Існуе меркаванне: як новы год сустрэнеш, так ён і пройдзе. Верагодна, у прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці Дзяржынскага раёна год будзе яскравы, насычаны падзеямі, бо пачаўся ён Каляднымі педагагічнымі сустрэчамі.
У Дзяржынскім раёне працуюць надзвычай крэатыўныя і актыўныя людзі. Тут заўсёды многа ініцыятыў, педагогі і кіраўнікі прыдумваюць і праводзяць мноства мерапрыемстваў і заўсёды ўмеюць зрабіць гэтыя мерапрыемствы і цікавымі, і карыснымі — словам, такімі, у якіх радасна паўдзельнічаць. Так, новы навучальны год у раёне пачаўся адукацыйным кірмашом, а год каляндарны адкрылі Калядныя педагагічныя сустрэчы. Педагогі раёна запрасілі да сябе ў госці цікавых людзей і самі адправіліся да іх у госці.
— Ва ўмовах зменлівых падыходаў у адукацыі і разнастайнасці педагагічных інавацый асабліва значным становіцца стварэнне сучаснай сістэмы метадычнай работы, якая забяспечвае бесперапыннасць павышэння прафесійнай кампетэнтнасці работнікаў адукацыі, развіцця іх прафесійнага педагагічнага майстэрства. І Калядныя педагагічныя сустрэчы сталі часткай гэтай сістэмы, важным звяном у бясконцым ланцужку мерапрыемстваў, накіраваных на ўдасканаленне работы педагогаў, — лічыць Таццяна Канстанцінаўна Чыгір, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама. — Ідэя правядзення такіх сустрэч з’явілася ў начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Вацлава Іванавіча Матусевіча, і цяпер, напэўна, складзецца традыцыя штогадовага іх правядзення. Калядныя сустрэчы — гэта шэраг метадычных мерапрыемстваў рознага фармату. Яны прайшлі для педагогаў розных катэгорый і дазволілі ім пазнаёміцца з вядомымі і заслужанымі калегамі,набыць бясцэнны вопыт. Так, у госці да настаўнікаў гісторыі са сваім майстар-класам прыехаў Віктар Эдуардавіч Жук, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2014”. Майстар-клас па тэме “Развіццё пазнавальных інтарэсаў і здольнасцей навучэнцаў на аснове кампетэнтнаснага падыходу ў выкладанні гісторыі” прайшоў у форме інтэрактыўнай гульні. Віктар Эдуардавіч падзяліўся з калегамі асабістымі напрацоўкамі, методыкай правядзення заняткаў у інтэрактыўнай форме.
Выкладчыкам моў былі прапанаваны адразу некалькі сустрэч. На адной з іх Іна Рычардаўна Віннік, настаўнік-метадыст, настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна, прадэманстравала інавацыйныя формы і метады работы з вучнямі, а таксама даказала важнасць эмацыянальна-пачуццёвага ўспрымання літаратурнага і лінгвістычнага матэрыялу. Майстар-клас адметны творчым падыходам, адкрытым дыялогам усіх удзельнікаў, а таксама цёплай і даверлівай атмасферай, якую стварыла Іна Рычардаўна.
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ўстаноў адукацыі Дзяржынскага раёна адправіліся ў падарожжа. Яны пабывалі ў кабінеце-музеі народнай культуры філалагічнага факультэта БДУ на экскурсіі “Культура і побыт нашых продкаў”, якую правяла для іх загадчык кабінета-музея Ганна Вітальеўна Лахоўская. Далей настаўнікі накіраваліся ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча, дзе ўбачылі спектакль “Батлейка” і нават паспрабавалі сябе ў ролі акцёраў-батлеечнікаў.
Таксама ў Белдзяржуніверсітэце, але ўжо на факультэце фізікі, віталі і настаўнікаў фізікі і астраноміі раёна. Іх чакала сустрэча з загадчыкам кафедры агульнай фізікі Анатолем Іванавічам Слабадзенюком. Прадметам размовы калег стала падрыхтоўка навучэнцаў да рэспубліканскай і міжнароднай алімпіяды. Анатоль Іванавіч падрабязна расказаў аб рэкамендацыях па падрыхтоўцы, патрабаваннях і адрозненнях паміж падрыхтоўкай да алімпіяды і ЦТ. Педагогі адправіліся на экскурсію па лабараторыях універсітэта, дзе ўбачылі новыя прыборы і пазнаёміліся з сучаснымі распрацоўкамі, а таксама пабывалі ў музеі фізічнага факультэта.
Навука і практыка аб’ядналіся на майстар-класе Алены Аляксандраўны Бяльніцкай, метадыста ўпраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. На сустрэчу да калегі прыйшлі настаўнікі хіміі і біялогіі раёна. Разам абмеркавалі прафарыентацыйны аспект выкладання хіміі, выкарыстанне электроннага адукацыйнага рэсурсу ў працэсе выкладання прадметаў, павышэнне якасці выкладання на аснове кампетэнтнаснага падыходу. Алена Аляксандраўна пракансультавала педагогаў па пытаннях арганізацыі дыягнастычнага навучання, падрыхтоўкі да маніторынгу, прапанавала метадычныя і дыдактычныя матэрыялы.
На кампетэнтнасным падыходзе таксама была сканцэнтравана ўвага на сустрэчах настаўнікаў матэматыкі, замежных моў, настаўнікаў-дэфектолагаў. Настаўнікі інфарматыкі ўзаемадзейнічалі дыстанцыйна і абмяркоўвалі выкарыстанне воблачных тэхналогій у выкладанні прадметаў.
Калядныя педагагічныя сустрэчы адбыліся на Дзяржыншчыне ўпершыню і нікога не расчаравалі. Удзельнікі былі салідарныя ў думцы, што такая новая форма работы дае імкненне ствараць і самаўдасканальвацца, а тое, што сустрэчы прайшлі ў калядныя дні, надало ім асаблівае святочнае аздабленне і падарыла энергію і настрой для далейшых прафесійных пошукаў.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.