У пастанове Міністэрства адукацыі № 263 даецца пералік вучэбных прадметаў, па якіх праводзяцца выніковыя выпрабаванні, агаворваюцца віды, формы і тэрміны правядзення выніковых выпрабаванняў у 2023/2024 навучальным годзе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У прыватнасці, дакументам устаноўлена, што ў 2023/2024 навучальным годзе па завяршэнні навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі выніковыя выпрабаванні праводзяцца ў асноўныя тэрміны — з 3 па 10 чэрвеня 2024 года, у іншыя тэрміны — з 19 па 26 жніўня 2024 года.
Дзевяцікласнікі будуць здаваць выпускныя экзамены па:
- беларускай мове (пераказ у пісьмовай форме);
- рускай мове (пераказ у пісьмовай форме);
- матэматыцы (кантрольная работа ў пісьмовай форме);
- гісторыі Беларусі (па білетах у вуснай форме).
Па завяршэнні навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі выніковыя выпрабаванні для навучэнцаў, якія засвойваюць змест адукацыйнай праграмы сярэдняй адукацыі, праводзяцца ў выглядзе цэнтралізаванага экзамену ў пісьмовай форме.
Для выпрабаванняў па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі, замежнай мове (англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай, кітайскай), гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі (найноўшы час), геаграфіі, грамадазнаўстве (па выбары навучэнца) вызначаны:
- асноўныя тэрміны — 27 мая 2024 года;
- рэзервовыя дні і іншыя тэрміны — у даты правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні;
- іншыя тэрміны — 19 жніўня 2024 года.
Даты выпрабаванняў па беларускай або рускай мове (па выбары навучэнца) наступныя:
- асноўныя тэрміны — 30 мая 2024 года;
- рэзервовыя дні і іншыя тэрміны — у даты правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні;
- іншыя тэрміны — 21 жніўня 2024 года.
Акрамя таго, прававым актам устаноўлены формы і даты правядзення выніковых выпрабаванняў для:
- навучэнцаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, парушэннямі зроку, цяжкасцямі ў навучанні, якія засвойваюць змест адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, па завяршэнні навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі;
- навучэнцаў другога аддзялення спецыяльнай школы, спецыяльнай школы-інтэрната для навучэнцаў з парушэннем слыху, навучэнцаў спецыяльнай школы, спецыяльнай школы-інтэрната для навучэнцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення, якія засвойваюць змест адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, па завяршэнні навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі;
- навучэнцаў гімназіі-каледжа мастацтваў па завяршэнні навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі;
- навучэнцаў, якія засвойваюць змест адукацыйнай праграмы сярэдняй адукацыі ў спецыяльных вучэбна-выхаваўчых установах, спецыяльных лячэбна-выхаваўчых установах, у дзяржаўных установах адукацыі (філіялах дзяржаўных устаноў адукацыі), якія знаходзяцца на тэрыторыі папраўчых устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС, рэспубліканскіх унітарных вытворчых прадпрыемстваў, падпарадкаваных Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, лячэбна-працоўных прафілакторыяў МУС, якія ўтрымліваюцца пад вартай у следчым ізалятары, пад вартай у папраўчай установе, па завяршэнні навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі;
- навучэнцаў, курсантаў па завяршэнні навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі пры засваенні зместу адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Па матэрыялах pravo.by падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ