Калі ёсць каманда, то ўсё ладзіцца

- 11:13Моя школа

Наша краіна можа ганарыцца тым, што нам удалося захаваць сістэму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, лічыць дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч.

Салодкі водар дзяцінства 

— Я родам са Старых Дарог. Мой дзядуля працаваў загадчыкам магазіна і дазваляў мне прыходзіць да яго паста­яць за прылаўкам. Як там смачна пахла цукеркамі! (Усміхаецца.) Ён казаў мне, што ў жыцці трэба адказна і плённа працаваць. Я дапамагала яму наво­дзіць парадак і думала: “Які мой дзядуля шчаслівы, якое ў яго цудоўнае месца працы, колькі тут усяго смачнага!”

— Алена Уладзіміраўна, школьныя гады пакінулі ў вашым сэрцы такія ж прыемныя ўспаміны?

— Безумоўна! Да сённяшняга дня з цеплынёй успамінаю сваю школу — звычайную школу невялікага гарадка, памятаю імёны многіх настаўнікаў. Нашага дырэктара звалі Ізя Барысавіч Галянсон — гэта быў вельмі адукаваны і справядлівы чалавек. Першы класны кіраўнік Паліна Лазараўна Грынберг — добрая і спагадлівая, да кожнага знаходзіла падыход. Раіса Канстанцінаўна Бірук выкладала ў нас рускую мову і літаратуру, была вельмі строгая, таму ўсе старанна рыхтаваліся да кожнага ўрока. Аляксандр Іванавіч Жукавец — настаўнік фізікі. Прадмета многія аднакласнікі баяліся, а мне было ўсё зразумела з першага тлумачэння новай тэмы. Пры гэтым ён ставіў мне чацвёрку і адпраўляў на алімпіяды. Казаў: “Ты лепш за ўсіх ведаеш фізіку, а такая адзнака, каб не ленавалася і яшчэ больш старалася”. Увогуле, дакладныя дысцыпліны даваліся мне вельмі лёгка. 

Ідэя стварэння інфармацыйнага партала ­“Патрыёт.by” належыць Рэспубліканскаму цэнтру экалогіі і краязнаўства. Зараз да яго далучыліся каля 100 партнёраў. Менавіта тут можна знайсці самую важную, цікавую і актуальную інфармацыю па тэме патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі.

— Стаць педагогам вырашылі па прыкладзе бабулі ці маці? 

— Не, у нашай сям’і не было настаўнікаў. У старшых класах, калі мы ўжо сталі камсамольцамі, нам дазвалялі зай­мацца з вучнямі малодшай школы. Мне вельмі падабалася быць сярод дзяцей. А педагогі неаднойчы адзначалі, што ў мяне добра атрымліваецца. У той час мы вельмі прыслухоўваліся да настаўнікаў, яны былі для нас аўтарытэтам. Вось я і вырашыла паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт да­школьнай адукацыі. 

— Выкажу здагадку, што вы былі актывісткай і выдатніцай.

— Так. Вучылася добра, была камсоргам у сваёй групе. Самае яркае ўражанне тых часоў — студэнцкі атрад. Памятаю, паехалі ў Стаўрапольскі край на кансервавы завод, дзе рабілі сокі і напоі. Мы збіралі персікі, абрыкосы, памідоры. Наеліся ад душы! Пры гэтым за месяц выканалі план на паўгода. За гэта адміністрацыя арганізавала нам экскурсію на Архыз. А яшчэ наш атрад ахоўвала міліцыя, бо мясцовыя хлопцы праходу не давалі нашым дзяўчатам. (Смяецца.)

 Заўсёды на перадавой!

— Як атрымалася, што вы сталі педагогам-арганізатарам?  

— Само жыццё ўнесла такія карэктывы. Я працавала выхавальніцай у дзіцячым садзе ў родных Старых Дарогах. Потым выйшла замуж і пераехала ў Слонім. Пасля дэкрэтнага водпуску вакантнага месца ў дашкольнай установе не было. Мне прапанавалі пайсці праца­ваць спачатку ў цэнтр псіхалагічнай дапамогі, потым — у цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання, а адтуль — ужо ў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі педагогам-арганізатарам. Тады ж прыняла рашэнне вучыцца далей — адчувала, што неабходны веды, каб рухацца наперад. Я паступіла ў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Пасля заканчэння мяне павысілі — я заняла пасаду намесніка дырэктара цэнтра па вучэбна-выхаваўчай ­рабоце. 

— Менавіта гэтая ўстанова стала першай інавацыйнай пляцоўкай у сістэме дадатковай адукацыі нашай краіны?  

— Так, мы стварылі праект па гендарным выхаванні навучэнцаў на аснове нацыянальных традыцый. Работай кіравала Флюра Ібрагімаўна Храмцова, з якой я пазнаёмілася яшчэ ў Слоніме, а потым сустрэліся з ёй на курсах павышэння кваліфікацыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Гэтая жанчына змяніла мой лёс. Яна настаяла на тым, каб я пераехала ў сталіцу і паступала ў аспірантуру. Я паслухалася і ніколі аб гэтым не пашкадавала. Мне прапанавалі пасаду загадчыка метадычнага аддзела ў Нацыя­нальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а потым працавала там намеснікам дырэктара. 

Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства з’яўляецца каардынатарам двух буйных праектаў Саюзнай дзяржавы — турысцкага злёту навучэнцаў і злёту юных эколагаў Расіі і Беларусі. Таксама ўстанова — арганізатар акцый “Я гэты край Радзімаю заву!”, “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі, конкурсаў “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, “Энергія і асяроддзе пражывання”, рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў).

— Затым было Міністэрства адукацыі. Які вопыт атрымалі ў такім сур’ёзным ведамстве? 

— Курыравала пытанні дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, таму сістэму ведаю вельмі дасканала. У той час быў прыняты новы Кодэкс аб адукацыі, неабходна было распрацаваць усе нарматыўна-прававыя акты,  праграмы для розных кірункаў, вызначыць шляхі далейшага развіцця дадатковай адукацыі ў краіне.  І я лічу, наша краіна можа ганарыцца тым, што, дзякуючы правільна выбранаму курсу, нам удалося захаваць сістэму дадатковага выхавання. Многія краіны яе страцілі, у многіх перайшлі на платную аснову. І такія паслугі каштуюць вялікіх грошай. А ў нас цэнтры творчасці ёсць у кожным раённым горадзе. Нашы дзеці маюць цудоўную магчы­масць займацца ў іх і творчасцю, і спортам, і навуковымі даследаваннямі. 

Райскі куток 

— У 2014 годзе вы ўзначалілі Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Тут так прыгожа зараз — шмат раслін і кветак. На двух гектарах зямлі ёсць сад філосафа, аптэкарскі і зімовы сад, разумныя градкі. 

— Прызнаюся, я ўлюбілася ў гэтую прыгажосць адразу. Але не толькі ёй магу пахваліцца:  мы праводзім шмат конкурсаў, алімпіяд, канферэнцый, майстар-класаў, акцый, семінараў-практыкумаў па краязнаўстве, экалогіі, спартыўным турызме. На тэрыторыі дзейнічае турыстычная база для дзяцей, якія прыяз­джаюць да нас паў­дзельнічаць у мерапрыемствах. Ёсць аўтобус — арганізуем розныя экскурсіі. На вуліцы Лук’яновіча знаходзіцца наш скаладром. Усяго і не пералічыць! 

— І як гэтым усім кіраваць? 

— Калі ёсць каманда, то ўсё ладзіцца. Галоўнае, умець слухаць і чуць сваіх падначаленых, лавіць ідэі і ствараць умовы для іх рэалізацыі. Напрыклад, Іван Анатольевіч Рускіх, загадчык лабараторыі, вельмі хацеў займацца навуковымі даследаваннямі са школьнікамі, і яму неабходна была лабараторыя. Мы звярнуліся па дапамогу да спонсараў і ў 2017 годзе адкрылі лабараторыю. ­Абсталяванне тут не горшае, чым у прафесійных вучоных-мікрабіёлагаў, што дае магчымасць право­дзіць навуковыя даследаванні па генетыцы і селекцыі раслін, вывучаць мікраарганізмы і біятэхналогіі. Зараз да Івана Анатольевіча на заняткі прыязджаюць дзеці з іншых гарадоў, яго выхаванцы займаюць першыя месцы на міжнародных канферэнцыях. Разам яны выводзяць новыя сарты кукурузы, працуюць над вырашэннем экалагічных праблем з дапамагой жывых арганізмаў. 

— У чым унікальнасць вашай установы? 

— На нашай базе працуе сем метадычных рэспубліканскіх аб’яднанняў па края­знаўстве, экалогіі, спартыўным і экскурсійным турызме. Мы арганізуем работу па павышэнні кваліфікацыі педагогаў у міжкурсавы перыяд. Прымаем удзел у арганізацыі курсаў сумесна з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Пры гэтым цесна супрацоўнічаем са школамі. Курыруем праект “Зялёная школа” і ўсе школьныя музеі краіны. 

— Акрамя валодання сучаснымі методыкамі, што яшчэ патрэбна педагогу дадатковай адукацыі, каб стаць пас­пяховым?  

— Калі спецыяліст будзе абыякавым да сваёй работы, проста адбываючы гадзіны, аддачы ён не атрымае. Праца педагога адразу бачна па колькасці дзяцей, якія запісваюцца на заняткі. Не зацікавіў, не пад­рыхтаваўся, не працуеш з душой — дзеці не прыйдуць да цябе. Таму працаваць тут нават складаней, чым у школах. 

— Каб любіць Беларусь нашу мілую… 

Паміж школьным настаўнікам і педагогам дадатковай адукацыі існуе прынцыповая розніца. Калі першага дзеці не выбіраюць, а ходзяць у школу па веды — гэта іх абавязак, то прымусіць дзяцей наведваць гурток ці секцыю проста немагчыма, калі ім там нецікава.

— Калі перайшла праца­ваць у Рэспубліканкі цэнтр экалогіі і краязнаўства, захапілася турызмам. Зараз з усмешкай успамінаю паход, у якім давялося прыняць ­удзел, будучы супрацоўнікам Міністэрства адукацыі. Мы адправіліся пад Калугу на турзлёт Саюзнай дзяржавы. Трэба было тыдзень жыць у лесе. Арганізатары шмат разоў прапаноўвалі мне начаваць у гасцініцы, але я адмовілася і рызыкнула. Праўда, на другі дзень плакала, што больш не магу ­спаць у палатцы, але пераадолела сябе. І раптам зразумела, што больш нідзе так не адпачнеш, як на прыродзе, не атрымаеш столькі энергіі і асалоды. Зараз разам з вялікай кампаніяй сваіх сяброў я падарожнічаю па Беларусі. Кожны раз плануем новыя маршруты. Шмат дзе пабывалі і заўсёды ­здзіўляемся, якая багатая ў нас гісторыя, колькі прыгожых і непаўторных мясцін ёсць у Беларусі. Як важна ведаць свае карані і сваю гісторыю! Аднойчы да нас у цэнтр прыхо­дзіў Ула­дзімір Ліпскі, наш вядомы пісьменнік. Калі ў яго спыталі пра патрыятызм, ён адказаў: “Маленькім хлопчыкам я любіў улетку ляжаць на лузе і назіраць за аблокамі. Я ім так зайздросціў: яны плы­вуць і могуць ба­чыць увесь свет. Потым я пабываў у розных краінах, але ўсё б аддаў, каб зноў апынуцца на тым лузе ў сваёй роднай вёсцы”. 

Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.