Калядныя сустрэчы

- 16:28Нам пішуць

У Гезгалаўскім яслях-садзе тры гады запар рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”. Кіраўнік праекта — загадчык установы Святлана Рыгораўна Гурская. Кансультант — Аляксандр Васільевіч Бройка, дырэктар грамадскага аб’яднання “Цэнтр праваслаўнай асветы прападобнай Ефрасінні Полацкай”.

Пашырэнню ўяўленняў дзяцей аб праваслаўных святах і традыцыях іх правядзення садзейнічалі тэматычныя мерапрыемствы: “Пад Пакровам святым”, “Калядкі”, “Вербная нядзеля”, “У дзень Вялікадня святога”. У мінулым годзе апрабавана новая форма работы “Калядныя сустрэчы” з удзелам благачыннага цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэя Мікалая Пінчука, законных прадстаўнікоў, педагогаў і выхаванцаў. Мерапрыемства прадугледжвала інтэрактыўныя формы работы з дарослымі: “Калядную віктарыну”, творчае заданне “Накрый стол на куццю”.

Удзел светара даў магчымасць пашырыць уяўленні педагогаў і бацькоў пра змест, сімволіку іконы “Раство Хрыстова”, традыцыі куцці і каледавання. Выхаванцы падрыхтавалі літаратурна-музычнае прадстаўленне “Свет каляднай зоркі”. “Калядныя сустрэчы” садзейнічалі развіццю ў дзяцей уяўлення вобраза Ісуса Хрыста як адлюстравання любові Бога на Зямлі. Атрыманыя ўражанні выхаванцы выявілі ў творчых работах “Калядны сувенір”.

У рамках праекта ў дзіцячым садку адбылося свята “Славім Раство Хрыстова”. Пад званы дзеці зайшлі ў прыгожа ўбраную навагоднюю залу, дзе вядучыя мерапрыемства — выхавальнікі М.І.Басай і К.С.Юргель — прапанавалі сустрэць адно з галоўных праваслаўных святаў — Каляды. Кацярына Сяргееўна расказала дзецям, што падчас гэтага свята славяць Ісуса Хрыста, дзякуюць Богу за тое, што ён паслаў з нябёсаў Сына свайго, які вучыць любіць, верыць і дараваць. Для таго прыйшоў Хрыстос на зямлю, каб у сэрцах людзей адбыўся цуд, каб злы стаў добрым, сквапны стаў шчодрым, каб той, хто плача, быў усцешаны, каб адзінокі набыў сябра.

Потым увага дзяцей была звернута на незвычайную зорку, якую заўважылі калісьці ў Віфлееме валхвы. Зорка прывяла іх да пячоры, у якой у яслях ляжала немаўлятка. Мудрацы здагадаліся, што гэта не проста немаўля, а сам Бог. Затым Марына Іванаўна папрасіла дзяцей паглядзець на ікону на экране. У цэнтры гэтай іконы — выява Маці Ісуса Хрыста Дзевы Марыі. З якім замілаваннем маці глядзіць на свайго сына! І ўсё вакол радуецца, бо нарадзілася не проста немаўлятка, а Сын Божы, які прыйшоў выратаваць людзей, прынёс любоў, мір і надзею на жыццё вечнае.

Падчас ранішніка дзеці з задавальненнем слухалі пра Хрыста, спявалі песні пра Бога і анёлаў, пра Раство Хрыстова, паказалі інсцэніроўку “Калядная ёлка”, удзельнічалі ў гульнях “Упрыгож ёлачку”, “Чаго на ёлцы не бывае”, танцавалі польку. І, канешне ж, якое свята без падарункаў? Напрыканцы мерапрыемства дзеці атрымалі салодкія пачастункі.

Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны Гезгалаўскага ясляў-сада Дзятлаўскага раёна Гродзенская вобласці.