Каманда прафесіяналаў раскрывае патэнцыял сістэмы адукацыі

- 9:45"Настаўніцкай газеце" — 75

Руслан СМІРНОЎ, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама

Паважаныя сябры! Прыміце шчырыя віншаванні з 75-годдзем “Настаўніцкай газеты”. З моманту свайго стварэння выданне расказвае аб перадавых педагагічных методыках і практыках, аб галоўных дасягненнях айчыннай адукацыі. Газета стала на­дзейнай крыніцай інфармацыі для многіх пакаленняў беларускіх настаўнікаў. Яна дазваляе ім абменьвацца вопытам, дзяліцца арыгінальнымі ідэямі.

“Настаўніцкая газета” захоўвае вернасць сваім лепшым традыцыям і актыўна развіваецца. На яе старонках заў­сёды можна знайсці шмат новага і цікавага пра адукацыйныя тэхналогіі, пра тэндэнцыі ў сферы агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі. Выданне актыўна асвятляе прэстыжны конкурс “Настаўнік года Беларусі”, які з’яўляецца значнай падзеяй для ўсёй педагагічнай грамадскасці. Асабліва прыемна, што ў гэтым годзе пераможцам стаў прадстаўнік Гомельшчыны — настаўнік геаграфіі гомельскай школы № 19 Вадзім Лосеў.

Дружны калектыў газеты зрабіў выданне галоўнай пляцоўкай для раскрыцця творчага патэнцыялу педагогаў, іх прафесійнага росту, абмеркавання задач сучаснай школы. Сваімі публікацыямі вы прыцягваеце ўвагу да актуальных праблем адукацыі, а галоўнае — дапамагаеце настаўнікам удасканальваць веды і раскрываць здольнасці іх вучняў. І гэта заслугоўвае глыбокай удзячнасці. Адукоўваючы людзей, вы аказваеце непасрэдны ўплыў і на іх выхаванне.

Падабаецца, як газета расказвае пра падзеі ў рэгіёнах Беларусі. Узнікае поўнае ўяўленне пра тое, чым жывуц­ь нашы калегі ў розных кутках краіны. На Гомельшчыне апошнім часам, нягледзячы на велізарныя цяжкасці, было пабудавана, мадэрнізавана або рэстаўрыравана шмат аб’ектаў адукацыі. Гэта вынік вялікай увагі да галіны з боку кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама. Настойлівасць, дапамога і падтрымка яго старшыні Генадзя Салаўя дазволілі адкрыць школы, дзіцячыя сады, установы дадатковай адукацыі. Пра гэтыя аб’екты, развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы нашых устаноў расказвае “Адукацыйная прастора: Гомельшчына”.

Сёння “Настаўніцкая газета” — буйны выдавецкі дом, выданні якога ў розных рэгіёнах нашай краіны дапамага­юць настаўнікам удасканальвацца. Вы ніколі не зніжалі і не зніжаеце планку, захоўваеце высокую якасць тэкстаў, пісьменнасць.

Жадаю рэдакцыі па-ранейшаму радаваць чытачоў сваім прафесіяналізмам і энергіяй! Няхай у нас з вамі будзе як мага больш нагод для добрых навін! Упэўнены, вы працягнеце працаваць гэтак жа таленавіта, творча ўжываючы сучасныя тэхналогіі. Упэўнены, што вы і надалей будзеце ўвасабляць у жыццё яркія праекты. Ад шчырай душы віншую калектыў “Настаўніцкай газеты” з 75-годдзем і жадаю ўдзячных чытачоў, далейшых поспехаў у працы і рэалізацыі самых амбіцыйных планаў!

Вадзім ЛОСЕЎ, настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля, пераможца конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020”

Цяжкі і поўны выпрабаванняў шлях быў зроблены за гэтыя 75 гадоў выданнем. Я ўпэўнены, вы пачуеце велізарную колькасц­ь цёплых слоў падзякі і падтрымкі. Кампліменты і віншавальныя словы будуць сыпацца, як адзнакі ў дзённік выдатніка.

“Настаўніцкая” заўсёды была авангардным педагагічным выданнем у Беларусі, і было б крыўдна страціць свае пазіцыі з-за незваротных змен у грамадстве. Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі кожны год адваёўваюць новыя сегменты рынку і мяняюць парадыгму запатрабаванняў. Інфармацыі становіцца больш, а хуткасць яе распаўсюджвання становіцца каласальнай. У наступныя гады вас чакае яшчэ больш выпрабаванняў і выклікаў часу.

У найбліжэйшыя гады я бачу “Настаўніцкую” як прагрэсіўнае, упісанае ў глабальную прастору інтэрнэт-выданне, у якім абмяркоўваюцца апошнія навіны ў адукацыйных методыках розных краін, дзе ажыццяўляецца міжнароднае супрацоўніцтва і ёсць магчымасц­ь для педагагічнай супольнасці вырашаць сучасныя пытанні. Нельга забываць пра абмеркаванне праблем і выклікаў у нашай краіне. Абгрунтаваная і якасная крытыка, без скочвання ў “жоўтую прэсу”, дасць глыток свежага паветра новым ідэям выкладчыкаў у кожным кутку нашай краіны.

Абмен вопытам павінен адбывацца яшчэ больш дынамічна, не абмяжоўваючыся жанрам навукова-публіцыстычнага артыкула. Відэа і дыскорд-канферэнцыі, адукацыйныя падкасты, інтэрв’ю з прадстаўнікамі нашага грамадства — вось тое, што сапраўды прыцягвае ўвагу ў наш час.

Ад сябе пажадаю вам акцэнтаваць увагу на сваіх плюсах і заслугах. Сумленна і без сціпласці рэкламаваць усё лепшае, што вы стварылі за гэтыя гады. Трансфармавацца не па распараджэнні, а па волі сэрца. Я ўпэўнены, што, калі прыслухоўвацца да сябе і дзейнічаць па сумленні, перамога немінучая.

Вольга БЛАЖКО, прарэктар па вучэбнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, член рэспубліканскага Клуба “Крыштальны журавель”

Некалькі разоў мяняўся знешні выгляд газеты, мяніліся пакаленні карэспандэнтаў, але нязменнымі застаюцца актуальнасць тэм, адданасц­ь свайму чытачу, неабыякавасць да ўсяго, што адбываецца ў сістэме адукацыі.

На мой погляд, гэта і стала фірменным стылем газеты. Сёння для педагогаў гэта прызнанае аўтарытэтнае выданне. У кожным нумары не толькі навіны адукацыі, але і меркаванні па самых вострых пытаннях, метадычныя распрацоўкі, лепшыя адукацыйныя практыкі, кансультацыі па юрыдычных і сацыяльных пытаннях, навіны з рэгіёнаў і шмат чаго яшчэ.

Для мяне як прадстаўніка сістэмы дадатковай адукацыі дарослых вельмі карыснымі з’яўляюцца прадстаўленне на старонках газеты інавацыйнага вопыту работы педагагічных калектываў і асобных настаўнікаў, аналіз заданняў ЦТ і выканання іх навучэнцамі краіны. Заўсёды цікаўлюся зместам рубрыкі “Клуб “Крыштальны журавель”, дзе публікуюцца лепшыя ўзоры канспектаў вучэбных заняткаў і майстар-класаў, а таксама вопыт правядзення метадычных мерапрыемстваў.

З задавальненнем чытаю дадатак “Утульная хатка”, рубрыкі “Творчасць настаўнікаў” і “Адукацыя ў асобах”. Публікацыя “Мой фізмат” Аляксандра Радзькова знайшла вялікі водгук у маёй педагагічнай душы. З задавальненнем чытаю мабільную версію газеты ў Telegram.

Значным для нас стала адкрыццё рэгіянальнага карэспандэнцкага пункта ў Гомельскай вобласці: газета стала бліжэй да нас і можа “бачыц­ь” вачамі спецкара і асвятляць найбольш значныя для сістэмы адукацыі вобласці падзеі.

З радасцю чытаем з калегамі пра нашых педагогаў, пра таленавітых прадстаўнікоў педагагічных калектываў з іншых абласцей і сталіцы, захапляемся, калі самыя актыўныя нашы аўтары ўзнагароджваюцца “Падзякай”. Мы ўдзячны рэдакцыі за падтрымку конкурснага руху ў Гомельскай вобласці.

Віншуем вас з юбілейнай датай! Ад усёй душы жадаем калектыву газеты творчых поспехаў, натхнення і заваявання новых вяршынь! Заставайцеся цікавым, мудрым і добразычлівым суразмоўцам для нашых настаўнікаў — вашых чытачоў!

Любоў КЛЕПЧУКОВА, начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама

Многае мяняецца ў свеце, у грамадстве, вакол нас, і наша прафесійная газета не адстае, удасканальваецца, развіваецца з улікам сучасных умоў. На яе старонках сустракаемся з цікавымі, таленавітымі, неардынарнымі асобамі — педагогамі. Кожны артыкул у газеце — гэта трыбуна перадавога вопыту, цікавых ідэй у сістэме адукацыі і выхаванні падрастаючага пакалення. Для педагогаў, якія толькі пачынаюць свой шлях у прафесіі, гэта метадычная скарбонка, у якой ёсць усё: прафесіяналізм, харызма, глыбіня думак.

Сёння трапіць на старонкі газеты вельмі прэстыжна як для школьнікаў, так і для іх настаўнікаў. Даступнасць, ветлівасць, уменне выслухаць — вось што адрознівае карэспандэнтаў “Настаўніцкай газеты”. Іх прысутнасць на мерапрыемствах натхняе, надае статуснасць, падштурхоўвае да развіцця.

Мы разам з чытачамі газеты адкрываем школы, дзіцячыя сады, вучымся працаваць з бацькамі, дзецьмі-інвалідамі, з дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў. Мы ганарымся навучэнцамі — пераможцамі розных конкурсаў, алімпіяд,спаборніцтваў. Мы разам падарожнічаем па гістарычных кутках нашай Радзімы, знаёмімся з людзьмі розных прафесій.

Педагогі і навучэнцы Мазыршчыны з нецярпеннем чакаюць новых публікацый на старонках любімай газеты і самі актыўна супрацоўнічаюць з журналістам. Мне прыемна адзначыц­ь нашых педагогаў, якія актыўна супрацоўнічаюць з “Настаўніцкай”. Гэта Святлана Сліва, метадыст Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, Алена Міхед, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі імя Янкі Купалы, Алена Мазуркевіч, бібліятэкар гімназіі імя Янкі Купалы, Ала Рэчыц, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 7 Мазыра, Таццяна Усенка, метадыст Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра.

Дзякуй табе, наша любімая газета, наша трыбуна, наш куток для душы. Са святам, з 75-гадовым юбілеем віншуем калектыў газеты. Новых цікавых рубрык, знаходак, актуальных публікацый, новых форм зносін у сацыяльных сетках!