Калыска паэтаў і годных грамадзян

- 12:06Навіны рэгіёнаў

У кожнай школы свая гісторыя — доўгая ці кароткая, але абавязкова насычаная падзеямі. А ёсць такія школы, чыя гісторыя цесна пераплецена з гісторыяй і культурай нашай краіны. Як, напрыклад, гісторыя Мікалаеўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Якуба Коласа, якая пішацца на працягу 150 гадоў. Гісторыю тут змаглі не толькі беражліва захаваць, але і пабудаваць на яе аснове моцную выхаваўчую работу.

У “Памятнай кнізе Віленскай вучэбнай акругі на 1874 г.” запісана: “Никольское народное училище Старосверженской волости открыто в 1866 году. Помещается в церковном доме бесплатно”. Так пачыналася гісторыя ўстановы — у беднай, закінутай вёсцы, дзе налічвалася каля 100 драўляных хат, упершыню была адкрыта школа.

А вось яшчэ адзін цікавы запіс: “Мікалаеўшчына. У нашай вёсцы 190 хат, і жыве тутака 1300 чалавек… У школе тутэйшай вучыцца 167 дзяцей. У мужыкоў грошай няма, каб зрабіць добрую школу, з большай навукай…” Так пісаў пра школу яе знакаміты навучэнец — Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, якога ўсе мы ведаем як Якуба Коласа. Ён паступіў у Мікалаеўшчынскую пачатковую школу ў 1892 годзе і ніколі не забываў пра ўстанову, дбаў пра яе лёс.

Мікалаеўшчынская школа выхавала шэраг народных настаўнікаў, найбольш вядомымі з якіх, акрамя Коласа, былі Язэп Лёсік і Аляксандр Сянькевіч. Яны былі сярод арганізатараў шырока вядомага настаўніцкага з’езда 9 ліпеня 1906 года. За 150-гадовую гісторыю школа выпусціла мноства годных людзей — гэта вучоныя і спартсмены, выкладчыкі і работнікі сельскай гаспадаркі, рабочыя і інжынеры, медыкі і афіцэры, музыканты і паэты.

З 1949 года школа носіць імя Якуба Коласа. Багатая гісторыя стала цудоўным падмуркам для выхаваўчай работы, якая тут вядзецца. Адной з першых у краіне ў 1967/1968 навучальным годзе школа ўзяла курс на паглыбленае вывучэнне беларускай мовы і літаратуры, Коласавай спадчыны.

У 2016/2017 навучальным годзе ўстанова адукацыі пачала працаваць над раённым педагагічным праектам “Сучасныя падыходы да выхавання ў навучэнцаў пачуцця патрыятызму і грамадзянскасці сродкамі вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны Якуба Коласа і яго землякоў”.

— Ідэя стварэння праекта выспявала даўно. Уся дзейнасць установы адукацыі — і вучэбная, і выхаваўчая — цесна пераплецена і абапіраецца на выкарыстанне ў штодзённай працы шматграннай творчасці Якуба Коласа і нашых землякоў. Усё гэта арганічна вылілася ў праект, — расказвае дырэктар установы Лілія Дзмітрыеўна Кротава. — Галоўная яго мэта — выхаванне грамадзяніна з высокай  культурай.

У рамках праекта плануецца не толькі выхоўваць у дзяцей гонар за спадчыну народа і сваіх землякоў, але таксама развіваць іх камунікатыўныя, даследчыя кампетэнцыі, творчыя здольнасці. Работа вядзецца ў некалькіх кірунках. Напрыклад, шырока выкарыстоўваюцца ў рабоце ў рамках праекта школьны музей і яго матэрыялы. У 2006 годзе ва ўрачыстай атмасферы сын народнага песняра Якуба Коласа Міхась Міцкевіч адкрыў у школе этнаграфічна-літаратурны музей “Спадчынны куток”, прысвечаны жыццю і творчасці Якуба Коласа, багатым літаратурным традыцыям рэгіёна і мноству літаратурных дзеячаў, якія тут нарадзіліся. Выставы, лекцыі, пазакласныя мерапрыемствы на працягу года збіраюць у музеі навучэнцаў школы, а таксама шматлікіх гасцей. Навучэнцы не толькі вывучаюць музейныя матэрыялы, але і папаўняюць экспазіцыю, самі праводзяць экскурсіі.

У рамках праекта актывізавалася даследчая дзей­насць навучэнцаў, тэматыку школьнікі выбіраюць краязнаўчую. Дзеці ўжо здзейснілі такія даследаванні, як “Мовай сімвалаў і знакаў, або Вывучэнне роднага краю праз геральдыку” Дзмітрыя Герасімчыка, “Краязнаўчая тэматыка санетаў Міколы Маляўкі” Маргарыты Адаміч, “Мянушка як характарыстыка асобы” Зінаіды Лосік. Па даследчай рабоце “Геаграфія франтавых дарог маіх землякоў” Маргарытай Маляўка была складзена віртуальная карта. Даследаванні юныя мікалаеўцы здзяйсняюць пад кіраўніцтвам настаўнікаў Т.Л.Каранеўскай, Н.А.Загарэўскай, І.С.Паплаўскай, А.А.Высоцкага.

Пазнаюць родны край школьнікі ў рамках праекта і з дапамогай турыстычнай дзейнасці. У школе дзейнічае турыстычна-краязнаўчае аб’яднанне. Навучэнцы разам з настаўнікамі здзяйсняюць цікавыя і пазнавальныя вандроўкі. Так, нядаўна яны адправіліся ў аднадзённы веласіпедны турыстычны паход па Стаўбцоўскім раёне. У планах — новыя падарожжы. А яшчэ ўдзельнікі аб’яднання распрацоўваюць экскурсійныя маршруты па родных мясцінах. Зінаіда Лосік, Хрысціна Ермаковіч і Артур Байкоў распрацавалі экскурсійна-турыстычны маршрут “Коласаўскі край”. Таксама была складзена карта-схема завочнага падарожжа “Сцежкамі Коласа”.

У рамках праекта праводзіцца мноства творчых мерапрыемстваў, нядаўна, напрыклад, адбыўся месячнік “Якуб Колас — наш зямляк”, які ўключаў у сябе шэраг акцый, конкурсаў, паказаў, удзельнічаючы ў якіх кожны вучань мог паўнацэнна раскрыць свае здольнасці і таленты.

Праект набірае абароты, і наперадзе яшчэ многа цікавага: дзелавыя гульні, дыспуты, віктарыны, калектыўныя творчыя справы, конкурсы, выставы, працоўныя і дабрачынныя акцыі, трэнінгі і інш. Каб кожны навучэнец Мікалаеўшчынскай школы стаў годным чалавекам і ўслед за Якубам Коласам са шчырымі пачуццямі казаў: “Мой родны кут, як ты мне мілы!..”

Дар’я РЭВА.
Фота Вікторыі ГОМЗА.