Калядная казка

- 9:18Нам пішуць

Дзіцячы ўзрост — гэта лепшы час для фарміравання маральнага аблічча маленькага чалавека. Высокая духоўнасць, дабрыня, бескарыслівасць, пасеяныя ў чыстай дзіцячай душы, даюць выдатныя ўсходы, служаць пуцяводнай зоркай юнаму чалавеку, не даюць яму ў далейшым збіцца з правільнага шляху. Каляды не толькі вялікае хрысціянскае свята, але і адно з самых добрых, цёплых і душэўных сямейных свят у нашай краіне.

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Жыткавіч Гомельскай вобласці творчыя педагогі выхоўваюць у дзяцей цікавасць да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей на аснове старадаўніх традыцый і звычаяў. Свята Божага Нараджэння выпадае на навагоднія канікулы, яно дае педагогам выдатныя магчымасці і шырокі прастор для арганізацыі цікавых этнаграфічных заняткаў і забаў з дзецьмі. А якія цудоўныя калядныя вырабы падрыхтавалі выхаванцы разам з бацькамі для дзяцей, якія пакуль не наведваюць ўстанову дашкольнай адукацыі!

Хай ціха плывуць ад сяла да сяла
Над Божымі храмамі звоны.
І каб Беларусь наша вечна жыла
І мела і Славу, і Гонар.

Сёлета на Каляды выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Жыткавіч падарылі маленькім дзецям калядную казку. Тэатралізаванае прадстаўленне з Паннай Марыяй і немаўляткам, вешчунамі-мудрацамі і пастухамі, з каляднымі песнямі, танцамі Зорачак і Анёлаў уцягнула ў свой карагод дзетак і іх бацькоў. Малышы даведаліся, што першымі, перад кім з’явіўся анёл з весткай аб нараджэнні Хрыста, былі менавіта пастухі, таму што ў іх было чыстае і добрае сэрца.

Мы ўпэўнены, што ў нашых дзяцей таксама чыстае і добрае сэрца, бо яны з такой непадробнай увагай і цікавасцю назіралі сапраўдную гісторыю Нараджэння Хрыстова. Мы думалі, што 2—3-гадовым малышам гэта будзе цяжка для ўспрымання, але, як аказалася, калядная гісторыя слухаецца сэрцам.

Пратаіерэй Тураўскай епархіяльнай акругі Генадзь Хаткевіч, які прысутнічаў на свяце, расказаў дзеткам і бацькам пра гісторыю вялікага свята, пра яго значнасць для кожнага чалавека.

Гістарычна ў нашай краіне склалася так, што сёння Каляды мы святкуем як дзяржаўнае свята, але, на жаль, нават не ўсе дарослыя ведаюць падзеі той святой ночы або не могуць данесці гэта дзецям. А ведаць гісторыю Нараджэння Хрыстова, традыцыі гэтага свята проста неабходна. Без ведаў евангельскіх падзей, святочных традыцый немагчыма зразумець многія мастацкія творы беларускай і сусветнай культуры, ацаніць учынкі нашых продкаў, вывучаючы гісторыю краіны, ды і проста быць адукаваным, культурным чалавекам і патрыётам.