Камандзіроўка ў Сінгапур

- 15:57Навука і інавацыі

Нядаўна дэлегацыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі пабывала ў Сінгапуры дзе знаходзіцца адзін са стратэгічных партнёраў БДУІР – Наньянскі тэхналагічны ўніверсітэт. Супрацоўніцтва паміж дзвюма ўстановамі пачалося ўсяго 5 гадоў назад, але за гэты час рэалізаваны значныя навуковыя і адукацыйныя праекты. Падчас візіту беларускай дэлегацыі ў Сінгапур былі падведзены вынікі пяцігадовай сумеснай работы і намечаны новыя напрамкі супрацоўніцтва.

 

Як паведаміў рэктар БДУІР М.П.Батура, вучоныя дзвюх краін “знайшлі” адно аднаго на міжнародных канферэнцыях. Выступаючы з дакладамі, абмяркоўваючы навуковыя праблемы ў кулуарах, яны выявілі шмат кропак судакранання і прыйшлі да неабходнасці больш цеснага ўзаемадзеяння.
Маштабнае супрацоўніцтва пачалося ў жніўні 2008 года, калі дэлегацыя БДУІР на чале з рэктарам прыняла ўдзел у беларуска-сінгапурскім семінары па нанаматэрыялах і нанатэхналогіях. Рэктар БДУІР М.П. Батура і кіраўнік Цэнтра ўзаемадзеяння з навукова-тэхнічнымі праграмамі Еўрасаюза БДУІР акадэмік У.А. Лабуноў разам з беларускім аспірантам у Наньянскім тэхналагічным універсітэце. Той жа восенню быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве БДУІР і Наньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта на тры гады з аўтаматычным прадаўжэннем (калі бакі пісьмова не заявяць аб выхадзе з дагавора).
Зразумела, што з таго часу супрацоўніцтва двух універсітэтаў толькі ўмацоўвалася. За няпоўных 5 гадоў Наньянскім тэхналагічным універсітэтам было аформлена 35 камандзіровак для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і прафесуры БДУІР дзеля навучання, правядзення навуковых даследаванняў і чытання лекцый (усё — за кошт прымаючага боку). БДУІР у сваю чаргу прыняў 9 дэлегацый з Сінгапура. Універсітэты вядуць сумесныя навуковыя даследаванні ў галіне нанаэлектронікі і нанатэхналогій, а таксама дысплэйных тэхналогій.

“Няньянскі тэхналагічны ўніверсітэт мае самую сучасную тэхнічную базу, абсталяванне, тэхналогіі, мноства навуковых ідэй, але яму патрабуюцца дадатковыя інтэлектуальныя рэсурсы для рэалізацыі гэтых ідэй з выхадам на патэнты і вынаходствы, — гаворыць рэктар БДУІР М.П.Батура. — У нас, наадварот, ёсць значныя інтэлектуальныя рэсурсы, але не хапае дарагога абсталявання. Таму супрацоўніцтва вельмі выгаднае абодвум бакам і плён сумеснай работы відавочны. Так, за няпоўных 5 гадоў вучонымі, аспірантамі і магістрантамі двух універсітэтаў былі надрукаваны 20 сумесных навуковых артыкулаў, прычым у часопісах з вельмі высокім імпакт-фактарам, зроблена каля паўсотні сумесных дакладаў на міжнародных навуковых канферэнцыях, выдадзены падручнік па нанаэлектроніцы. Наньянскі тэхналагічны ўніверсітэт з’яўляецца суарганізатарам Міжнароднай канферэнцыі па фізіцы, хіміі і прымяненні нанаструктур “Nanomeeting”, якая з 2011 года праходзіць на базе БДУІР”.
Такія вынікі пераканалі прадстаўнікоў дзвюх краін, што напрамкі супрацоўніцтва трэба пашыраць. Таму, акрамя вучоных у галіне нанаэлектронікі і нанафатонікі, мікраэлектронікі, дысплэйных тэхналогій (па якіх ужо вядуцца сумесныя даследаванні), у Сінгапур паехалі спецыялісты БДУІР у галіне інфармацыйных тэхналогій, абароны інфармацыі, стварэння праграмуемых апаратных устройстваў і г.д. І ўсе прапанаванні беларускага боку выклікалі вялікую цікавасць у азіяцкіх калег.
“Наша знаходжанне ў Сінгапуры доўжылася 5 дзён, — расказвае Міхаіл Паўлавіч Батура. — У першыя два дні мы падводзілі вынікі сумеснай работы апошніх гадоў, а потым два дні абмяркоўвалі, у якім напрамку будзе развівацца супрацоўніцтва двух універсітэтаў у будучыні. Нашы інтарэсы ў многім супалі, і на пяты дзень загадчыкі кафедраў, прафесары вялі перамовы ўжо аб канкрэтных праектах”.
Вядома, усе праекты будуць дэталёва прапрацоўвацца, але ўжо зараз кіраўніцтва Наньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта выказала гатоўнасць прымаць магістрантаў, аспірантаў і прафесуру БДУІР на больш працяглыя тэрміны (напрыклад, у магістратуру — на год і ў аспірантуру — на тры гады). Мяркуецца, што гэта прывядзе да больш высокага навуковага выніку.

У 2013—2014 гадах Наньянскі тэхналагічны ўніверсітэт плануе запрасіць як мінімум 9 магістрантаў і аспірантаў БДУІР для ўключанага навучання. Так, у ліпені адбудзецца набор у магістратуру, а ў жніўні група магістрантаў накіруецца ў Сінгапур, гэтак жа ў кастрычніку адбудзецца набор у аспірантуру, а ў студзені — ад’езд на навучанне ў Сінгапур.
“Мы дамовіліся, што для магістрантаў і аспірантаў будзе прызначацца навуковы кіраўнік прафесар з БДУІР і навуковы кіраўнік прафесар з Няньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта, — тлумачыць М.П.Батура. — У працэсе навучання будзе ўдакладняцца заданне, напрамак развіцця даследавання з арыентацыяй на канчатковы вынік — абарону дысертацыі. Прычым абарона павінна адбыцца двойчы — у Сінгапуры (на англійскай мове), і ў Беларусі”.
Адметна, што пазіцыя сінгапурскага боку цалкам супадае з беларускай: усе магістранты, аспіранты і спецыялісты пасля завяршэння праграмы навучання абавязаны вярнуцца на радзіму.
“У нас ужо ёсць спіс студэнтаў, якія ў гэтым годзе заканчваюць універсітэт і маюць намер паступаць у магістратуру, — расказвае Міхаіл Паўлавіч. — І тыя з іх, хто працуе ў адпаведных напрамках, змогуць паехаць па праграмах уключанага навучання ў магістратуру Наньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Як будзе выбудоўвацца траекторыя іх навучання — пакажа практыка. Магчыма, частку навучання яны пройдуць там, а частку — у нас. Усё будзе залежаць ад вынікаў кожнага канкрэтнага магістранта (гэта ж тычыцца і аспірантаў)”. Усе сустрэчы беларускіх і сінгапурскіх калег праходзілі ў нязмушанай добразычлівай абстаноўцы.

Безумоўна, работа ў Сінгапуры будзе вельмі эфектыўнай, хоць і няпростай для кожнага канкрэтнага магістранта і аспіранта. Яна мае на ўвазе сістэматычную напружаную дзейнасць. Напрыклад, у Наньянскім тэхналагічным універсітэце ставіцца задача кожны год атрымліваць такія вынікі, каб друкаваць як мінімум два артыкулы ў значных навуковых часопісах. Зразумела, дзеля такога выніку трэба вельмі шмат працаваць, але гэта бясцэнны вопыт для маладых навукоўцаў.

У канцы мая ў БДУІР пройдзе Міжнародная канферэнцыя па фізіцы, хіміі і прымяненні нанаструктур “Nanomeeting-2013”, і для ўдзелу ў ёй у Мінск прыбудзе група вучоных з Сінгапура. Плануецца, што члены сінгапурскай дэлегацыі сустрэнуцца са студэнтамі і магістрантамі БДУІР, зацікаўленымі ў навучанні ў аспірантуры Наньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Жадаючыя змогуць прайсці тэсціраванне па матэматыцы і англійскай мове, а таксама пагутарыць з кіраўнікамі асноўных напрамкаў навуковых даследаванняў.
У папярэднія гады прафесары Наньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта нязменна адзначалі высокі ўзровень ведаў студэнтаў і магістрантаў БДУІР. І відавочна, што ў многім дзякуючы іх таленту і працавітасці колькасць моладзі, якая запрашаецца на навучанне ў Сінгапур, павялічваецца.

А ўвогуле, супрацоўніцтва БДУІР з Наньянскім тэхналагічным універсітэтам таму і прыносіць такі высокі вынік, што ў ім задзейнічаны розныя групы людзей: студэнты, магістранты, аспіранты, прафесура. Разам яны закладваюць грунт для таго, каб супрацоўніцтва вялося не толькі на ўзроўні пэўных праектаў, а стала стратэгіяй двух універсітэтаў і мела доўгатэрміновы вынік.

Галіна СІДАРОВІЧ.

sidarovich@ng-press.by