае ўрокі планаваць так, каб яны былі цікавымі і пазнавальнымі. Лічу, калі настаўнік вучыцца пастаянна, у яго не ўзнікае ніякага эмацыянальнага выгарання. У найбліжэйшы час хачу асвоіць адну з тэхналогій брытанскай школы, якая не вельмі шырока ў нас распаўсю­джана.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.