Вельмі хочацца, каб усе мае вучні сталі сапраўднымі людзьмі, якія любяць Радзіму, родны край, цікавяцца жыццём продкаў, берагуць і цэняць усё, што дае нам родная зямля. І ў гэтым мне вельмі дапамагае тое, што ўжо некалькі гадоў я з’яўляюся кіраўніком музейнага пакоя Каменскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Горацкага раёна. Тут сабраны багаты этнаграфічны матэрыял. У яго зборы былі задзейнічаны не толькі настаўнікі, але і вучні, іх бацькі.
Кожная экскурсія ў музейны пакой — гэта асаблівая падзея для дзяцей. Нават выхаванцы дзіцячага сада з цікавасцю разглядаюць экспанаты. А вучні пачатковых класаў часта самі просяцца наведаць музейны пакой. Апошнія гады стала добрай традыцыяй, акрамя экскурсій, праводзіць абрадавыя святы, у якіх дзеці вельмі любяць удзельнічаць. Так, у калядныя дні з удзелам вучняў пачатковых класаў у школе было падрыхтавана і праведзена свята “Калядкі”. Да яго вельмі адказна ўсе рыхтаваліся: я расказала прысутным пра сутнасць свята, асаблівасці, традыцыі яго правядзення, значэнне Каляднай зоркі. Дзеці расказвалі вершы, спявалі песні, вадзілі карагоды, танцавалі, усіх парадавала Козачка сваёй спрытнасцю і гарэзлівасцю. Бацькі таксама не засталіся ўбаку: для калядоўшчыкаў быў накрыты багаты стол з салам, блінамі з мёдам, смачнымі пернікамі і гарачай гарбатай. Ад праведзенага свята застаўся добры настрой і найлепшыя ўспаміны, а яшчэ чаканне новага свята.
Ірына САЛАЎЁВА,
настаўніца пачатковых класаў
Каменскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Горацкага раёна.