Дзеці, якія наведваюць гурткі Эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна, займаюцца даследаваннем пітной вады ў прыватных калодзежах. Цікавасць да даследавання вады ў навучэнцаў цэнтра захоўваецца ўжо не першы год. Да гэтага яны на працягу некалькіх гадоў даследавалі крыніцы ў рамках абласнога конкурсу “Крыніцы Гродзеншчыны”. Цяпер яны праявілі цікавасць да даследавання вады ў калодзежах прыватных дамоў.
У сучасных вёсках недалёка ад калодзежаў будуюць хлявы, у якіх утрымліваюць жывёлу, паблізу размяшчаюць агароды і палі, якія старанныя гаспадары багата паліваюць угнаеннямі і пестыцыдамі. І вось вынік — крышталёвая вада часта тоіць у сабе небяспечныя нітраты. Такая вада не мае старонняга густу і паху. Чалавек, не праводзячы спецыяльных аналізаў, не можа распазнаць небяспеку ўжывання такой вады. Пры залішнім утрыманні ў вадзе нітраты, трапляючы ў арганізм, ператвараюцца ў вельмі таксічныя нітрыты, якія павышаюць рызыку захворвання на рак. У маленькіх дзяцей гэта можа прывесці да кіслароднага галадання, а часам і да смерці.
Супрацоўнічаючы з Цэнтрам экалагічных рашэнняў, навучэнцы Эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна для вызначэння ўтрымання ў вадзе небяспечных нітратаў выкарыстоўваюць тэст-палоскі. Атрымаўшы першыя трывожныя даныя, гурткоўцы аналізуюць магчымыя крыніцы забруджвання вады. Пакуль што аб канкрэтных выніках гаварыць рана, таму што ваду трэба ўзяць на пробу яшчэ вясной, летам і восенню.
Спадзяёмся, што рэкамендацыі па ўтрыманні калодзежаў, над распрацоўкай якіх займаюцца нашы дзеці, дапамогуць камусьці захаваць сваё здароўе і, магчыма, жыццё!
Аксана ХАДАСОК,
педагог-арганізатар Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі
Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.